Ведаць, цаніць, памятаць


У сярэдзіне студзеня ў музеі баявой і працоўнай славы СШ №2 прайшло мерапрыемства, прысвечанае 105-ай гадавіне з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза Сідарэнкі Васіля Аляксеевіча.

Нарадзіўся ён 14 студзеня 1911 года ў сяле Касторнае Курскай вобласці ў сялянскай сям’і. У гады Вялікай Айчыннай вайны падчас аперацыі “Баграціён” камандзір артылерыйскага ўзвода малодшы лейтэнант В. А. Сідарэнка асабліва вызначыўся ў баі за вызваленне Пастаў.

Ён успамінаў: “Раніцай 5 ліпеня 1944 года ў баі за г. Паставы наш 1-ы стралковы батальён 599-га стралковага палка 145-ай стралковай дывізіі, адрэзаўшы шляхі адыходу пераўзыходзячым сілам ворага, завязаў жорсткі бой, які працягваўся каля дзевяці гадзін. Вораг колькасцю да 500 чалавек пры падтрымцы артылерыі і самаходных гармат “фердынанд” шэсць разоў пераходзіў у контратакі, якія адбываліся з большымі стратамі для ворага. Аднак батальён апынуўся ў акружэнні.

На працягу чатырох гадзін дзве гарматы і два ручныя кулямёты адбівалі атакі гітлераўцаў. Байцы занялі кругавую абарону. Нашы артылерысты перамаглі, не выпусціўшы з катлавана ніводнага жывога фашыста. Але загінулі камандзір гарматы, наводчык. А вораг працягваў насядаць…”

Тады Сідарэнка сам стаў да гарматы. Падпусціўшы гітлераўцаў на 50 метраў, ён накіраваў па іх апошнія снарады. Затым сабраў уцалелых байцоў і з гранатамі ў руках з крыкам: “Наперад, за Радзіму!” павёў воінаў у атаку. На дапамогу прыйшлі байцы суседняй часці. Вораг адступіў. За гэты подзвіг Сідарэнка В. А. быў удастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза.

У 1967 годзе Васіль Аляксеевіч наведаў наш горад. Падчас сустрэчы з вучнямі і настаўнікамі нашай школы ён пасадзіў каля яе маленькае дрэўца. З гадамі вырас клён-прыгажун. 22 мая 2004 года каля Дрэва Героя была адкрыта мемарыяльная дошка. На гэтым месцы мы праводзім шматлікія мерапрыемствы, у тым ліку і прыём у піянеры. У тым далёкім 1967-ым В. А. Сідарэнка быў аб’яўлены Ганаровым грамадзянінам горада Паставы. Памёр Васіль Аляксеевіч у 1978 годзе.

На мерапрыемстве, прысвечаным памяці Героя Савецкага Саюза, прысутнічалі вучні 8 “Б” і 10 класаў (класныя кіраўнікі — І. П. Гутар і Т. І. Пракаповіч). Спачатку я пазнаёміла прысутных з біяграфіяй В. А. Сідарэнкі і расказала, якое значэнне для вызвалення Пастаў меў яго подзвіг, як важна і надалей захоўваць памяць пра воінаў-вызваліцеляў. Затым экскурсаводы Багушэвіч Ганна і Сцяпурка Анастасія (10 клас), Лысенка Аляксандра і Рамановіч Дар’я (7 “А”) правялі экскурсію па тэме “Аперацыя “Баграціён”. Перамога”, у якой і быў падрабязней ахарактарызаваны подзвіг В. А. Сідарэнкі пры вызваленні Пастаў.

Пасля экскурсіі я пазнаёміла прысутных з біяграфіяй Рыгора Булатава, дзевятнаццацігадовага байца, які першым 30 красавіка 1945 года ў 14 гадзін 25 хвілін узняў чырвоны сцяг над рэйхстагам. Такіх узнятых пасля сцягоў было каля сарака. Афіцыйна быў аб’яўлены сцяг, узняты М. Ягоравым і М. Кантарыя ў 3 гадзіны ў ноч з 30 красавіка на 1 мая. Рыгор Булатаў за праяўлены гераізм пры ўзяцці рэйхстага не атрымаў ніякай узнагароды. А з-за таго чырвонага сцяга лёс пераможцы склаўся трагічна. Пра гэта можна прачытаць у газеце “Советская Белоруссия” за 5 снежня 2015 года.

Ад імя прысутных слова ўзяла вучаніца 10 класа Ксенія Іваноўская. Яна адзначыла, што маладое пакаленне павінна ведаць вызваліцеляў ад фашысцкага ярма і назаўсёды захаваць памяць пра іх. Дзяўчына выказала вялікую ўдзячнасць за тое, што ў нас у школе ёсць такі музей, дзе захоўваецца гістарычная памяць раёна, і вучні пастаянна папаўняюць веды пра вызваліцеляў, людзей, якія падарылі нам светлы Дзень Перамогі.

Гэта мерапрыемства з’яўляецца важным складальнікам патрыятычнага выхавання. А паколькі ў музеі па чацвяргах праводзяцца экскурсіі для вучняў пачатковых класаў школы, а па суботах — для сярэдніх і старэйшых класаў, мы вырашылі правесці яшчэ некалькі экскурсій па названай вышэй тэме, каб пра юбілей В. А. Сідарэнкі і яго подзвіг, пра нашых вызваліцеляў ведалі як мага больш вучняў.

Р. Ластоўская, кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ №2. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.