У адзіным страі


Маё дзяцінства праходзіла ў вёсцы Ракіты, за пятнаццаць кіламетраў на поўнач ад Пастаў. Не так далёка размяшчаўся ваенны аэрадром. Часта даводзілася назіраць за палётамі самалётаў, а раніцой знаходзіць іх “сляды” — бліскучыя стужкі “ўпрыгожвалі” дрэвы, кустарнікі, дахі дамоў. Мы іх збіралі і выкарыстоўвалі замест цацак.

Аднавясковец, які служыў у авіяцыі, расказваў, што самалёт можна ўбачыць за сотні кіламетраў, бо ў паветраную прастору пасылаецца радыёсігнал, які, адбіваючыся ад самалёта, вяртаецца назад. На спецыяльных экранах аператары бачаць колькасць самалётаў, адлегласць да іх і куды яны ляцяць. Так мы даведаліся аб існаванні лакатараў. А што да бліскуючых стужак, то ў паветры ад іх адбіваўся сігнал, і  немагчыма было зразумець,  колькі самалётаў і куды ляціць. Гэта рабілася спецыяльна з мэтай стварэння перашкод.

Пазней, калі сям’я пераехала ў Паставы, у школу прыходзіў камандзір аві­яцыйнай часці, баявы лётчык і вельмі цікава расказваў пра будні авіяцыі, тых, хто так прафесійна ўзнімае ў неба “крылатых птушак”. Нашаму класу пашчасціла пабываць на экскурсіі на аэрадроме, дзе ў той час базіраваліся Міг-17. Я яшчэ больш пераканаўся ў тым, што прафесія ваеннага лётчыка — самая складаная і небяспечная. А калі Юрый Гагарын зрабіў першы палёт у космас, то лётчыкаў я пачаў лічыць наогул незвычайнымі, быліннымі персанажамі… Многія з іх і сёння жывуць у гарадку і заслу­гоўваюць самых удзячных слоў за службу, прафесіяналізм, мужнасць.

У Беларусі 23 лютага раней адзначалася як Дзень Савецкай  Арміі і Ваенна-Марскога Флоту. Гэтым самым нібы падкрэсліваліся іх асаблівая важнасць і значнасць. Ды яно  так і было. Напрыклад, трапіць служыць на флот выпадала далёка не кожнаму. Тым не менш у нашай шматлікай радні было некалькі ваенных маракоў —  Аляксандр Зубовіч, Раман Адольфавіч Семянас, Іван Вільгельмавіч Турла, Яўгеній Іванавіч Антух і іншыя. З іх расказаў даведаўся, што служылі “на марах і акіянах” моцныя духам, мужныя, бясстрашныя людзі. Асабіста ў гэтым пераканаўся, калі ў канцы 60-ых гадоў мінулага стагоддзя вучыўся ў Ленінградскім ваенным вучылішчы чыгуначных войскаў і ваенных злучэнняў. Наша рота курсантаў пабывала на экскурсіі на галоўнай ваенна-марской базе Балтыйскага флоту — у Кранштаце. Асабліва запомнілася наведванне адной дызельнай падлодкі. Уразіла неверагоднае мноства рознага складанага абсталявання, а таксама розных прыбораў, труб, кранаў, вентыляў і г. д., невялікая свабодная прастора. Здзіўленне выклікала і тое, што дызель аказаўся такі, як і ў нашага цеплавоза — магутнасцю ў 4000 конскіх сіл.

Гідам курсантаў быў капітан другога рангу, наш зямляк са Слуцка. Ён расказаў, што над Балтыйскім флотам шэфстваваў камсамол Беларусі. А яшчэ мы даведаліся пра тое, што ў Пінску ёсць вучэбны атрад па падрыхтоўцы малодшых спецыялістаў для Балтыйскага флоту. Там жа існуе Дняпроўская флатылія, якая ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны вяла бой з варожымі танкамі. Ураджэнцы Ві­цебшчыны — камандзір падлодкі Щ-310 капітан першага рангу Самуіл Нахманавіч Багарад і контр-адмірал Ягор Андрэевіч Томка  — былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Вярнуўшыся на Пастаўшчыну, я працаваў на чыгунцы разам з былымі маракамі: начальнікам станцыі Паставы Пятром Аляксандравічам Кавалёнкам, галоўным механікам Варапаеўскай дыстанцыі пуці Пятром Елісее­вічам Качаном, а з маставым майстрам Паісіем Кузьмічом Сарокіным сябруем да цяперашняга часу. А якімі каштоўнымі з’яўляюцца ўспаміны нашага земляка, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны капітана трэцяга рангу  Мікалая Яўстаф’евіча Зубовіча, які быў у ліку абаронцаў Ленінграда! У памяці захавалася і такая лічба: цяпер у Беларусі пражывае больш за 200 тысяч чалавек, якія ў свой час праходзілі службу ў часцях ваенна-марскога флоту.

Глыбокай восенню 1986 года я з сям’ёй  вяртаўся з Чарнобыля на малую радзіму — у Паставы. Набліжалася поўнач, да паварота на 11-кіламетроўку заставалася менш за паўкіламетра. Але далейшы рух быў перапынены  загадам ваенных заставацца на месцы. Неўзабаве ўдалечыні засвяціліся фары машын, якія з боку Пастаў набліжаліся да шашы Полацк—Вільнюс. Мы стаялі на абочыне і сталі сведкамі незвычайнай карціны: па дарозе рухалася калона з цяжкімі ракетамі. Іх сілуэты на фоне зорнага неба здаваліся вялізнымі.

Пастаўчане, хаця і не ўсе, але ведалі пра зброю, размешчаную ў наваколлі  і  лясных мясцінах. А яшчэ пазней мне давялося бачыць баявы чыгуначны ракетны комплекс, які прыбыў на нядаўна пабудаваны намі нумарны аб’ект Міністэрства абароны. Знешне ён выглядаў як рэфрыжэратарны састаў. Гэта была надзвычай магутная сіла, лічыцца з якой,  жадалі таго ці не, абавязаны былі нашы магчымыя праціўнікі.

Воіны-ракетчыкі і сёння захоў­ваюць сваё братэрства, ганарацца, што мелі  непасрэднае дачыненне да самай сучаснай зброі. Менавіта такімі з’яўляюцца і мае суседзі па дачным кааператыве афіцэры-ракетчыкі Віктар Іванавіч Кавалёў, Уладзімір Іванавіч Маркаў, Мікалай Пятровіч Попраўка і іншыя. Яны з гонарам выканалі свой воінскі абавязак, знаходзіліся на адказных пасадах сістэмы сіл ядзернага стрымлівання.

Падчас службы мне даводзілася сустракацца з мотастралкамі і танкістамі, атрылерыстамі і сувязістамі, прадстаўнікамі іншых родаў войск. Усе яны заслугоўваюць самых добрых слоў і прызнання, бо годна неслі службу, пільна стаялі на варце абароны рубяжоў нашай вялікай Радзімы. Са святам вас, ветэраны Узброеных Сіл і сённяшнія абаронцы Айчыны! Будзьце шчаслівымі і здаровымі, заставайцеся аптымістамі!

Л. СЕМЯНАС, няштатны карэспандэнт, маёр запасу.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.