У Паставах прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя Дню абаронцаў Айчыны (+фота)

Местная власть

У Паставах урачыстасці пачаліся з ускладання вянкоў і кветак да помніка, які ўстаноўлены ў цэнтральным  скверы на магіле воінаў,  загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны. Даніну памяці і павагі воінам, якія мужна абаранялі родную зямлю ад захопнікаў, аддалі кіраў­нікі раённай улады, прадстаўнікі ветэранскай і мала­дзёжнай арганізацый, воін­скіх часцей, сілавых структур, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.

У раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбыліся сход і тэматычны канцэрт. Прысутных у зале вітаў старшыня раённага выканаўчага камітэта В. С. Гутараў. Асаблівыя словы падзякі ён адрасаваў сённяшнім абаронцам — ваеннаслужачым Пастаўскага гарнізона. Яны сумленна і годна выконваюць свой воінскі абавязак, дабіваюцца добрых вынікаў у аператыўна-службовай дзейнасці.

Аддзелам пагранічнай службы “Паставы” на ахоў­ваемым участку не дапушчана парушэнняў Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь. Надзейна ахоўвае паветраныя рубяжы краіны першы радыётэхнічны цэнтр, які па выніках нясення баявога дзяжурства ў 2015 годзе заняў другое месца сярод падраздзяленняў 49-ай радыётэхнічнай брыгады.

Эфектыўна вырашаюць задачы па арганізацыі медыцынскага абслугоўвання супрацоўнікі 1-га ваеннага шпіталя. Яго калектыў трэці год запар займае першае месца сярод часцей забеспячэння органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

Летась рады Узброеных Сіл краіны папоўніў 101 наш зямляк. 47 курсантаў-пастаўчан вучацца ў вышэйшых ваенных навучальных установах. За  актыўную работу па падрыхтоўцы юнакоў да службы ва Узброеных Сілах, іх патрыятычнае выхаванне ваеннаму  камісарыяту Пастаўскага раёна прысуджана другое месца ў вобласці.

За высокія паказчыкі ў службе, узорнае выкананне абавязкаў Віктар Сяргеевіч Гутараў уручыў Па­дзякі старшыні раённага выканаўчага камітэта маёру медыцынскай службы, урачу-тэрапеўту ваеннага шпіталя Аляксандру Карповічу і прапаршчыку, начальніку радыёстанцыі 1-га радыётэхнічнага цэнтра Сяргею Дзяменцьеву.

Святочны канцэрт адкрыла кранальнае выступленне народнага хору ветэранаў вайны і працы пад кіраўніцтвам былога ваеннага дырыжора Паўла Пятровіча Рагіні. Затым прысутныя ў зале шчыра віталі самадзейных артыстаў  Жанну Дзехцяронак, Аліну Вайцяхоўскую, Юлію Запольную, Юрыя Ракоўскага, Аляксандра Апанасевіча, Андрэя Гутара, Яўгенію Бяляўцаву, Анжаліку Жаўнову, народную эстрадную групу “25 плюс-мінус”, танцавальны калектыў “Хамелеон” Дунілавіцкай СШ, ­удзельнікаў раённага маладзёжнага ваённа-спартыўнага клуба “Азімут” і яго кіраўніка Сяргея Сядых.

Шмат апладысментаў выклікалі юныя ўдзельнікі канцэртнай праграмы — Уладзіслаў Рудніцкі, Паліна Квяткоўская, Арцём Маргуноў, Кірыл Купцоў, ­удзельнікі ўзорнай вакальнай студыі “Юніта”, вакальнага ансамбля “Зорачкі” і фальклорнага калектыву “Тоніка”. Сугучнай вайсковай тэме атрымалася выступленне першакласнікаў і атрада  юных пагранічнікаў “Патрыёт”  СШ №4.

Святочную праграму вялі мастацкі кіраўнік РДК Алена Слядзеўская і афіцэр радыёлакацыйнага цэнтра Яўгеній Каралёў.

no images were found

no images were found

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.