Наперакор патрабаванням


Нягледзячы на вялікую работу, якая праводзіцца па прапагандзе бяспечнай эксплуатацыі аб’ектаў газаразмеркавальнай сістэмы і газа­спажывання, і насуперак патрабаванням нарматыўных дакументаў, карыстальнікі газу працягваюць дапускаць парушэнні.

Так, 22 красавіка 2015 года ў міжраённае вытворчае ўпраўленне “Рэчыцаміжрайгаз” паступіла інфармацыя з МНС Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці пра выбух газапаветранай сумесі ў чатырохпавярховым жылым доме ў пасёлку Зарэчча. 8 чэрвеня 2015 года ў г. Орша загарэлася газапаветраная сумесь на кухні аднапакаёвай кватэры ў дзевяціпавярховым жылым доме па вуліцы “60 гадоў БССР”, па папярэдняй версіі — з-за курэння абанента ў загазаваным памяшканні. Пацярпелы з апёкамі быў дастаўлены ў бальніцу. Прычынай здарэнняў у абодвух выпадках стала парушэнне абанентамі правілаў карыстання газам у быце — яны пакінулі без нагляду газавыкарыстальнае абсталяванне, якое працавала.

19 ліпеня мінулага года ў аграгарадку Тэўлі Кобрынскага раёна ў блочным будынку летняй кухні ў двары аднаго з дамоў адбыўся выбух газапаветранай сумесі. У выніку яго развалілася сцяна будынка, было пашкоджана шкло ў вокнах, і загінуў чалавек. Прычына выбуху — самавольнае падключэнне газавага балона да газавай пліты.

Нагадаем, што ў пункце 42.2 Праві­лаў карыстання газам у быце сказана: “Забараняецца пакідаць без нагляду газавыкарыстальнае абсталяванне, якое працуе, акрамя разлічанага на бесперапынную работу і абсталяванага аўтаматыкай бяспекі”.

Перад газавай плітой, катлом або калонкай стаіць устройства для адключэння, якое трэба перакрываць, калі абсталяванне не працуе. Вы скажаце, што зараз вырабляецца і эксплуатуецца шмат газавыкарыстальных прыбораў, абсталяваных аўтаматыкай бяспекі, якая пры неабходнасці адключыць прыбор. Так, у гэтых выпадках дапускаецца перыядычны кантроль, але яго ні ў якім разе не трэба блытаць з бескантрольнасцю. А вось газавую пліту наогул нельга пакідаць без пастаяннага нагляду, бо гэта можа прывесці да няшчаснага выпадку. Самае бяскрыўднае — падгарыць ежа ў каструлі, а там недалёка і да пажару. Таму, каб пазбегнуць трагедыі, адыходзячы з дома, перакрывайце газ.

С. КРЫШТАФОВІЧ,

галоўны інжынер Пастаўскага раёна газазабеспячэння.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.