Падвялі вынікі, адкрылі Год культуры


Т. М. Петух, Г. М. Чаплінская і К. В. Грэська.

12 лютага адбылася выніковая калегія галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. На ёй былі агучаны вынікі работы сферы культуры рэгіёна, ідэалагічнай вертыкалі, СМІ і паліграфічных прадпрыемстваў, названы дасягненні і недапрацоўкі, вызначаны задачы на бягучы год.

Пачалося мерапрыемства з выступлення сімфанічнага аркестра абласной філармоніі, якое афіцыйна адкрыла Год культуры на Віцебшчыне. Гле­дзячы на суладнае і хвалюючае выкананне музычнага калектыву, немагчыма было ўявіць, што яшчэ некалькі гадоў таму яго стварэнне стаяла пад пытаннем.

— Нягледзячы на складаны ў фінансавым плане час, галіна культуры працягне сваё развіццё. Бо калісьці мы таксама толькі марылі, што ў Віцебску з’явіцца свой сімфанічны аркестр, а цяпер яго выступленні сталі традыцыйнымі, — адзначыў у сваім прывітанні намеснік старшыні аблвыканкама Уладзі­мір Уладзі­міравіч Цярэнцьеў. — Упэўнены, што наша вобласць годна прадставіць свае таленты ў Год культуры, невыпадкова ж Віцебск называюць культурнай сталіцай Беларусі. Жадаю ўсім творчага натхнення.

Пад гучныя апладысменты У. У. Цярэнцьеў уручыў прэміі абласнога Савета дэпутатаў 16-ці таленавітым дзяўчынкам і хлопчыкам Прыдзвіння, якія летась сталі пераможцамі міжнародных і рэспубліканскіх конкурсаў. Сярод узнагароджаных і дзве пастаўчанкі — Аляксандра Палкіна і Марыя Міхайлава, якія зараз вучацца ў Віцебскім дзяржаўным музычным каледжы імя І. І. Салярцінскага.

Культурнай спадчынай таксама з’яўляецца і нацыянальная кухня. Пакаштаваць спрадвечна беларускую ежу ўдзельнікі калегіі мелі магчымасць у холе філармоніі, дзе  разнастайныя стравы прэзентавалі раённыя клубы нацыянальнай кухні.

Афіцыйнае адкрыццё Года культуры атрымалася яркім і відовішчным. Наперадзе такія ж захапляльныя і маштабныя мерапрыемствы. Сёлета сваё 25-годдзе святкуе Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», 90 гадоў споўніцца Нацыянальнаму акадэмічнаму тэатру імя Якуба Коласа, адзначыць 30-годдзе заслужаны калектыў рэспублікі «Беларускі тэатр лялек», пройдуць сотні канцэртаў, выстаў, спектакляў, літаратурных чытанняў, кінапрэм’ер і іншых значных мерапрыемстваў. Дзяржпадтрымку акажуць прафесійнаму мастацтву, народнай і самадзейнай творчасці, бібліятэкам і навучальным установам.

Пра тое, як у 2015 годзе працавалі ўстановы культуры Віцебшчыны, расказала намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Ларыса Канстанцінаўна Аленская. Яна адзначыла, што культработнікі прынялі актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, мерапрыемствах, прысвечаных 70-годдзю Вялікай Перамогі, фестывалі «Славянскі базар у Віцебску», фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі». У зоне асаблівай увагі знаходзіліся пытанні эканамічнага развіцця галіны, умацавання матэрыяльнай базы ўстаноў культуры, захавання гісторыка-культурнай спадчыны, развіцця прафесійнай і народнай творчасці.

— Сёлета ўсе напрамкі дзейнасці атрымаюць далейшае развіццё, — запэўніла Л. К. Аленская. — Чакае сур’ёзная работа па выкананні асноўных паказчыкаў дзяржпраграмы «Культура Беларусі на 2016—2020 гады», праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця вобласці, мерапрыемстваў па правядзенні Года культуры.

Таксама плануецца працягнуць работу па інтэграцыі сельскіх бібліятэк з бібліятэкамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, стварыць установы культуры змешанага тыпу, у сельскай мясцовасці арганізаваць абслугоўванне насельніцтва мабільнымі ўстановамі культуры (аўта­клубамі, бібліёбусамі), правесці аптымізацыю галіны.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пётр Уладзіміравіч Гнуценка агучыў асноўныя моманты дзейнасці ідэалагічных структур, грамадскіх аб’яднанняў, паліграфічных прадпрыемстваў і сродкаў масавай інфармацыі.

— Важным складальнікам ідэалагічнай работы з’яўляецца работа ўлады з рознымі катэгорыямі насельніцтва. У мінулым го­дзе маладой змене надавалася асаблівая ўвага. Усе мерапрыемствы рэспубліканскага плана па правядзенні Года моладзі ў Віцебскай вобласці выкананы, — адзначыў П. У. Гнуценка. — Разам з тым маецца шэраг праблем па асобных напрамках работы, якія трэба будзе вырашаць.

Сярод прыярытэтных напрамкаў работы ідэалагічнай вертыкалі — забеспячэнне палітычных, сацыяльна-эканамічных, прававых і іншых сфер дзейнасці рэгіёна. Падкрэсліваючы ролю ідэалогіі ў грамадстве, адзначалася, што ў працоўных калектывах неабходна растлумачваць эканамічную сітуацыю, указваць на прычыны і спосабы вырашэння праблем, актывізаваць работу інфармацыйна-прапагандысцкіх груп.

Значная ўвага на калегіі надавалася рабоце сродкаў масавай інфармацыі. Вынікі работы рэдакцыі газеты «Пастаўскі край» па ўсіх напрамках, акрамя падпіскі, прызнаны станоўчымі, а некаторыя дасягненні адзнача­ліся як годныя да пераймання.

У рамках правядзення калегіі адбылася цырымонія ўшаноўвання работнікаў, якія дасягнулі найбольшых поспехаў. Прадстаўнікі нашага раёна падымалі­ся на сцэну тройчы. Дыпломам аблвыканкама ўзнагароджана дырэктар Дома рамёстваў «Стары млын» Таццяна Мікалаеўна Петух за высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва ў намінацыі «Лепшы цэнтр, Дом рамёстваў», дырэктар цэнтра культуры і народнай творчасці Ксенія Вячаславаўна Грэська —  за першае месца ў абласным аглядзе-конкурсе на лепшую арганізацыю ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах ў намінацыі «Культура». За добрасумленную працу, высокі прафесіяналізм у рабоце, плённае супрацоўніцтва з беларускім прафсаюзам работнікаў культуры Граматай беларускага прафсаюза работнікаў культуры Віцебскай абласной арганізацыі адзначана начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Галіна Мікалаеўна Чаплінская.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.