Працай праслаўляюць родны край

Местная власть

Старшыня аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Шарснёў віншуе з прысуджэннем звання лаўрэата пракурора Пастаўскага раёна Аляксандра Аляксандравіча Козіча.

5 лютага ў абласным цэнтры прайшла цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў звання “Чалавек года Віцебшчыны-2015”. У ёй прыняла ўдзел і дэлегацыя нашага раёна, якую ўзначальваў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргей Васільевіч Чэпік.

Лаўрэаты звання “Чалавек года Віцебшчыны-2015” і члены дэлегацыі нашага раёна.

Традыцыя ўшаноўваць лепшых людзей Прыдзвінскага краю нара­дзілася ў 2009 годзе. За гэты час самага ганаровага ў вобласці звання разам з іншымі былі ўдастоены 26 прадстаўнікоў  вытворчай і сацыяльнай сфер Пастаўшчыны. Сёлета лаўрэатамі сталі начальнік раённага вузла паштовай сувязі Таццяна Мікалаеўна Гайлюн, пракурор раёна Аляксандр Аляксандравіч Козіч, дырэктар Дунілавіцкага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў Павел Іванавіч Паўловіч і  дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Пастаўскім раёне Рыгор Рыгоравіч Шэцка.

Віншуючы герояў і ўсіх ­удзельнікаў свята, старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шарснёў адзначыў, што ва ўмовах эканамічнай нестабільнасці ў 2015 годзе ў вобласці выкананы заданні па будаўніцтве жылля, экспарце тавараў на новыя перспектыўныя рынкі, забяспечаны нарматыў запасаў гатовай прадукцыі. У параўнанні з папярэднім годам тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці  прамысловай прадукцыі ў фактычных цэнах склаў 110,7%. У вобласці створана больш за 150 новых арганізацый і вытворчасцей. Прадукцыя, якая вырабляецца, экспартуецца ў 79 краін свету.

Аграрыі вобласці сабралі ў мінулым годзе 1 мільён 372 тысячы тон зерня. За апошнія сорак гадоў гэта з’яўляецца найлепшым паказчыкам у гісторыі вобласці. Упершыню сярэдняя ўраджайнасць зерневых і зернебабовых склала з кожнага гектара 36,6 цэнтнера.  А пяць раёнаў, сярод якіх і Пастаўскі, перасягнулі 40-цэнтнеравы рубеж. Сёлета на такую ўраджайнасць павінна выйсці і вобласць.

У ліку важнейшых задач у вытворчай сферы на 2016 год кіраўнік вобласці назваў павелічэнне выпуску якаснай, канкурэнтаздольнай прадукцыі, асваенне новых яе відаў, зніжэнне затрат, укараненне перадавых тэхналогій. У вобласці плануецца ўвесці ў эксплуатацыю не менш за 200 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей. Стаіць задача захаваць і нарошчваць патэнцыял малога і сярэдняга бізнесу, ствараць новыя рабочыя месцы, асабліва ў малых гарадах і сельскай мясцовасці.

— За кожнай падзеяй, дасягненнем стаяць людзі, якія сваёй працай ствараюць гісторыю краю, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч. — У нас ва ўсіх сферах шмат кваліфікаваных, годных спецыялістаў. Але, нягледзячы на тое, што вобласць мае вялікі патэнцыял і рэзерв кадраў, трэба рухацца далей і памятаць: калі народ і ўлада будуць адзіныя ў сваіх мэтах і дзеяннях, яны пераадолеюць любыя перашкоды.

Падчас урачыстай цырымоніі на сцэну канцэртнай залы “Віцебск” было запрошана сто лепшых прадстаўнікоў усіх галін і сфер гаспадарчага комплексу і сацыяльнай сферы вобласці. Кожнаму старшыня аблвыканкама ўручыў дыпломы і значкі лаўрэатаў, пажадаў новых поспехаў у працы і творчасці, ажыццяўлення ўсяго задуманага.

Завяршылася ўрачыстасць вялікім святочным канцэртам, на якім выступілі лепшыя творчыя калектывы.

Пётр КУРЫЛОВІЧ. Фота Юліі ЛАЗІКЕВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.