Зноў паражэнне

Спорт

“Атлант” (Паставы) — “Ваенная акадэмія” (Мінск) — 2:3, 0:3

1 дзень. 2:3 (25:6; 25:23; 27:29; 20:25; 7:15).

2 дзень. 0:3 (9:25; 25:27; 18:25).

У сучасным валейболе дробязей не бывае: любая страта канцэнтрацыі і тым больш недаацэнка саперні­ка прыводзяць да сумных вынікаў. Так здарылася і з пастаўчанамі, якія згулялі з мінскімі армейцамі, напэўна, самыя драматычныя матчы ў гісторыі каманды на працягу чвэрці стагоддзя. Першую сустрэчу гаспадары пачалі проста бліскуча і з вялікай перавагай выйгралі стартавую партыю за 16 хвілін. У наступным сэце яны крыху расслабіліся, але хутка сабраліся і мацней згулялі ў канцоўцы. Нягледзячы на пашкоджанне нагі ў аднаго з лідараў “Атланта”, дыяганальнага, кандыдата ў майстры спорту Віталя Варанца, наша каманда ўпэўнена дамінавала на пляцоўцы, і ўжо ніхто з гледачоў не сумняваўся ў прыгожай перамозе пастаўчан.

Пры ліку 24:16 на карысць гаспадароў іх галоўны трэнер Г. Г. Савосін замяніў у трэцяй партыі аднаго з моцных ігракоў Сяргея Шатэрніка на маладога валейбаліста. Перад гэтым і большасць ігракоў асноўнага складу таксама замянілі рэзервісты, якія занерваваліся, калі мінчане імкліва сталі скарачаць адрыў. Але настаўнік пастаўчан не адчуў пагрозы і не вярнуў на пляцоўку мацнейшых ігракоў. Акрыленыя госці здзейснілі цуд — адыгралі 13 матч-болаў і выратавалі фактычна безнадзейны матч. Пастаўчане пасля перажытага шоку так і не ўзнавілі свае сілы як у наступных партыях, так і ў паўторнай сустрэчы.

Дарэчы, такая памылка трэнерскага штаба ўжо не першая. У мінулым сезоне падобным чынам пастаўчане праваліліся ў дамашняй сустрэчы з гомельскім ГВК, дзе яны спачатку яўна дамінавалі. Канешне, можна зразумець, што вопытны спецыяліст валейбола Генадзь Савосін імкнецца працаваць на перспектыву, стараецца больш задзейнічаць моладзь. Аднак нават пры наяўнасці ў адрозненне ад мінулага чэмпіянату дастатковай колькасці кваліфікаваных ігракоў пастаўчане прайгралі ўжо 15 матчаў запар, чаго ніколі раней не было.

Частыя тасаванні звенняў, незразумелыя замены не спрыяюць станаўленню каманднай гульні. На жаль, наш “Атлант” перастаў змагацца за перамогу ў кожным матчы, як гэта было пры былым галоўным трэнеры В. А. Захарэвічу. Сёлета ў чацвёрку мацнейшых, якая прадоўжыць барацьбу за медалі, пастаўчане ўжо не трапяць. Да завяршэння папярэдняга этапа чэмпіянату ім засталося правесці 4 матчы, бліжэйшыя — 27-28 лютага зноў дома з лідарам — камандай Жлобіна.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.