У пошуках сваёй гульні

Спорт

“АСДЮШАР-Камунальнік” (Гродна) – “Атлант” (Паставы) – 3:0, 3:0

1 дзень. 3:0 (25:22; 25:13; 25:22).

2 дзень. 3:0 (25:8; 25:22; 25:22).

У гэтым нацыянальным чэмпіянаце маладая гродзенская каманда выступае вельмі ўпэўнена і з’яўляецца асноўным прэтэндэнтам на заваяванне бронзавых медалёў. Асабліва няпроста гуляць яе сапернікам менавіта ў Гродне, дзе побач з моладдзю выходзяць на пляцоўку найвопытнейшыя мясцовыя валейбалісты, якія былі раней на вядучых ролях у элітным дывізіёне “А”, пагулялі і ў еўракубках. Вельмі ўзмацніў гульню гаспадароў умелы распасоўшчык Сяргей Аплевіч, які мінулагодняй восенню ў Паставах рэгулярна арганізоўваў выніковыя камбінацыі.

Супрацьстаяў на гэтай пазіцыі ў пастаўчан легіянер з Кобрына Васіль Коўтун. У цэлым стартавая партыя атрымалася роўнай, у складзе гасцей задавалі тон і завяршалі атакі дыяганальныя Сяргей Шатэрнік, Віталь Варанец, Аляксандр Сідарэнка. Тым не менш у  канцоўцы гродзенцы дзейнічалі больш удала і выйгралі яе. Пасля праваленай наступнай партыі ў трэцім сэце пастаўчане маральна сабраліся, далі бой саперніку, але ў рашаючы момант ім не хапіла сіл скараціць адставанне, і гэту сустрэчу “Атлант” прайграў.

У пастаўчан быў час адпачыць, але ў паўторным паядынку наша каманда спачатку аддала ініцыятыву гро­дзенцам і поўнасцю праваліла яго пачатак. Толькі пасля праведзенай серыі замен барацьба ўспыхнула з новай сілай. Госці, на жаль, яшчэ раз саступілі гродзенцам зноў 3 мячы, але прадоўжылі змагацца. У трэцяй партыі пастаўчане ўвогуле займелі камфортную перавагу і былі наперадзе (13:18). Аднак адразу пасля гэтага ў іх пайшлі памылкі ў простых сітуацыях. Гродзенцы ж, наадварот, на сапраўдным куражы вярнулі страчаную ініцыятыву і давялі матч да паўторнай перамогі.

У гэтым туры лідар першынства — каманда Жлобіна — дома спачатку лёгка з лікам 3:0 перамагла “Ваенную акадэмію” (Мінск), але расслабілася і на другі дзень саступіла армейцам 1:3. Да жлобінцаў зноў наблізіліся аршанцы, якія на выездзе двойчы ў напружанай барацьбе з лікам 2:3 і 1:3 перамаглі сталічны РДВАР. У гэтыя выхадныя пастаўчане на пляцоўцы ФАКа згуляюць перанесеныя гульні 6 тура з мінскімі армейцамі і пастараюцца спыніць серыю няўдач, якая зацягнулася.

Уладзімір ШЫК.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.