Абутковых спраў майстрыхі


Вы калі-небудзь былі далей за прыёмнае акенца ў атэлье па рамонце абутку «Сапожок»? Мне на днях выпала такая магчымасць. Прайшоўшы праз першы пакой, у якім узвышаюцца стэлажы з адрамантаваным абуткам, трапляю ў наступны — светлы і прасторны. Ля вялікіх вокнаў — тры сталы, на кожным ляжаць нажы, заціскі, малаткі і іншыя інструменты. Паверыць, што гэта працоўныя месцы жанчын, а не мужчын, цяжка. Тым не менш гэта факт — калектыў абутковага атэлье выключна жаночы.

Антаніна Уладзіміраўна Кузьміч, Ганна Геранімаўна Мазырка і Часлава Геранімаўна Булгакава працуюць абутніцамі гадоў па трыццаць кожная. Ахвотна ўспамінаюць той час, калі толькі рабілі першыя крокі ў прафесіі.

— Тады абутнікамі ў асноўным былі мужчыны, — расказвала Ч. Г. Булгакава. — Калектыў таксама быў значна большы, таму што мы не толькі рамантавалі, але і займаліся пашывам абутку.

Прыёмшчыца заказаў Надзея Лістрацыеўна Каіка ў «Сапожке» ўсяго два месяцы. Да яе шмат гадоў на гэтай пасадзе працавала Кацярына Данілаўна Шылько, якая вызначалася добрасумленнасцю і адказнасцю, была надзвычай ветлівай і ўважлівай, чулай да праблем і просьбаў наведвальнікаў.  Чалавечым адносінам да кліентаў і прафесійным майстэрствам яна шчодра дзя­лілася з Надзеяй Каіка, якую вучыла на працягу месяца. Прыёмшчыца — не толькі свайго роду твар фірмы — прымае і выдае абутак, але і яго ключавое звяно. Яна размяркоўвае заказы сярод абутніц, налічвае ім зарплату, вядзе табель, запаўняе квітанцыі, займаецца іншымі справамі.

Аб’ём аказаных бытавых паслуг абутковага атэлье ў мінулым годзе склаў 325,5 мільёна рублёў. Самыя запатрабаваныя — замена набоек і маланак, радзей просяць зрабіць латку або падносак. Майстры рамантуюць абутак, які прыносяць жыхары райцэнтра, і той, што паступае з адзі­наццаці комплексных прыёмных пунктаў раёна. А. У. Кузьміч, Г. Г. Мазырка і Ч. Г. Булгакава з раніцы да вечара стукаюць малаткамі, робяць мноства шыўкоў на абутковых падэшвах, выконваюць іншыя аперацыі, не звяртаючы ніякай увагі на спецыфічны пах клею і растваральнікаў, а дзверы атэлье па рамонце абутку практычна заўсёды адчынены, нават у абедзенны перапынак.

Напярэдадні Дня жанчын ва ўсіх калектывах мужчыны віншуюць прадстаўніц прыгожай паловы. Пытаюся: а хто віншуе вас? Жанчыны ў адказ смяюцца, маўляў, і яны не абдзелены ўвагай. Аказваецца, іх віншуе галоўны інжынер райбыткамбіната Сяргей Аляксеевіч Шаўкапляс, які заўсёды ў перадсвяточныя дні прыходзіць з кветкамі і прысмакамі. Самыя шчырыя пажаданні адрасуе падначаленым і дырэктар прадпрыемства Ларыса Віктараўна Федарэнка. Таксама шмат цёплых слоў яны чуюць ад кліентаў «Сапожка», якія не скупяцца на ўсмешкі і пажаданні. Так будзе і сёлета.

Тэкст і фота

Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.