Выхоўваюць прыкладам


Таццяна Міхайлаўна Магушкова і Вячаслаў Віктаравіч Салаў жывуць праз дом ад майго па вуліцы Матросава ў райцэнтры. Ведала, што ў іх сям’і адна дачушка, нярэдка бачыла чарнявую прыгажуню. І раптам з’яўляецца яшчэ адна, таксама прыгожая, толькі светленькая і значна маладзейшая дзяўчынка. Адразу пазнаю ў ёй тую, чый фотаздымак быў змешчаны ў нашай газеце, — дырэктар прытулку праз СМІ шукала для Лізы, якая засталася без бацькоўскай (пры жывых бацьках!) апекі, прыёмную сям’ю, і разумею, што менавіта мае суседзі сталі такой сям’ёй. Было гэта ў 2010 го­дзе.

Узгадваючы той час, Таццяна Міхайлаўна расказвае: “Я вельмі люблю дзяцей. Мне з імі цікава, яны такія розныя. А нашай Ірачцы ўжо споўнілася 15, вось-вось выпырхне з дому. Чаму б не ўзяць на выхаванне дзіця, якое апынулася ў бядзе? Гэта ж па-хрысціянску”.

Іра марыла пра сястрычку, таму разам з мамай пайшла па яе ў прытулак. Ліза — смелая, бойкая, у сям’ю ўвайшла лёгка, прыёмных бацькоў адразу стала называць мамай і татам. А вось ва ўзаемаадносінах з Ірай здараліся і канфлікты — дзяўчынкі раўнавалі адна другую да бацькоў.

— Дачушкі, мы вас абедз­вюх аднолькава любім, — пераконвалі тыя. — А вы, як сястрычкі, павінны знайсці агульную мову і жыць у згодзе.

Усялякае здаралася паміж Ірай і Лізай, але яны засталіся сяброўкамі і зараз, раздзеленыя сотнямі кіламетраў, рэгулярна размаўляюць па скайпе. Іра нядаўна выйшла замуж, жыве ажно ў Назрані (Расія), Ліза — у Полацку. Пасля 9-ці класаў яна паступіла летась вучыцца за ткачыху і цырульніка.

А сям’я Магушковай-Салава год назад прырасла хлопчыкам. Гіціс трапіў сюды таксама з прытулку. Першае, чым ён “вызначыўся”, — паехаў катацца на новенькім маміным веласіпедзе і кінуў яго ў кустах ля чыгункі. Чым і не прамінулі скарыстацца нячыстыя на руку людзі — вокамгненна ўкралі. Тэрмінова арганізаваныя пошукі прапажы выніку не далі. Наступная прыгода шасцігадовага хлопчыка стала яшчэ больш рэзананснай. Ён павырываў цыбулю на суседскіх агародах, зламаў агароджу, паабрываў правады ў размеркавальнай скрынцы электрасувязі. Вячаслаў Віктаравіч тым часам быў на заработках у Расіі, Таццяна Міхайлаўна прыйшла ў адчай, маўляў, не справіцца з Гіцісам. Тады ў іх доме перабывалі і тыя, каму ён нашкодзіў, і супрацоўнікі міліцыі, і знаёмыя Магушковай прыёмныя мамы. “Хлопчык такі, што яго нельга ні на крок адпускаць ад сябе, — вучылі яны Таццяну Міхайлаўну. — Вадзі яго за руку”. І яна вадзіла.

— Але хіба хлопчык вінаваты ў тым, у якіх умовах ён жыў, — разважае прыёмны тата Вячаслаў Віктаравіч. — Перад ім не было добрага прыкладу, і ён вырас камячком злосці і непаслухмянства. Калі я вярнуўся з Расіі, Гіціс адчуў мужчынскую руку. Яго і зараз трэба трымаць у строгасці, бо не-не ды і праявіцца непаслухмянства. Але ж ён бачыць, што мы яго любім.

— Гіціс добры, ласкавы, удзячны, — выказвае сваё меркаванне Таццяна Міхайлаўна. — І ў школе справы наладжваюцца, і ў музычнай вучыцца ігры на баяне, і танцуе ён у нас. Цяпер ужо радуе, а не засмучае.

Іншы раз Гіціса наведвае то родная мама, то бабуля, якія жывуць у адной з  вёсак раёна. Не так даўно мама ляжала ў бальніцы, і Таццяна Міхайлаўна вадзіла хлопчыка праведаць яе. Тая паабяцала, што летам забярэ яго дадому. Прыёмная маці зусім не супраць гэтага. Толькі б змагла родная ўтрымацца на правільным шляху, толькі б не азмрочылася зноў яго дзяцінства.

І калі ў гэтага хлопчыка абставіны яшчэ могуць змяніцца, то для 11-гадовага Сярожы дзверы роднага дома зачыніліся назаўсёды. Жанчына, якая дала жыццё хлопчыку, пакінула яго зусім малога, і дзе яна зараз, ніхто не ведае. Сярожа жыў з татам, але ў самым пачатку гэтага года тата раптоўна памёр.

— Я ведала мужчыну, які выхоўваў Сярожу, і іх сямейную драму яшчэ з таго часу, калі жыла ў Навасёлках, — расказвала Таццяна Міхайлаўна. — І не змагла застацца раўнадушнай да хлопчыка, якога спасцігла такое гора. Падтрымаў мяне і муж, і мы забралі Сярожу ў сваю сям’ю.

Гэты хлопчык таксама не падарунак. Але прыёмныя бацькі знаходзяць з ім агульную мову. «Мы кожны дзень молімся, каб Гасподзь засцярог нашых дзяцей ад усялякага зла, — дзяліўся Вячаслаў  Віктаравіч. — І вельмі любім іх. А яшчэ стараемся далучыць да веры, вучым дабру. Нават казкі, у якіх прысутнічаюць насілле і забойствы, адфільтроўваем. Навошта ім бачыць такое?»

— Дзіця — гэта кветачка ў Божым садзе, — дапаўняла мужа Таццяна Міхайлаўна. — Як яго ўзгадуеш, тое і атрымаецца. Мы сеем любоў і верым у тое, што і яны будуць любіць, прыносіць людзям дабро і карысць. І сем’і створаць моцныя і дружныя, а не пойдуць няправільнай дарогай.

…Вяртаюся вечарам з работы. У двары маіх суседзяў — «талака» — бацька і два прыёмныя сыны штосьці майструюць і дзелавіта абмяркоўваюць свае «мужчынскія» справы. Таксама выхаванне! Прыкладам.

Фаіна КАСАТКІНА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.