Хроніка здарэнняў


Дубль два

У канцы снежня 2015 года з аўтамашыны «ВАЗ-2109» жыхара г.п. Лынтупы, што знаходзілася на тэрыторыі СТА “АвтоМастер” па вуліцы Станкевіча ў Паставах, была ўкрадзена пнеўматычная вінтоўка ІЖ-22 коштам 800 тысяч рублёў. Асоба злодзея ўстаноўлена. Гэта 21-гадовы жыхар вуліцы Касманаўтаў, на рахунку якога яшчэ адно злачынства. У жніўні мінулага года малады чалавек украў у свайго знаёмага банкаўскую картачку ААБ “Беларусбанк” і з яе дапамогай разлічыўся ў адным з магазінаў горада.

 Пахадзілі” па дачах

Адразу тры заявы аб крадзяжах з дачных дамоў паступілі ў РАУС у першай палове лютага. Жыхарка Мінска паведаміла, што з дзвярэй яе дома ў вёсцы Макаршчына збіты навясны замок і прапаў посуд. З просьбай адшукаць украдзеную хатнюю маёмасць у райаддзел міліцыі звярнуўся таксама жыхар Астрашыцкага гарадка пад Мінскам, які мае дачу на хутары Відлы Камайскага сельсавета. А з дачнага дома ў Кадуках, які належыць пастаўчаніну, невядомыя вынеслі запчасткі ад тэлевізара і халадзільніка. Вядзецца пошук зладзеяў.

“Азалаціўся”

4-х залатых ланцужкоў і пары залатых завушніц пазбавілася за адзін вечар 55-гадовая жыхарка вуліцы Юбілейнай у Паставах. Ювелірныя вырабы ўкраў са шкатулкі яе 44-гадовы госць, што пражывае па вуліцы Касманаўтаў, нідзе не працуе і раней быў асуджаны. Разам з ювелірнымі вырабамі ён прыхапіў 2 пары завушніц і пярсцёнак з некаштоўнага металу, а таксама мужчынскую кепку.

Заміналі ліхтары?

У ноч на 31 студзеня ў райаддзел міліцыі патэлефанавала работніца кафэ “Церамок” у Паставах, якая паведаміла, што невядомы мужчына на вачах у іншых грамадзян б’е ліхтары каля будынка кафэ. Неўзабаве на месца прыбылі супрацоўнікі аддзялення ДАІ, якія затрымалі 29-гадовага нецвярозага жыхара вёскі Коўзаны. Ён паспеў пашкодзіць 6 ліхтароў асвятлення, прычыніўшы філіялу “Каапгандаль №2 Пастаўскага райспажыўтаварыства” ўрон на суму каля 1,5 мільёна рублёў. Цяпер хулігана чакае суд.

…І галбейскі Атэла

Пракурорам раёна ўзбуджаны крымінальныя справы ў адносінах да двух жыхароў Пастаўшчыны. Адзін з іх, 1982 года нараджэння, які пражывае па вуліцы 17 Верасня ў райцэнтры, на працягу больш чым месяца сістэматычна збіваў жонку. Другі, 1980 года нараджэння, жыхар вёскі Галбея, пасварыўшыся з жонкай, спрабаваў яе задушыць. Абвінавачваным пагражае адпаведна пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў і арышт тэрмінам да 6 месяцаў.

Падвёў “Момент”

Давядзецца адказаць па законе і 25-гадовай жыхарцы вуліцы Гайдара ў Паставах. У адносінах да яе раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па артыкуле 328 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Устаноўлена, што ў маі і ліпені 2015 года на вуліцах Кастрычніцкай і Зялёнай у райцэнтры грамадзянка знаходзілася ў неадэкватным стане, выкліканым ужываннем таксічных рэчываў (надыхалася клею “Момент”).

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.