Хоць ранкам пеўня не чуваць…


У адным з апошніх нумароў “Пастаўскага краю” за 2015 год быў надрукаваны артыкул “Мае Кавалі, якіх няма”. Радкі працялі душу наскрозь, як гаворыцца, кранулі за жывое. Узгадаліся іншыя вёскі, якіх наогул няма на карце раёна, і цяпер замест іх — поле, здзічэлыя сады і агароды. Адна з такіх — Тарасаўка, якая знахо­дзіцца амаль побач з Пятрагамі — малой ра­дзімай майго мужа. Таму я і ведала, што рабілася ў Тарасаўцы і як там жылі людзі.

Маленькая вёсачка — усяго хат пятнаццаць — стаяла ў маляўнічым куточку, над рэчкай. Жылі тут сем’і Януш, Нямір­скіх, Юргелан, Мядзюха, Белых… Ладзілі паміж сабой католікі і праваслаўныя.

 

Тарасаўка адпраўляла сваіх сыноў на фронт у Вялікую Айчынную, і не ўсе абаронцы вярнуліся з вайны дадому — загінуў Пётр Віктаравіч Юргелан (партрэтны здымак). Старэйшае пакаленне тарасаўцаў шчыравала на зямлі пры аднаасобніцтве і потым, уступіўшы ў калгас. За высокія надоі малака не адну ўрадавую ўзнагароду мела, напрыклад, Анюта Юргелан. Увогуле, усе жанчыны былі вялікімі працаўніцамі і адмысловымі майстрыхамі.

А іх дзеці, унукі ўжо мелі магчымасць вучыцца: спачатку ў школе, потым у інстытутах і тэхнікумах. Станавіліся ўрачамі, настаўнікамі, ваеннымі, набывалі рабочыя спецыяльнасці. Далей пайшлі праўнукі — вывучыліся на эканамістаў, дызайнераў і праграмістаў, займаюцца прадпрымальніцтвам. Ёсць і мнагадзетная маці: Зоя Кляпец выходзіла замуж зусім мала­дзенькай, у яе пяцёра дзетак, жыве ў Магілёўскай вобласці.

Добрымі музыкантамі былі Юзаф Юргелан, Ула­дзі­мір Нямірскі, Мікалай Януш. Раней у людзей не было грошай, каб купіць музычныя інструменты, дык яны самі іх рабілі. Напрыклад, Арсень Януш майстраваў цымбалы і сам на іх іграў, Антось Нямірскі — гармонікі, на якіх іграў яго сын Антон. Мужчыны былі добрымі майстрамі ў любой справе, вялі хатнюю гаспадарку, працавалі ў калгасе. Людзі жылі, спраўлялі вяселлі, нараджалі і выхоўвалі дзяцей.

Тарасаўцы раз’ехаліся па ўсім свеце. Але, напэўна, дзе ні жывуць і чым ні займаюцца, пра свае карані памятаюць. Хоць ужо і “няма сцяжынак ля ракі і разваліўся мосцік,/ каторы шмат гадоў таму старанна ладзіў хтосьці./ І ранкам пеўня не чуваць і не мычаць каровы./ Хлявы, сарайчыкі, платы распілены на дровы”, як вельмі трапна пра зніклыя вёскі ў сваім вершы сказала пастаўчанка Наталія Карнілава. Але ёсць памяць, яна захоўваецца ў людскіх сэрцах. І ў фотаздымках таксама, якія сёння і прапаную ўвазе чытачоў.

І апошняе. Да мяне звярнулася віцябчанка Вольга Петухоўская. У яе дзядулі Антона Аляксандравіча Мішуты жонка была з вёскі Тарасаўка. Жылі ў Навасёлках (на тэрыторыі былога калгаса “Чырвоны маяк”). Там ён і пахаваны. Так склалася, што пра дзядулю Вольга ведае няшмат, а хацелася б болей. Просіць адгукнуцца чытачоў: раптам хто яго памятае, то няхай напіша ці пазвоніць у рэдакцыю па тэл. 4-11-07.

С. ЖУК, няштатны карэспандэнт.

На здымках пасляваеннага часу — жыхары вёскі Тарасаўка.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.