Марафон па эпохах і стылях


24 студзеня на працягу трох гадзін канцэртную залу Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза перапаўняла гучная жывая музыка, якую можна было пачуць нават на вуліцы. Тут праходзіў фестываль вакальна-інструментальных ансамбляў “Па хвалі нашай памяці, ці Зноў у СССР”, арганізаваны гарадской рок-студыяй групы “Скіфы”. Акрамя гэтага ВІА, удзельнікамі мерапрыемства сталі ансамбль “Вольны стыль” з г. Ваўкавыска Гро­дзенскай вобласці і нашы землякі з Браслава — калектыў “С-4”.

Фестываль сабраў нямала прыхільнікаў рока і рок-н-рола, якія пражываюць у Паставах. Прыйшлі на яго і тыя, каму проста блізкая музыка 70—80-ых гадоў мінулага стагоддзя, бо на гэты перыяд выпала іх маладосць. Таксама ў зале дзе-нідзе сустракаліся зусім юныя твары. Гэтых асоб на канцэрт прывяла, хутчэй за ўсё, банальная цікаўнасць.

На правах гаспадароў адкрылі фестываль ­удзельнікі ВІА “Скіфы”. Сваё падарожжа ў мінулае яны пачалі са шлягера 70-ых вядомай англійскай групы “Смокі” — песні «Эліс», якая прагучала ў рускім варыянце. Пазней “Скіфы” выканалі яшчэ адну кампазіцыю названага калектыву — “What can i do”. На яе матыў кіраўнік ансамбля В. Верацельнікаў напісаў уласны тэкст. Таксама ў перакладзе на рускую мову слухачы пачулі “Мадэмуазель спявае блюз” Патрысіі Каас. Заходнія рытмы чаргаваліся з айчыннымі — песнямі “Каракум” групы “Яла”, “Дзяўчынка сёння ў бары” Юрыя Лазы перыяду рокерскай маладосці. У свет 80-ых перанеслі кампазіцыі “Міражу” і Віктара Цоя. А сучасную музыку прадставілі творы папулярнай спявачкі Наргіз “Ты мая пяшчота”, груп “А-студыё” і “Муракамі”. За кожны гледачы дзякавалі музыкантам апладысментамі, ве­лікадушна даруючы агрэхі ў выкананні.

Але асаблівых апладысментаў і воклічаў “брава” заслужылі госці з Ваўкавыска — група “Вольны стыль”, якая нядаўна змяніла назву на “Дэжа вю”. Прыемна ўразіў іх высокі прафе­сійны ўзровень: добрае валоданне інс­трументамі, асабліва саліста, які віртуозна грае на гітары, зладжанасць гучання і чысціня вакалу. Яны парадавалі прысутных у зале кампазіцыямі з рэпертуараў Ігара Саруханава, Гарыка Сукачова, груп “Рускія”, “Маральны кодэкс” і іншыя.

Апошнім сваю праграму прадставіў калектыў з Браслава “С-4”, які, мяркуючы па падборы песень, аддае перавагу цяжкаму року. Пасля яго выступлення самыя стойкія гледачы, якія вытрымалі трохгадзінны музычны марафон па эпохах і стылях (а ў канцэрце прагучалі творы ўсіх напрамкаў — ад блюза да рок-н-рола) і не пакінулі залу, змаглі сфатаграфавацца з артыстамі, падзяліцца з імі сваімі ўражаннямі ад канцэрта і пагаварыць пра музыку.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.