Выбар Андрэя Курціна


У 2012 годзе чатыры выпускнікі 11 “А” класа сярэдняй школы №1  выбралі вышэйшыя ваенныя навучальныя ўстановы. Аляксандр Краўчук і Мікіта Баранаў  паступілі ў Інстытут пагранічнай службы, а Сяргей Клачкоў і Андрэй Курцін сталі курсантамі Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь.

— Рашэнне прысвяціць сябе ваеннай справе прыйшло ў старэйшых класах, —  расказваў Андрэй Курцін. — Рэгулярна наведваў дні адчыненых дзвярэй, якія праводзіліся ў акадэміі, цікавіўся жыццём і службай курсантаў-пастаўчан, больш увагі пачаў удзяляць  фізічнай падрыхтоўцы — словам, імкнуўся адпавядаць патрабаванням, якія абавязкова ўлічваюцца пры адборы абітурыентаў. У першую чаргу ўвага звяртаецца на здароўе, фі­зічную і агульнаадукацыйную падрыхтоўку.

Сёння Андрэй Курцін займаецца на чацвёртым курсе прыярытэтнага і перспектыўнага факультэта проціпаветранай абароны.

— Да падрыхтоўкі афіцэрскіх кадраў гэтага роду войск у акадэміі прад’яўляюцца высокія патрабаванні, — гаварыў курсант. — Вучыцца складана, але цікава, бо аўдыторыі і лабараторыі аснашчаны найноўшымі радыётэхнічнымі і радыёэлектроннымі ўстройствамі, сродкамі аўтаматыкі і вылічальнай тэхнікі, шырока выкарыстоўваюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі. Сваю тактычную і баявую падрыхтоўку мы ўдасканальваем на вучэбных камандным пункце і палігоне, з дапамогай  сучасных трэнажораў. Вывучаем сучасныя ўзоры ваеннай тэхнікі: радыёлакацыйныя станцыі, зенітныя ракетныя сістэмы і комплексы і іншыя.

З захапленнем Андрэй расказваў пра практычную падрыхтоўку курсантаў, якая займае больш за 60% вучэбнага часу. У ходзе такіх заняткаў яны ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы зброі і тэхнікі да баявога прымянення, самастойна праводзяць яе наладку і ўхіляюць няспраўнасці.

Курсанты Ваеннай акадэміі маюць немалыя перавагі перад студэнтамі іншых навучальных устаноў. Вышэйшую адукацыю атрымлі­ваюць бясплатна, знахо­дзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Немалаважным з’яўляецца і тое, што выпускнікам гарантаваны працаўладкаванне, дастойная аплата працы, шэраг ільгот, ёсць перспектыва службовага росту.

Нядаўна Андрэй Курцін знаходзіўся дома ў двухтыднёвым водпуску. Летам прыедзе да бацькоў на цэлы месяц. Пасля адпачынку пачнецца апошні год вучобы. А за час яе Андрэй Курцін набыў многія якасці, якімі павінен валодаць сучасны афіцэр. Ён і знешне змяніўся, стаў падцягнутым, сур’ёзным.

— Час ляціць  хутка, — дзяліўся сваімі думкамі юнак. — Пакуль не ведаю, куды магу трапіць служыць. Перакананы ў адным, што атрыманая кваліфікацыя інжынера, спецыяліста па кіраванні  будзе заўсёды запатрабавана ў войсках проціпаветранай абароны. А таму, карыстаючыся выпадкам, заклікаю сёлетніх выпускнікоў школ  паступаць на вучобу менавіта на наш факультэт.

На здымку: курсант Андрэй Курцін.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.