Курс — на залаты медаль

Общество

Дзесяцікласніца СШ №5 Ірына Паўлава — ўдзельніца і пераможца школьных алімпіяд па розных прадметах. Сёлета на “вобласці” яна ўдастоена дыплома другой ступені па беларускай мове, у раёне пацвердзіла добрыя веды па рускай і англійскай. Аднак гуманітарыем сябе не лічыць. Ёй аднолькава падабаюцца матэматыка і біялогія, хімія і геаграфія… Да кожнага ўрока рыхтуецца максімальна адказна. Таму і не дзіўна, што вучыцца пераважна на дзясяткі і ідзе на залаты медаль.

—            Ірына, які прадмет самы любімы?

—            Я прысвячаю дастаткова шмат часу кожнаму прадмету, і кожны вельмі падабаецца. Калі прыходжу са школы дадому, амаль адразу саджуся за падручнікі і да вечара з імі не расстаюся. Гэта выключна мой выбар. Бацькі ніколі не ставілі перада мной недасягальных мэт, не вельмі кантралявалі вучобу, не патрабавалі быць выдатніцай. Проста мне цікава ўсё.

—            Раскажы пра свае першыя сур’ёзныя поспехі на алімпіядах.

—            У восьмым класе заняла першыя месцы ў раённых алімпіядах па рускай, беларускай мовах і працоўным навучанні. На “вобласць” упершыню паехала менавіта па працоўным навучанні. Алімпіяда па гэтым прадмеце вельмі адрозніваецца ад усіх іншых. Яна праходзіць у тры этапы: патрабуецца стварыць выраб на месцы і напісаць яго тэхналагічную карту, прадставіць хатнюю нарыхтоўку, адказаць на тэарэтычныя пытанні. Тады заняла першае месца, яшчэ праз год — другое. Паспяхова выступіла і на рэспубліканскім этапе. Безумоўна, хвалявалася. Бясцэннымі былі падтрымка і дапамога настаўніцы працоўнага навучання Інэсы Іванаўны Турла.

—            Як ацэньваеш сёлетні вынік?

—            Па беларускай мове ў раёне заняла першае месца. У абласной алімпіядзе на высокі вынік не разлічвала: заданні былі няпростымі, і гэта прызнала само журы. Таму дыплом другой ступені стаў для мяне вельмі прыемнай нечаканасцю. Да  алімпіяды рыхтавалася шмат. За кнігамі прайшлі ўсе зімовыя канікулы. Аднак гэта не абцяжарвала. Я атрымліваю асалоду ад вывучэння роднай мовы і люблю ў яе “пагружацца”. Усе пяць дзён алімпіяды мы размаўлялі выключна на беларускай мове, нават у пакоях, дзе жылі. З аднагодкамі дзяліліся ўражаннямі ад прачытаных твораў, рэкамендавалі адна адной кнігі. Гэта натхняе, акрыляе на далейшае вывучэнне прадмета, у тым ліку і самастойнае.

—            Ужо вызначылася з будучай прафесіяй?

—            Пакуль не. Бачу, што многія людзі  ходзяць на работу, якая ім зусім не даспадобы. Лічу, што гэта здзек над сабой. Мару, каб мая прафесія прыносіла задавальненне, была яркай і ненадакучлівай.

—            У чым аснова тваёй паспяховай вучобы?

—            99 працэнтаў любога поспеху — у стараннасці, самадысцыпліне. Прычым не важна, дзе ты жывеш і вучышся.  І з сельскіх школ дзеці паказваюць вунь якія высокія вынікі — і на абласных этапах перамагаюць, і на рэспубліканскіх. Калі насамрэч чагосьці хочаш, то не дапускаеш думкі: я не змагу, у мяне не хопіць на гэта часу. Ёсць мэта — знойдуцца і сілы на яе рэалізацыю.

Вельмі люблю сваю родную школу. Тут надзвычай камфортна, і думкі пра пераход, скажам, у гімназію не дапускала, хаця бацькі прапаноўвалі. Кіраўніцтва, педагогі — выдатныя. Яны вучаць і жыццю. Мой класны кіраўнік, настаўніца беларускай мовы Раіса Генадзьеўна Кашко стала для мяне сапраўды другой мамай, прыкладам у многіх справах.

—            Ці “сябруеш” з сацыяльнымі сеткамі?

—            Чым старэйшай станаўлюся, тым больш ад іх адмаўляюся. Заходжу толькі для таго, каб знайсці канкрэтную інфармацыю, а не проста заняць час. Мне шкада марнаваць яго ўпустую. А гэта цяпер сапраўды праблема. Многія “губляюцца” ў сеціве і, на жаль, гэтага не прызнаюць. Хаця не лічу, што сёння, у 21 стагоддзі, мы павінны адмаўляцца ад інтэрнэта — гэта крыніца карыснай і даступнай інфармацыі. Але ва ўсім павінна быць мера.

—            Чым займаешся ў вольны час?

—            Вучуся граць на гітары, люблю праводзіць час з сябрамі, займацца рука­дзеллем, у прыватнасці вязаць кручком, рабіць паштоўкі… Захапляюся фатаграфіяй, штогод удзельнічаю ў фотаконкурсе “Свет вакол нас”, які некалькі гадоў запар арганізоўваў пастаўскі фотаклуб “Светосила”. Цікавяць спорт, псіхалогія.

У мяне ёсць мара: калі паступлю вучыцца ў вялікі горад, абавязкова працягну займацца танцамі. Я ўжо скончыла музычную школу па класе харэаграфія. Вучылася шэсць гадоў, ухіл быў на народныя танцы. Хацела б займацца сучаснымі. Пераканана, што сумяшчаць усё можна. Варта толькі правільна расставіць прыярытэты.

Гутарыла Іна СНЯЖКОВА.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.