Вярнуцца ў чароўны школьны свет

Образование

Гэтага свята няма ў календары, але кожны выпускнік добра ведае, што ў першую суботу лютага родная школа чакае сваіх былых вучняў. Ёсць нагода ў чарговы раз вярнуцца ў шчаслівую краіну бесклапотнага дзяцінства і юнацтва, падзякаваць настаўнікам, падзяліцца сваімі дасягненнямі, парадавацца поспехам і ўдачам іншых. Ці часта вы сустракаецеся са сваімі школьнымі сябрамі? На гэта пытанне карэспандэнту “Пастаўскага краю” Анне Анішкевіч адказваюць:

Леаніда  Лявонцьеўна КОЖУХ (Татарыжа), в. Навінкі:

— З Казлоўшчынскай сярэдняй школай звязана ўсё маё жыццё. Я не толькі закончыла гэту навучальную ўстанову, але і 45 гадоў адпрацавала тут. Пачынала выхавальнікам у групе падоўжанага дня. Завочна закончыла педагагічны інстытут, выкладала біялогію, працоўнае навучанне, хімію.

Колькі выпускнікоў выйшла са сцен нашай школы! Усе яны знайшлі сваё месца ў жыцці. Як кранальна праходзілі штогод сустрэчы былых выпускнікоў, колькі новага і цікавага яны даведваліся адно пра другога. І вось ужо другі год такой сустрэчы не адбудзецца па той прычыне, што з 1 верасня 2014-га наша школа спыніла сваё існаванне. Баліць душа, але нічога не зробіш, такія рэаліі часу — катастрафічна змяншаецца колькасць вучняў, наспела неабходнасць рэарганізацыі.

Але для нас, выпускнікоў 1966 года, усё ж такі ёсць нагода сустрэцца — з часу апошняга званка, што празвінеў для нас, мінула 50 гадоў. Праўда, сустрэчу перанясём з традыцыйнай першай суботы лютага на летні час. Але абавязкова збяромся, хоць і не ў сценах школы. Вельмі спадзяюся, што адгукнуцца былыя аднакласнікі. Нумар майго дамашняга тэлефона 2-01-46, сотавага — 5946136 (вэлком).

Леанарда Мар’янаўна ВАЛАВІЧКОВА (Альхімовіч), г. Паставы:

— Клас у нас быў дружны, напэўна, таму і сувязь з аднакласнікамі не парываецца. Хоць апошні школьны званок празвінеў 40 гадоў таму, успаміны пра той вясёлы час усплываюць часта. З узростам настальгія па мінулым узмацняецца. Перапісваемся праз сацыяльныя сеткі, перазвоньваемся. Але ўсё гэта не можа замяніць жывыя зносіны. Сустрэчу звычайна прымяркоўваем да прыезду нашага аднакласніка Іосіфа Вырвіча, якога лёс закінуў ажно ў Сахалінскую вобласць. Юзік — марак. На малую радзіму выбіраецца прыкладна раз у пяць гадоў. Гэта так цудоўна — вярнуцца ў чароўны свет юнацтва!

На жаль, наша Лукашоўская школа закрыта. Тым не менш пад’язджаем да будынка. Потым наведваем мясцовыя могілкі, дзе спачываюць нашы Пётр Зямчонак і Часлаў Аніська. Хвілінай маўчання аддаём даніну памяці Станіславу Кавалеўскаму і Дануце Ахрамей, жыццё якіх абарвалася дачасна…

Бясконцыя размовы вяртаюць у шчаслівыя школьныя гады. Успамінаем кур’ёзныя эпізоды, настаўнікаў, вучняў школы. Апавядаем пра тое, як жывём цяпер, пра дзяцей і ўнукаў. На сустрэчу запрашаем любімую настаўніцу Валянціну Аляксандраўну Буславу.

Кацярына КАЎГАНКА (Пішч), г. Мінск:

— Навасёлкаўскую сярэднюю школу закончыла пятнаццаць гадоў таму. Калі не здарыцца нічога непрадбачанага, абавязкова пры­еду да бацькоў і пайду на сустрэчу. У адзінаццатым класе нас было 12. Жыццё раскідала па свеце. Не кожнаму выпадае выбрацца на сустрэчу. За гэты час мы атрымалі адукацыю, стварылі сем’і, выхоў­ваем дзяцей. Буду рада ўбачыцца з кожным з аднакласнікаў, а таксама з настаўнікамі. Большасць з іх па-ранейшаму працуюць. Дзякуй першай настаўніцы Валянціне Генадзьеўне Януш, якая заклала асновы ведаў. Класныя кіраўнікі ў нас мяняліся ледзь не штогод. Мінулі гады, а добра памятаюцца ўрокі матэматыкі, якія вяла Людмі­ла Эдуардаўна Шчэрба, беларускай мовы і літаратуры (настаўніца — Валянціна Мілецьеўна Пяткевіч). З павагай успамінаю былога дырэктара школы Аляксандра Казіміравіча Міцэвіча (ён выкладаў нямецкую мову). Упэўнена: колькі часу ні міне, а школьныя гады не сатруцца з памяці.

Максім ГОЛУБЕЎ, г. Паставы:

— Летась я закончыў СШ № 1 і стаў студэнтам Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Выбраў спецыяльнасць інжынера-энергетыка. Разам са мной, толькі на іншых факультэтах, вучацца мае адна­класнікі Ілья Якаўлеў і Ілья Мацеша, а таксама Сняжана Жук з паралельнага класа. Вучуся на бюджэтнай форме, атрымліваю стыпендыю. Першую сесію здаў паспяхова. Прыехаўшы на канікулы, паспеў пабываць у роднай школе, сустрэцца з сябрамі, настаўнікамі, класным кіраўніком Галінай Мікалаеўнай Шыман. Яна выкладала ў нас матэматыку. Закладзеныя ёй трывалыя веды спатрэбіліся пры здачы тэсціравання. Спадзяюся, што на традыцыйную сустрэчу выпускнікоў нас, мінулагодніх, збярэцца шмат.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.