Не проста механічная праца, а творчы працэс

Личности

Яшчэ тады, калі не ўмела вымаўляць літару «р», на пытанне дарослых, кім хоча стаць, Анастасія Ляпіліна нязменна адказвала: «Паликмахелам». Яе мара здейснілася — дзяўчына ўжо сёмы год працуе ў цырульні райбыткамбіната.

У дзяцінстве мне падабалася назіраць, як пасля наведвання цырульніка перайначваецца мая мама. Напэўна, таму гэта прафесія ўяўлялася творчай, а яе ўладальнік — здольным змяніць вобраз чалавека, зрабіць яго прыгожым, — дзялілася Анастасія. — Паспрабаваць свае сілы ў цырульніцкім майстэрстве змагла яшчэ ў школе, калі пастрыгла сяброўку. Тады ўпершыню пачула, што ў мяне лёгкая рука.

Праўда, аднойчы Анастасія ўсё ж усумнілася ў правільнасці свайго выбару. Гэта было падчас вучобы ў Віцебскім індустрыяльна-педагагічным каледжы, дзе яна паўгода асвойвала асновы цырульніцкага майстэрства па накіраванні цэнтра занятасці. Вучыцца было цікава, вельмі падабаліся выкладчыкі. Але калі ад тэорыі спатрэбілася перайсці да практыкі, з’явіўся страх, ды такі моцны, што не магла падысці да кліентаў (недахопу ў іх не было, паколькі вучаніцы, каб «набіць» руку, абслугоўвалі бясплатна). Але здолела сябе перасіліць і ўжо больш ніколі не пашкадавала аб выбары прафесіі.

Яшчэ тры месяцы практыкі чакалі дзяўчыну ў цырульні райбыткамбіната, пасля якой Насця павінна была адправіцца працаваць у сельскую мясцовасць. Але адораная практыкантка спадабалася былой загадчыцы цырульні Галіне Мікалаеўне Петух, і яна не захацела адпусціць перспектыўнага работніка. Менавіта дзякуючы ёй Анастасія Ляпіліна засталася працаваць у горадзе. Асвоіцца ў прафесіі дапамагаў увесь калектыў, а асабліва цырульнік Тэрэза Лосік, якая нават кідала сваю працу, каб дапамагчы маладому спецыялісту. Спачатку Анастасія шчыравала ў мужчынскай зале, а калі вызвалілася месца ў жаночай, перайшла туды.

— Захацелася разнастайнасці, а ў мужчынскай зале адны і тыя ж стрыжкі — пад бокс, паўбокс, канадка, нагала. Тут жа ёсць магчымасць для палёту фантазіі. Да таго ж жанчыны любяць зносіны, з імі ніколі не засумуеш, — расказвала дзяўчына. — Асноўная работа — стрыжкі. У апошні час жанчыны сталі часцей фарбаваць валасы ў цырульні: нядорага, не трэба вазіцца з фарбай, заўсёды добры вынік. Карыстаюцца папулярнасцю біязавіўка і доўгачасовая ўкладка.

Таксама ў модзе асіметрычныя стрыжкі, градуіраванае карэ, каларыраванне і меліраванне. Аднак, нягледзячы на некаторыя тэндэнцыі, кожная жанчына хоча выглядаць непаўторна, пры дапамозе прычоскі падкрэсліць вартасці знешнасці.

— Адны прыходзяць з уласнымі прапановамі, іншыя давяраюць густу цырульніка. Так і кажуць: «Рабіце што заўгодна, але каб я выйшла адсюль прыгожай». Гэта прыемна і адначасова адказна. Бо для мяне гэта не проста механічная праца, а творчы працэс, — працягвала Анастасія. — Заўсёды цікава назіраць, як змяняецца чалавек. І калі чаканні кліента апраўдаліся, яму спадабаўся новы вобраз, застаўся задаволены вы­нікам, адразу падымаецца настрой, за спінай вырастаюць крылы.

Асаблівы наплыў наведвальнікаў прыпадае на вясну, калі разам з прыродай у жанчын абу­джаецца жаданне выглядаць яшчэ больш прывабна. Тады ў цырульніка няма ні адной вольнай хвіліны. Скардзіцца на адсутнасць кліентаў Насці не даводзіцца нават у міжсезонне: ёй ледзь удалося знайсці вольны ад папярэдняга запісу наведвальнікаў час, каб сустрэцца са мной. І ўсё роўна размаўляць прыйшлося ў прысутнасці яе пастаяннай кліенткі, якая раз-пораз захаплялася майстэрствам і залатымі рукамі Анастасіі. Да цырульніка запісваюцца не толькі жанчыны, але і мужчыны, якія памятаюць яе па рабоце ў мужчынскай зале, прыхо­дзяць сябры і знаёмыя. Кажа, шмат новых кліентаў з’явілася два гады таму, калі заняла трэцяе месца ў намінацыі «Модная стрыжка з укладкай» у абласным конкурсе па цырульніцкім майстэрстве, які раз у два гады праводзіць упраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва Віцебскай вобласці і пра які расказвалі мясцовыя і абласныя СМІ.

— Прыняць удзел у конкурсе пераканала загадчыца цырульні Тамара Аркадзьеўна Бялянка, і я не пашкадавала, што прыслухалася да яе парады. Конкурс узбагаціў новымі ведамі, надаў упэўненасці ў сваіх сілах, па яго вы­ніках мне прысвоілі 5-ы разрад, — гаварыла А. Ляпіліна.

Цырульніцкае мастацтва не стаіць на месцы: з’яўляюцца новыя тэхналогіі, напрамкі, тэндэнцыі, прадукцыя. Даведацца пра іх дазваляюць майстар-класы, што праводзяцца на базе цырульні. Таксама Насця сочыць за навінкамі ў інтэрнэце: глядзіць ві­дэаўрокі, падпісалася на навіны спецыялізаваных груп у сацсетках. А ўсе яе намаганні акуплівае шчаслівая ўсмешка кліента, калі той любуецца сваім адлюстраваннем у люстэрку.

Тэкст і фота

Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.