З прызёраў — у пераможцы

Спорт

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў: Вікторыя Дзеравянка, Раман Матоніс, Юлія Крукоўская, Арцём Атвалка.

5 лютага ў рамках рэспубліканскага месячніка абаронна-патрыятычнай і спартыўнай работы ў ціры сярэдняй школы №1 адбыліся раённыя спаборніцтвы па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі.

Як і ў папярэднія два гады, ініцыятарам і арганізатарам іх правядзення стала раённая арганізацыйная структура ДТСААФ.  Яе кіраўнік, галоўны суддзя спаборніцтваў Валерый Лушчык адзначыў, што за гэты час стралковы спорт набыў у раёне  сапраўдную папулярнасць, кожны год выяўляецца ўсё больш падрыхтаваных  спартсменаў.  Створана і прадаўжае ўмацоўвацца адпаведная матэрыяльная база.  У прыватнасці, навучальныя ўстановы маюць дастатковую колькасць пнеўматычных вінтовак.  Ёсць  здольныя арганізатары  гэтай справы.

Сёлета заяўкі на ўдзел у раённым першынстве падалі 11 каманд: дзяржаўнага каледжа, гімназіі, усіх гарадскіх, а таксама Гуцкай, Варапаеўскай, Камайскай і Лынтупскай сярэдніх школ. Як і раней, у склад кожнай каманды ўваходзілі па два юнакі, адной дзяўчыне ва ўзросце да 18 гадоў і прадстаўнік навучальнай установы.  А вось у палажэнне аб правядзенні гэтага мерапрыемства былі ўнесены некаторыя змяненні.  У сувязі з тым, што наша каманда з’яўляецца ўдзельніцай спаборніцтваў па стральбе на першынство Віцебскай вобласці, было вырашана  ўзяць за аснову іх умовы.  На гэты раз для выканання практыкавання ВП-2 кожны ўдзельнік павінен быў зрабіць стоячы 10 заліковых выстралаў па мішэні №9.

Ход спаборніцтваў, меткасць, якую дэманстравала большасць спартсменаў, паказалі, што яны   старанна рыхтаваліся да адказнага старту. Пра гэта сведчыць і такі факт.  Суддзям  упершыню  давялося прымаць рашэнне аб правядзенні перастрэлак, бо на першае месца сярод дзяўчынак і на трэцяе сярод хлопчыкаў  аднолькавую колькасць ачкоў набралі па два прэтэндэнты.  У  выніку ў  асабістым заліку (а сёлета ён праводзіўся асобна сярод хлопчыкаў і дзяўчынак) увесь п’едэстал гонару занялі самыя трапныя стралкі, дарэчы, усе яны навічкі. Першыя месцы з 88 і 81 ачкамі адпаведна занялі Наталля Дзісько з Камайскай СШ  і Раман Матоніс з СШ №2,  другія — Вікторыя Дзеравянка з гімназіі і Арцемій Раманенка з СШ №3. Трэцімі сталі самая юная ўдзельніца спаборніцтваў шасцікласніца СШ №1 Юлія Крукоўская і навучэнец каледжа Арцём Атвалка.

Сярод прадстаўнікоў навучальных устаноў першае месца заняў Мікалай Гірвель (Камайская СШ), другое — Юрый Трафімаў (каледж), трэцяе — Яўгеній Гатоўчык (СШ №2). У камандным заліку таксама адбылася змена лідара. Упершыню пераможцамі спаборніцтваў стала Камайская СШ, другое і трэцяе месцы занялі адпаведна каманды гімназіі і СШ №2.

Старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Валерый Лушчык уручае дыплом за другое месца настаўніку фізічнай культуры гімназіі Аляксандру Вавінскаму.
Каманда Камайскай СШ.

Пераможцам і прызёрам спаборніцтваў старшыня раённай арганізацыйнай структуры Валерый Лушчык уручыў дыпломы і каштоўныя падарункі: турысцкія палаткі, валейбольныя мячы, спартыўныя наборы.  Каштоўным падарункам  адзначана таксама СШ №1 — за садзейнічанне  арганізаванаму правядзенню першынства.  Спаборніцтвамі засталіся задаволеныя ўсе. Асаблівая радасць панавала ў каманды Камайскай СШ. У папярэднія два гады яна таксама паказвала добрыя вынікі — займала трэцяе і чацвёртае месцы. Сёлета з прызёраў выйшла ў пераможцы. Кіраўнік юных стралкоў Мікалай Гірвель, які паказаў асабісты прыклад, высока ацаніў здольнасці Наталлі Дзісько, Сяргея Партасевіча і Алега Гірвеля.  У аснове іх поспеху —  трэніроўкі, удзел у такіх спабор­ніцтвах, як “Абаронца Айчыны”, “Зарніца” і іншых.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.