Пастаўскія валейбалісты — лепшыя ў вобласці

Личности Местная власть Спорт

З 22 па 25 студзеня ў абласным цэнтры праходзілі “Алімпійскія дні моладзі” Віцебскай вобласці па ўсіх відах спорту сярод юнакоў 1999 года нараджэння і маладзей. Пастаўчане прынялі ўдзел у спаборніцтвах па валейболе і паказалі выдатны вынік.

У склад пастаўскай каманды ўвайшлі выхаванцы дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Пётр Марцінкевіч, Арцём Бандарэнка, Дзяніс Радзевіч, Андрэй Казлоўскі, Аляксандр Каспер, Максім Іваноў, Арсеній Шнітоўскі, Ігар Скур’ят і Дзяніс Януш, а таксама Аляксей Лабуць, які зараз вучыцца ў рэспубліканскім дзяржаўным вучылі­шчы алімпійскага рэзерву. Трэнер каманды — Генадзь Генадзьевіч Савосін.

У спаборніцтвах удзельнічалі 6 каманд, ігры праходзілі па кругавой сістэме. Нашы хлопцы паказалі выдатную гульню і не саступілі сапернікам ні ў адной сустрэчы, абыграўшы равеснікаў з Віцебска, Верхнядзвінска і Бешанковічаў з лікам 3:0, а аршанцаў і шумілінцаў — 3:1.

— Для нас «Алімпійскія дні моладзі» — гэта галоўныя спаборніцтвы года, таму атрымаць на іх перамогу ўдвая прыемна. Спадзяюся, што юнакі таксама ўдала выступяць і на рэспубліканскім этапе, пакажуць усё, на што здольныя і чаму на працягу многіх гадоў іх вучыў трэнер Генадзь Генадзьевіч Савосін, — дзяліўся гонарам за прадстаўнікоў пастаўскай валейбольнай школы яе дырэктар Павел Вавінскі.

Валейбалісты ўзнагароджаны дыпломамі, медалямі і Кубкам. Акрамя гэтага, на аснове каманды бу­дзе сфарміравана зборная вобласці, якая прыме ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах. Яны адбудуцца ў Мінску 16—20 лютага.

     Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

Фота С. КАЗАКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.