Уручаны ўзнагароды


Начальнік ваенна-медыцынскага аддзела Дзяржпагранкамітэта Г. А. Жывень віншуе начальніка ваеннага шпіталя С. Д. Півеня.

10 лютага ў 1-ым ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь адбылося падвядзенне вынікаў за 2015 год. Ён выдаўся няпростым. Але, нягледзячы на гэта, як падкрэсліў на службовай нарадзе начальнік шпіталя палкоўнік медыцынскай службы Сяргей Дзмітрыевіч Півень, калектыў справіўся з пастаўленымі задачамі. У штатным рэжыме дзейні­чалі ўсе лячэбна-дыягнастычныя  і іншыя аддзяленні. За год стацыянарнае лячэнне ў шпіталі прайшлі 3233 пацыенты, пераважная большасць іх — ваеннаслужачыя органаў пагранічнай службы. 29000 чалавек атрымалі амбулаторна-паліклінічную дапамогу. Практычна ўсе аддзяленні шпіталя аснашчаны сучасным абсталяваннем, укамплектаваны падрыхтаванымі спецыялістамі. 82% урачоў і 93% сярэдніх медработнікаў маюць кваліфікацыйныя  катэгорыі. Пры правядзенні аперацый, дыягнастычных даследаванняў, аказанні іншай медыцынскай дапамогі прымяняюцца сучасныя тэхналогіі. У падраздзяленнях граніцы паспяхова працуюць перасоўныя стаматалагічны і флюараграфічны кабінеты, якімі абслужана адпаведна 769 і 4983 ваеннаслужачыя.

Галоўная медыцынская сястра Анастасія Рагіня (другая злева) і яе калегі Моніка Волк, Таццяна Вярэніч і Ірына Тумаш узнагароджаны граматамі часці.

Дасягненні калектыву не засталіся незаўважанымі Дзяржаўным пагранічным камітэтам Рэспублікі Беларусь. Па выніках аператыўна-службовай дзейнасці за 2015 год вайсковая часць 1236 (якой з’яўляецца шпіталь),  трэці год запар прызнана лепшай сярод арганізацый усеагульнага забеспячэння органаў пагранічнай службы краіны і ўзнагаро­джана каштоўным падарункам, пераходным прызам і дыпломам. Асабіста Падзякі старшыні Дзяржпагранкамітэта, грашовай прэміі і каштоўнага падарунка ўдастоены камандзір часці палкоўнік Сяргей Півень і падпалкоўнік медыцынскай службы Рэнат Рахметулаў. Падпалкоўнік медыцынскай службы Сяргей Ганчарук адзначаны нагрудным  знакам  “Выдатнік пагра­нічнай службы Рэспублікі Беларусь” II ступені. Узнагароды ім уручыў начальнік ваенна-медыцынскага аддзела Дзяржпагранкамітэта палкоўнік медыцынскай службы Генадзій Жывень. Ён таксама спыніўся на задачах камандавання, ваенных медыкаў, работнікаў іншых службаў шпіталя, якія ім трэба вырашаць у няпростых эканамічных умовах сёлетняга года.

Падчас цырымоніі ўзнагароджвання былі названы прозвішчы тых, каму  камандаванне часці аб’явіла падзякі, больш як дзесяці чалавекам былі ўручаны Ганаровыя граматы камандавання часці. Прысутныя апладысментамі віталі лепшых спецыялістаў. Гэта званне штогод прысвойваецца лепшым урачам, медыцынскім сёстрам, малодшаму медыцынскаму і іншаму персаналу практычна ўсіх службовых падраздзяленняў установы аховы здароўя. Лепшыя з лепшых атрымалі яго і па выніках дзейнасці за 2015 год. Гэта ўрачы: падпалкоўнікі медыцынскай службы Лілія Скіпар, Павел Дашкевіч, Ігар Шаламіцкі, начальнік службы інфармацыйных тэхналогій прапаршчык Сяргей Мануйлаў, старшая медсястра Аліна Вайцяхоўская, медыцынская сястра Наталля Арбузава, малодшыя медсёстры Алена Січкар, Алена Падгайская, трактарыст Валерый Юшкевіч, слесар-сантэхнік Павел Андрэйчык, повар  Павел Жаркоў.

— Мы прымем усе магчымыя меры для таго, каб і ў 2016 годзе лячэнне, аказанне амбулаторна-паліклінічнай і іншай дапамогі заставаліся на дасягнутым узроўні, — падрэсліў начальнік шпіталя. — А залогам гэтага з’яўляюцца прафесіяналізм і майстэрства як ваенных медыкаў, так і цывільных работнікаў.

Тэкст і фота

Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.