Падарылі музею Зорку Героя

Общество

Дырэктар музея Р. Л. Курачэнка, А. В. Асяненка і Р. В. Падгол.

31 студзеня споўнілася  сто гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка Героя Сацыялістычнай Працы Васіля Мікалаевіча Асяненкі. У гэты дзень яго сын Аляксандр і дачка Рыма наведалі раённы краязнаўчы музей і падарылі яму даваенныя фатаграфіі, розныя дакументы, рукапісы, Грамату і залаты медаль «Серп і Молат» Героя Сацыялістычнай Працы бацькі.

Варта ўзгадаць біяграфію В. М. Асяненкі. Ён нарадзіўся ў вёсцы Ліпнікі Пастаўскага раёна. Працаваць пачаў у 12-гадовым узросце. Пасвіў скаціну, батрачыў, працаваў на будаўніцтве, шчапаў камяні. З прыходам Савецкай улады быў агітатарам, служыў у Чырвонай гвардыі. У 1940-ым уступіў у камсамол, працаваў інструктарам аддзела запі­саў актаў грамадзянскага стану Вілейскага абласнога ўпраўлення НКУС, быў абраны дэпутатам Пастаўскага раённага Савета.

Вялікая Айчынная вайна застала Васіля ў Полацку.  Па рашэнні Вілейскага абкама партыі яго пакінулі ў тыле ворага для разгортвання партызанскай барацьбы. Быў разведчыкам, потым — намеснікам камандзіра партызанскага атрада імя Суворава, пазней  — камандзірам атрада «Слава» партызанскай брыгады імя Варашылава.  Адначасова з красавіка 1942 года па ліпень 1944-га ўзначальваў Пастаўскі падпольны райкам камсамола. У 1944 годзе ўступіў у члены КПСС. За праяўленыя доблесць і мужнасць у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны І ступені і медалём «Партызану Айчыннай вайны» І ступені.

Пасля вайны Васіль Мікалаевіч закончыў міжабласную савецка-партыйную школу ў Паставах. З 1945 па 1955 год працаваў  намеснікам старшыні Пастаўскага, старшынёй Астравецкага і Вілейскага райвыканкамаў. Адначасова вучыўся ў  Рэспубліканскай партыйнай і Вышэйшай партыйнай  школах пры ЦК КПСС. З 1958 года — першы сакратар Дунілавіцкага, а з 1962-га — Глыбоцкага райкама партыі. Пазней  быў абраны старшынёй партыйнай камісіі пры Віцебскім абкаме КПБ, з’яўляўся членам Цэнтральнага камітэта КПБ, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР.

Ганаровае званне Героя Сацыялістычнай Працы прысвоена ў 1966 годзе за поспехі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці падчас працы першым сакратаром Глыбоцкага райкама КПБ. Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, медалямі.

Дзеці В. М. Асяненкі Рыма Васільеўна Падгол і Аляксандр Васільевіч самі выйшлі на сувязь з Пастаўскім раённым края­знаўчым музеем і прапанавалі перадаць у яго фонды некаторыя рэчы бацькі. Абое жывуць у Віцебску. Яна загадвае арганізацыйна-метадычным кабінетам абласной стаматалагічнай паліклінікі, ён — архітэктар у прыватнай праектнай фірме. Бацька ўжо даўно пайшоў з жыцця, але яны захоўваюць памяць пра яго, берагуць асабістыя рэчы.

У нашым музеі таксама шмат асабістых рэчаў Васіля Мікалаевіча. Гэта рукапісы, дакументы, друкаваныя выданні, фота­здымкі і іншыя. На жаль, з-за абмежаванасці плошчы яны не могуць экспанавацца пастаянна, але ў нядзелю дзеці В. М. Асяненкі маглі ўбачыць іх на часовай экспазіцыі. Яны з трапятаннем гарталі дзён­нікі, фатаграфавалі рэдкія дакументы. Потым прызналіся, што некаторыя з іх убачылі ўпершыню.

— З кожным днём усё далей і далей адыходзіць ад нас савецкая эпоха. Яе героі камусьці здаюцца неактуальнымі і нават непатрэбнымі. Падрасло новае пакаленне, якое нічога не ведае пра тую пару і тых людзей, — гаварыла падчас сустрэчы старшы навуковы супрацоўнік музея Таццяна Гвідонаўна Гарошка. —  Між тым, Васіль Мікалаевіч Асяненка варты памяці і павагі чалавек і грамадзянін. Ён жыў, змагаўся  і працаваў на карысць роднай зямлі ў складаныя ваенныя і  пасляваенныя часы, рабіў усё, што ад яго залежала, каб навакольны свет быў лепшым.

Але ёсць і тыя, хто стараецца перапісаць гісторыю, мяркуе пра тое, чаго сам не ведае. Дзеці Васіля Мікалаевіча расказалі, што выпадкова натрапілі ў інтэрнэце на адну публікацыю, у якой іх бацька прадстаўлены крывавым катам. Аўтар сцвярджае, што В. М. Асяненка, працуючы ў Вілейскім НКУС, расстрэльваў у падвалах лю­дзей. А насамрэч ён быў звычайным супрацоўнікам ЗАГСа, які, як і многія іншыя ўстановы, уваходзіў у структуру народнага камі­сарыята ўнутраных спраў.

— У жыцці тата быў вельмі простым і чулым, прыстойным чалавекам, ніколі не ставіў сябе вышэй за іншых. Паколькі яго праца была звязана з сельскай гаспадаркай, шмат ездзіў па раёне. Часам у выхадныя і святочныя дні браў з сабой і мяне, — успамінала Рыма Васільеўна. — Яго ўсе ведалі, і ён таксама ведаў практычна ўсіх, меў зносіны з людзьмі на роўных. Да прыкладу, калі мы жылі ў Варапаеве, наш дом быў насупраць пажарнай часці. Тата хадзіў гуляць у шахматы з пажарнымі, не выхваляўся сваёй пасадай.

Сям’я (у ёй было чацвёра дзяцей. Сын Мікалай трагічна загінуў у 10-гадовым узросце. Малодшая дачка Людміла працуе ўрачом-імунолагам у Маскве) жыла вельмі сціпла, не карысталася ні жыллёвымі, ні іншымі прывілеямі — гэта лічылася ганебным. Самы вялікі дом (30 квадратных метраў) мелі ў Глыбокім, а першы тэлевізар купілі толькі ў канцы 60-х гадоў. Да гэтага хадзілі гля­дзець тэлеперадачы на пошту. Затое ў сям’і панавалі любоў і павага. Жонка Васі­ля Мікалаевіча заўсёды ласкава называла яго Васі­лёк, ён вельмі клапаціўся пра родных. Дзеці да гэтага часу захоўваюць ручную швейную машынку, якую бацька купіў у падарунак іх маме ў Мінску ў 1947 годзе.

— У першыя пасляваенныя гады ў нас часта збіраліся партызаны, шмат размаўлялі, спявалі песні. Многія заставаліся на начлег. А мы, дзеці, былі ў захапленні ад таго, што нам слалі для сну кажухі пад сталом, — успамінаў Аляксандр Васільевіч. — Тата вельмі любіў збіраць грыбы, выдатна арыентаваўся нават у незнаёмым лесе. Часта жартаваў з намі. Знойдзе грыбы, пастукае нажом па вядры са словамі: «Гэй, грыбы, да мяне!». Потым кажа: «Бачыце, ужо і прыйшлі».

У дзяцінстве Васіль Мікалаевіч скончыў усяго чатыры класы царкоўна-парафіяльнай школы, але ўсё жыццё вучыўся, развіваўся, любіў чытаць. Скончыў Маскоўскую вышэйшую партыйную школу з адной чацвёркай па пісьмовым экзамене па рускай мове — у словазлучэнні Камуністычная партыя напісаў звычайную вялікую літару «К», а не з віньеткамі, як тады гэта патрабавалася.

Прымаючы дар ад дзяцей нашага славутага земляка, дырэктар музея Раіса Леанідаўна Курачэнка не магла стрымаць хвалявання. Гаварыла, што ведае, якія гэта дарагія і каштоўныя для іх рэчы, таму супрацоўнікі ўстановы бязмежна ім удзячныя за падарунак. Да гэтага часу ў раённым краязнаўчым музеі захоўвалася толькі адна такая высокая ўзнагарода — медаль «Залатая Зорка» Героя Савецкага Саюза Васіля Аляксеевіча Сідарэнкі.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ. Фота аўтара і з фондаў музея.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.