Зладжаны “дуэт” будаўнікоў

Личности

Перш чым стаць паўнапраўным членам  вялікага і дружнага калектыву адкрытага акцыянернага таварыства “Навасёлкі-Лучай”, Міхаілу Малатоўніку давялося папрацаваць у розных месцах. Пасля закрыцця і ліквідацыі шклозавода “Гута” яму, машыністу шклофармовачных машын, як і многім іншым рабочым, прыйшлося заняцца іншай справай. Ён шукаў сваё месца на Варапаеўскім дрэваапрацоўчым камбінаце, у АБП “Рассвет Пастаўскі”, ездзіў на заработкі ў Расію.

У 2011 годзе разам са знаёмымі ўладкаваўся на работу па дагаворы ў ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Пазней да яго далучыўся Юрый Мяжво з Варапаева. Гэты “дуэт” будаўнікоў вельмі хутка зарэкамендаваў сябе з  найлепшага боку. Таму дырэктар сельгаспрадпрыемства Юрый Францішкавіч Шымчык пачаў даручаць ім адказныя работы, звязаныя з аддзелкай памяшканняў сучаснымі матэрыяламі. Дзякуючы Міхаілу Малатоўніку і Юрыю Мяжво  непазнавальны выгляд набылі кабі­неты і глядзельная зала, размешчаныя ў  адміністрацыйным будынку аграгарадка. Практычна з нуля былі абсталяваны каўбасны і пельменны цэхі, да ўмоў работы ў якіх прад’яўляюцца  асаблівыя санітарна-гігіе­нічныя патрабаванні. Удзячны ім таксама работнікі і спецыялісты цэнтральнай малочнатаварнай і свінагадоўчай ферм, дзе былі абсталяваны пакой адпачынку, лабараторыя і санпрапускнік. Знайшлася справа і пры падрыхтоўцы да здачы ў эксплуатацыю другой чаргі робатызаванай фермы “Коўзаны”, іншых вытворчых аб’ектаў.

— Мы не цураемся ніякай работы,  — расказваў М. Малатоўнік. —  З асаблівым задавальненнем бяромся за рамонт ці рэканструкцыю розных аб’ектаў, якія ў вызначаны тэрмін павінны здаць сваімі сіламі пад “ключ”. Тады не лічымся з часам,  выхаднымі днямі, бо ёсць асабістая матэрыяльная  зацікаўленасць. Справе дапамагае і тое, што не бывае вялікіх перабояў з рознымі матэрыяламі.  Вось і цяпер іх хапае для таго, каб завяршыць работы па абсталяванні ў каўбасным цэху сучаснага бытавога пакоя з раздзявалкамі і душам. Спадзяёмся, што неўзабаве зможам іх прадоўжыць у зале, дзе размесціцца фітнес-цэнтр.

Выраўноўванне, тынкаванне, абшыўка сцен сайдынгам і іншымі матэрыяламі, укладка пліткі, устаноўка рознаўзроўневых, нацяжных столяў, пластыкавых вокнаў і дзвярэй, абсталяванне душавых пакояў — вось няпоўны пералік работ, якія па-майстэрску выконваюць Міхаіл і Юрый.

У маі  споўніцца два гады, як яны сталі членамі адкрытага акцыянернага таварыства і ніколькі не шкадуюць пра гэта.  Асабліва цэняць, што ў тэрмін выплачваецца заработная плата, прадастаўляюцца аплатныя водпускі, для ўласных патрэб у палях севазвароту вырошчваюцца бульба і зерневыя культуры, прадастаўляецца шэраг ільгот, прадугледжаных калектыўным дагаворам для членаў Беларускага прафсаюза работнікаў АПК. Увогуле, кіраўніцтва цэніць працу будаўнікоў. Вось і Міхаіл разам з лепшымі працаўнікамі сельгаспрадпрыемства ўдзельнічаў у раённым свяце, прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

На здымку: Юрый Мяжво і Міхаіл Малатоўнік.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.