Прафсаюзнаму экскурсійнаму турызму — быць!

Экономика

28-30 студзеня ў сталічнай гасцініцы “Турыст” праходзіла прафсаюзная экскурсійна-турыстычная выстава “Прафтур-2016”, якая стала адметнай падзеяй. На яе ўпершыню з часоў распаду былога СССР сабраліся тураператары краін блізкага і далёкага замежжа. Выстава пацвердзіла, што прафсаюзнаму экскурсійнаму турызму быць.

Маштабны турыстычны форум арганізавала Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі сумесна з турыстычна-экскурсійным унітарным прадпрыемствам “Беларустурыст” і УП “Белпрафсаюзкурорт”. Свой праект прадставіла і Пастаўскае раённае аб’яднанне прафсаюзаў.

— Выставе папярэднічаў рэспубліканскі конкурс “Беларусь у новым абліччы”, — расказвала старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Іна Аляксееўна Далецкая. — На працягу мінулага года раённыя і гарадскія аб’яднанні прафсаюзаў збіралі інфармацыю і распрацоўвалі невядомыя раней экскурсійна-турыстычныя маршруты ў кожным раёне. Гэта найцікавейшыя факты гісторыі, стогадовыя легенды, непаўторная прыгажосць прыроды і іншае. Маршруты сабраны ў шасцітомны зборнік з унікальнай картай у разрэзе кожнага раёна, які прэзентавалі ў рамках адкрыцця выставы.

— Што прэзентавалі пастаўчане?

— Наша раённае аб’яднанне прапанавала турыстычны маршрут “Ад Мядзела да Пастаў па лініі фронту Першай сусветнай вайны: помнікі прыроды, гісторыі, культуры”. Яго распрацоўкай займаўся краязнаўца, настаўнік раённай гімназіі Ігар Міхайлавіч Пракаповіч. За што яму вялікае дзякуй.

— Колькі ўсяго праектаў было прадстаўлена на конкурс?

— 80 турыстычных напрамкаў у розныя куточкі Беларусі. Адабрана 16 фіналістаў. Сярод іх “Зорная дыялема Полаччыны”, “Спадчына вялікіх людзей” (Ляхавіцкі раён), “Пра тых, хто верыў і тварыў” (Шаркаўшчынскі), “У партызанскую зону” (Клічаўскі), “Літаратурная Лагойшчына”, “Далёкі усход Беларусі” (Хоцімскі) і іншыя. У фінал трапіў і наш турыстычны маршрут.

— Раскажыце пра яго крыху падрабязней.

— Маршрут разлічаны на два дні. Свой пачатак бярэ ў Мядзеле. Тут адноўлены адзіны ў Беларусі сімвалічны пакутны шлях Хрыста на Галгофу (мядзельская кальварыя). Ён пачынаецца ад брамы пакаяння і праходзіць праз узгоркі каля 12 капліц, выводзячы на гару трох крыжоў.

Цікава пабываць і каля возера Расохі побач з аднайменнай вёскай. Там захаваліся каля 30 жалезабетонных бліндажоў і сістэма траншэй, акопаў часоў Першай сусветнай вайны. Сарочынскія азёры — унікальны прыродны комплекс: непадалёк адно ад другога размешчаны тры ледніковыя возеры. Яны знаходзяцца на рознай вышыні, маюць зусім розныя знешні выгляд і характарыстыкі. Ёсць баброва калонія з бабровай хаткай.

Вёска Манькавічы вядома сядзібна-паркавым ансамблем Друцкіх-Любецкіх. Засталіся толькі рэшткі дамбы, моста, млына, капліцы, свірна. Гістарычным помнікам з’яўляецца царква. Побач з Манькавічамі — радзіма Уладзіміра Дубоўкі.

У вёсцы Дзеравянкі можна спыніцца на начлег, памыцца ў лазні, раскласці вогнішча, папіць сцюдзёнай вады са студні, паплаваць на лодцы па мясцовым возеры. На шляху — маляўнічыя азёры Барсук і Варанец, утульныя вёсачкі Споры і Дукі. І, канешне ж, прыцягальныя самі Паставы. Адным словам, ёсць што паглядзець.

Даўжыня маршруту складае 42 кіламетры. Ён будзе цікавы як вучням, студэнтам, так і спецыялістам, сямейным групам, групам па інтарэсах. Падарожнічаць па ім можна не толькі на аўтамабілі або аўтобусе, але і на веласіпедзе.

— Адным з кірункаў дзейнасці прафсаюзаў з’яўляецца тымбілдынг.

— Гэта комплекс мерапрыемстваў, якія накіраваны на згуртаванне калектыву шляхам актыўнага адпачынку, карпаратыўных гульняў, трэнінгаў, адной з разнавіднасцей якіх і будзе падарожжа па краіне. Сёння Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі ставіцца задача адрадзіць у працоўных калектывах інтарэс да экскурсійнага турызму па роднай краіне. Калісьці ў гэтым плане былі моцныя традыцыі. Людзі падарожнічалі цэлымі калектывамі, пазнавалі шмат новага і цікавага, адпачывалі, атрымлівалі непаўторныя эмоцыі, зараджаліся энергіяй. Спадзяюся, што прафсаюзныя актывісты прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў нашага раёна будуць актыўна працаваць па прапагандзе турызму, папулярызаваць мясцовыя славутасці. Вельмі часта бывае так, што людзі не ведаюць пра мноства цікавых мясцін роднага краю, краіны, якімі могуць па праву ганарыцца. Упэўнена, што па прадстаўленым намі маршруце пажадаюць праехаць і многія пастаўчане.

— У выставе прымалі ўдзел і замежныя тураператары?

— Больш чым з 10 краін. Падчас выставы адбылася яшчэ адна важная падзея: прафсаюзныя тураператары з Расіі, Узбекістана, Малдовы, Грузіі, Казахстана і Беларусі падпісалі камюніке. Гэты дакумент прадугледжвае, что члены прафсаюза ў перспектыве змогуць падарожнічаць па замежных краінах са скідкай. 25-працэнтную скідку членам прафсаюза на многія свае паслугі прадастаўляюць і “Белтурыст” і “Белпрафсаюзкурорт”.

Холдынг “Белпрафсаюзкурорт” аб’яд­ноў­вае 12 санаторыяў, у тым ліку адзін дзіцячы, і аздараўленчую арганізацыю “Турыстычны комплекс “Нарач”. Ён уключае санаторыі “Прыдняпроўскі”, “Беларусачка”, “Крыніца”, “Нарач”, “Буг”, “Лётцы”, “Свіслач”, “Нарачанскі бераг”, “Лясныя азёры” і іншыя. На базе прафсаюзных санаторыяў аздараўліваюцца ад 80 да 100 тысяч чалавек у год. А “Белтурыст”, які сёлета адзначыць 65-гадовы юбілей, лічыцца роданачальнікам айчыннага турызму. У яго ўваходзяць 8 турыстычна-аздараўленчых комплексаў, 8 гасцініц з рэстаранамі, 17 бюро падарожжаў і экскурсій у найбольш буйных гарадах, уласнае аўтатранспартнае прадпрыемства.

Гутарыла Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.