“У райцэнтры рэалізаваць сябе прасцей”

Общество

У гэтым пераканана галоўны бухгалтар Пастаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Вольга Тараскевіч. Пазалетась яна стала ўдзельніцай раённага конкурсу маладых спецыялістаў “Шлях да поспеху” і заняла трэцяе месца.

Падчас этапаў Вольга звяртала на сябе ўвагу не толькі выключнай падрыхтаванасцю, але і адкрытасцю, усмешлівасцю, аптымізмам у любой сітуацыі. Менавіта гэтыя якасці найбольш дапамагаюць ёй у жыцці.

—            Вольга, што паўплывала на твой выбар прафесіі?

—            Мая бабуля і іншыя родзічы былі менавіта бухгалтарамі. Таму пры паступленні іншых варыянтаў і не разглядала. Пасля заканчэння 11 класаў СШ №1 пайшла вучыцца ў Пастаўскі прафтэхкаледж  — так склаліся сямейныя абставіны. У выніку аказалася вельмі рада, што трапіла менавіта ў гэту навучальную ўстанову. Задавальняла ўсё — прафесіяналізм выкладчыкаў і якасць адукацыі, сяброўская атмасфера ў вучэбнай групе. Каледж скончыла з чырвоным дыпломам і паступіла вучыцца на завочнае ад­дзяленне Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

—            Дзе пачынала працоўную дзейнасць?

—            У філіяле “Каапгандаль №2” райспажыўтаварыства. Спачатку працавала ў аддзеле кадраў, а калі атрымала дыплом аб вышэйшай адукацыі, перайшла на пасаду бухгалтара. За пяць гадоў у гэтай структуры атрымала бясцэнны вопыт. За вялікую падтрымку асабліва ўдзячна спецыялісту па кадрах Ганне Альбертаўне Асадулінай і галоўнаму бухгалтару Жанне Мікалаеўне Раманоўскай.

Мае калегі былі істотна за мяне старэйшымі, як кажуць, савецкай загартоўкі, працавалі адказна, з максімальнай аддачай. Гэтаму вучылі і мяне. Паколькі была самай маладой, пастаянна ўдзельнічала ў грамадскіх работах, мела нямала дадатковых абавязкаў. Прычым мяне гэта ніколькі не абцяжарвала. Трэба — значыць трэба. Гэты выраз і цяпер адзін з маіх дэвізаў.

—            Чаму вырашыла змяніць месца работы?

—            Найперш хацелася паспрабаваць сябе ў іншай сферы — у сельскай гаспадарцы. Гэта была мая даўняя задумка. Па ўласнай ініцыятыве ўладкавалася бухгалтарам па зарплаце ў ААТ “Камайскі-агра”. Жыла ў Паставах, на работу і з работы тады яшчэ вазіў аўтобус сельгаспрадпрыемства. І так два гады. Мне падабалася. Праўда, давялося шмат чаму перавучвацца, прывыкаць да больш сціплых умоў. Аднак пра сваё рашэнне ніколі не пашкадавала. Працавала б у сельскай мясцовасці і цяпер, калі б эканамічная сітуацыя ў гаспадарцы не пагоршылася і не ўзніклі іншыя абставіны.

—            У конкурсе “Шлях да поспеху” ты ўдзельнічала, ужо будучы на пасадзе бухгалтара ТЦСАН.

—            У цэнтр трапіла дзякуючы шчаслівай выпадковасці. Давялося ўнікаць у шматлікія нюансы работы ў бюджэтнай арганізацыі, з якімі раней не сутыкалася. Прыйшла да высновы, што менавіта тут знайшла сябе канчаткова. Працую трэці год. Імпануе, што сярод работнікаў ТЦСАН, у тым ліку і ў адміністрацыі, шмат моладзі. Ды і спецыялісты старэйшага ўзросту ўсе сучасныя, камунікабельныя, як кажуць, лёгкія на пад’ём.

Ва ўсіх справах вельмі падтрымала і падтрымлівае дырэктар Дзіяна Іванаўна Пякарская. У мінулым годзе яна прапанавала перайсці на пасаду галоўнага бухгалтара. Мне было 28. Адказнасць не пужала — згадзілася, хаця кар’ерысткай сябе назваць не магу. Проста люблю вучыцца, пакараць новыя гарызонты. Летась  назначана казначэем Пастаўскай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў. Гэта падштурхоў­вае да пастаяннай самаадукацыі. Наогул, вельмі люблю сваю работу. З лічбамі зусім не сумна. Работа іншы раз — вялікая крыжаванка, галаваломка, рашэнне якой прыносіць вялікае задавальненне.

—            Якія ўражанні засталіся ад удзелу ў конкурсе “Шлях да поспеху”?

—            Самыя лепшыя. Хаця, прызнацца, спачатку аднеслася да яго скептычна, бо не адразу зразумела, што ад мяне патрабуецца. Аднак ужо з першага этапа стала відавочна, што бу­дзе цікава, хоць і няпроста. Было непрывычна абстрагавацца ад лічбаў і справаздач і пагрузіцца ў творчасць, стварэнне праектаў. Старалася, каб яны былі максімальна набліжанымі да жыцця. Напрыклад, на адным з этапаў я прапаноўвала стварыць у Паставах школу ранняга развіцця, куды б маладыя маці маглі прыводзіць дзетак ва ўзросце ад паўтара да трох гадоў. Такія аб’екты ўжо даўно існуюць у вялікіх гарадах і выдатна падрыхтоўваюць малышоў да садка — яны становяцца больш сацыяльна адаптаваныя. Яшчэ адна ідэя — будаўніцтва сацыяльнага прытулку для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Шырках. За прэзентацыю гэтага праекта і атрымала ад журы найвышэйшыя балы. Што да моладзі, то тут вельмі праблемнае пытанне з арганізацыяй вольнага часу. Зразумела, што сродкі на гэтыя мэты абмежаваныя, аднак не толькі яны ўсё вырашаюць.

Конкурс падарыў шмат знаёмстваў, сяброў, з якімі падтрымліваю сувязь і цяпер. Была б мая воля — ­удзельнічала б у ім і далей.

—            Любіш Паставы?

—            Я вялікі патрыёт свайго горада і краю. Кудысьці пераязджаць не бачу сэнсу. Мне тут вельмі камфортна: усё на месцы, без пастаяннай мітусні, як, скажам, у сталіцы.  Ды і рэалізаваць сябе ў невялікім горадзе, на мой погляд, значна прасцей, чым у вялікім. На ўласным прыкладзе пераканалася, што для маладых людзей ёсць нямала перспектыў прафесійнага, кар’ернага росту.

Люблю і вёску. З дзяцінства прывучана да работы на зямлі. І сёння з мамай садзім агарод у вёсцы, даглядаем яго.

—            Ты аптымістка?

—            Па-іншаму сёння нельга. Калі засмучацца з нагоды і без, то ў жыцці нічога не атрымаецца. Негатыў можна знайсці ва ўсім. А вось ці заўсёды пры сустрэчы людзі шчыра ўсміхаюцца адно аднаму? Часцей чуеш нараканні, прычым рознага характару. Я даўно для сябе вызначыла: нікому іншаму мае праблемы не патрэбны. Таму з-за ўласных перажыванняў не збіраюся псаваць настрой, напрыклад, калегам.  Ды і на якасць працы “кіслы” выгляд станоўча не ўплывае. Што б ні адбывалася ў жыцці, кожную раніцу настройваю сябе на пазітыў. Прачнулася, сабралася, усміхнулася сабе ў люстэрка — і ўжо весялей. Дрэннае надвор’е? Будзе лепшае! Не хапае на ўсё грошай? Неяк выкручуся. На шчасце, матэрыяльныя каштоўнасці для мяне не галоўнае. Чагосьці няма, значыць няма. Ніколі нікому не зайздрошчу, умею шчыра радавацца чужым поспехам. На жаль, гэта ўласціва не ўсім. Людзей часам зайздрасць “з’ядае” больш, чым уласныя праблемы.

—            Хто навучыў такім адносінам да жыцця?

—            Мой тата, які пайшоў з жыцця заўчасна, быў чалавекам з абмежаванымі магчымасцямі, узначальваў у Паставах таварыства інвалідаў, заўсёды імкнуўся дапамагаць людзям. Яго паважалі, да яго хінуліся, у многім з-за жыццялюбства, аптымізму. Тата не здаваўся цяжкасцям, і я стараюся рабіць гэтаксама. Перажываць з-за кожнай дробязі — бессэнсоўна. Лепш шукаць нагоды для радасці. У школе сапраўдным настаўнікам жыцця для мяне была Алена Леанідаўна Салдаценка.

Сёння мой самы на­дзейны тыл — гэта мая мама і каханы чалавек, якія ва ўсім мяне падтрымліваюць, даюць надзею і веру ў будучыню. Адчуванне, што цябе любяць, што ты патрэбны больш за ўсё, надае ўпэўненасць у сваіх сілах.

Гутарыла

Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.