Выпадкова, а так дакладна

Личности

“Ва ўсім надзейная, пунктуальная, ёй не трэба паўтараць па некалькі разоў: ведаю, што ўсё будзе зроблена ў тэрмін і якасна”, — так загадчыца цэнтральнай раённай аптэкі Жанна Анатольеўна Лагвіненка гаварыла пра свайго намесніка Алену Аляксандраўну Паўлаву.

Ва ўстанове яна з 1989 года. Сюды перавялася з Кармянскага раёна Гомельскай вобласці, куды была размеркавана пасля заканчэння Віцебскага медінстытута. Вярнуцца дамоў прыйшлося па сямейных абставінах: памёр бацька. З калектывам пашанцавала. Ж. А. Лагвіненка сустрэла вельмі прыязна, узяла старшым правізарам. Праз паўгода Алену Аляксандраўну перавялі на пасаду намесніка загадчыцы.

—            Вось з  таго часу яе і займаю, — гаворыць А. А. Паўлава. — Кожны рабочы дзень запоўнены справамі. Адна з іх — заказ тавараў. Па камп’ютары правяраю, што ёсць у наяўнасці, чаго не хапае. Усіх людзей у твар не ведаю, а вось па рэцэптах іх праблемы са здароўем, здаецца, завучыла. Увогуле, хочацца, каб усе, хто наведвае аптэку, пакідалі яе задаволенымі, маглі купіць неабходныя лекі. Здараецца, што той ці іншы прэпарат адсутнічае. У такіх выпадках званю на абласны аптэчны склад Віцебскага УП “Фармацыя”, у іншыя аптэкі — і радуюся, калі знаходжу які рэзерв. Пры паступленні ў інстытут думала пра тое, каб аблегчыць маміны пакуты — яна на той момант цяжка хварэла пасля інсульту. На жаль, мама не дачакалася маёй дапамогі. Таму цяпер стараюся ўсім дапамагаць. Зрэшты, прафесія ў нас такая: любіць усіх, спагадаць усім. Як сказана ў “Клятве фармацевта” (аўтар — А. Калугіна),

«Мне судьбою предназначено

Смотреть в глаза людей,

У кого здоровье утрачено.

И не оставить без внимания

Сердца, просящие сострадания».

Алена Аляксандраўна прызналася, што ў іншай справе сябе не ўяўляе. З фармацыяй, як гаворыцца, трапіла ў дзясятку. Хаця пры паступленні ніякага ўяўлення не мела пра тое, чым фармацэўт займаецца. Проста стрыечная сястра параіла, бо сама ў  медыцынскім вучылася. А паколькі Алена быць урачом баялася з дзяцінства, то дакументы вырашыла падаваць на фармацэўтычны факультэт. Але на першым экзамене правалілася. Толькі адчаю не было. За год так сябе падрыхтавала, што ў наступны раз студэнткай стала лёгка.

— Пяць гадоў праляцелі непрыкметна, вучыцца было цікава, — працягвала Алена Аляксандраўна. — І працуецца добра. Хоць і ў нас, як і ў кожнай справе, акрамя плюсоў, часам бываюць і мінусы, скажам, выгрузка тавару. Кожны тыдзень яго атрымліваем па тры тоны. Выстройваемся ланцужком адна за адной і носім наверх і ў сховішча. А потым, расклаўшы частку ў  скрыні, зносім іх уніз і адпраўляем па назначэнні — у гарадскія і сельскія аптэкі.

У жыцці кожнага з нас могуць быць інтарэсы, захапленні, але галоўнае — прафесія. І калі на працу ідзеш з радасцю, то і праца табе адплаціць тым жа. Дзякуючы сваёй прафесіі я магу дапамагаць людзям і сабе. Гэта робіць маё жыццё багацейшым і напаўняе сэнсам.

Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.