Хроніка здарэнняў


Без цяжкасцей

30 студзеня з заявай аб прапажы балгаркі і электрапілы ў РАУС звярнуўся жыхар вуліцы Камарова ў Паставах. Ён паведаміў, што электраінструменты знаходзіліся ў гаражы ў двары дома, дзе пражывае. Прычым, як высветлілася, дзверы ў гараж былі незамкнёныя, што намнога аблегчыла работу злодзею. Яго асоба пакуль не ўстаноўлена. Па факце крадзяжу ўзбуджана крымінальная справа.

Аказалася фальшыўкай

Адна з жыхарак райцэнтра прынесла ў цэнтр банкаўскіх паслуг №230 ААБ “Беларусбанк” у Паставах купюру вартасцю 5000 расійскіх рублёў, каб абмяняць яе на беларускія грошы. Правяраючы купюру, касір заўважыла прыкметы падробкі. Грашовы знак забралі і адправілі на экспертызу, якая пацвердзіла: ён сапраўды фальшывы. Хто і калі вырабіў фальшыўку невядома. Узбуджана крымінальная справа.

Пад суд за махлярства

Пазбаўленне волі на тэрмін да 4 гадоў “свеціць” 41-гадовай жыхарцы аграгарадка Камаі. У ліпені 2014 года яна ўгаварыла сваю знаёмую, якая таксама пражывае ў Камаях, узяць для яе крэдыт у ЗАТ “Банк ВТБ” у памеры 13 мільёнаў рублёў, запэўніўшы, што сама будзе ажыццяўляць усе выплаты па ім. Калі ж грошы аказаліся ў руках, прынятыя на сябе абавязацельствы па пагашэнні крэдыту не выканала, што прымусіла крэдытаатрымальніцу звярнуцца ў міліцыю. Раней там былі зарэгістраваны заявы іншых пацярпелых ад дзеянняў махляркі, у адносінах да якой у 2015 годзе ўзбудзілі адразу некалькі крымінальных спраў.

Пагарэла на спірце

У студзені да адміністрацыйнай адказнасці на падставе ч. 3 арт. 12.27 КаАП Рэспублікі Беларусь прыцягнута 57-гадовая жыхарка завулка Партызанскага ў райцэнтры, якая захоўвала ў сябе дома 18,1 літра 95-працэнтнага этылавага спірту, атрыманага з харчовай сыравіны. Знойдзеныя міліцыянерамі запасы “гаручага” канфіскаваны, а іх гаспадыня аштрафавана на 4 мільёны 200 тысяч рублёў.

Па зводках РАУС падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.