Акардэону падпяваў баян (+фота)


18 сакавіка ў канцэртнай зале Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў імя А. Тызенгаўза адбыўся Першы адкрыты раённы конкурс юных баяністаў-акардэаністаў. Ён сабраў 35 удзельнікаў з нашага і суседніх Браслаўскага, Міёрскага, Глыбоцкага, Докшыцкага і Шаркаўшчынскага раёнаў. Пастаўшчыну прадстаўлялі 23 выхаванцы гарадской і Варапаеўскай школ мастацтваў, у тым ліку філіяла апошняй у Навасёлках.

Адкрываючы конкурс, дзяцей і педагогаў вітала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама І. Ф. Лойка. Яна адзначыла, што па ініцыятыве Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў і яе дырэктара А. А. Собаля ў нашым горадзе на працягу некалькіх гадоў з поспехам праходзіць адкрыты раённы конкурс юных піяністаў. Сёлета было вырашана арганізаваць аналагічнае музычнае спаборніцтва сярод баяністаў і акардэаністаў.

— Думаю, яно таксама прыжывецца на пастаўскай зямлі, і мы будзем рады бачыць яго ўдзельнікаў з іншых раёнаў, — выказала спадзяванне Ірына Францаўна і заўважыла: — Конкурс — гэта выдатная магчымасць заявіць пра свае таленты, падзяліцца сваімі напрацоўкамі і пераняць нешта лепшае ў суседзяў.

Дзецям яна пажадала ўдалых выступленняў, а журы — ацаніць іх па заслугах.

Роля суддзяў лягла на плечы трох выкладчыкаў Наваполацкага музычнага каледжа, а таксама двух выкладчыкаў Пастаўскай і Варапаеўскай школ мастацтваў І. Э. Рагіні і В. М. Тамазанавай. Яны звярталі ўвагу на тое, як канкурсанты валодаюць гукам, якую маюць тэхніку выканання і як паводзяць сябе на сцэне. Усе ўдзельнікі былі падзелены на тры ўзроставыя групы: малодшую (да 11 гадоў уключна), сярэднюю (12—13 гадоў) і старэйшую (14—15 гадоў). Кожны падрыхтаваў і выканаў па два рознахарактарныя творы на свой выбар. Былі і класіка, і народныя апрацоўкі, творы айчынных і замежных аўтараў.

Амаль чатыры гадзіны доўжыліся конкурсныя выступленні, напоўненыя хваляваннем не толькі навучэнцаў, але і іх педагогаў. Падобныя пачуцці давялося перажыць і студэнтам Наваполацкага музычнага каледжа Сяргею Казлову і Яўгенію Сарокіну, якія выступілі перад прысутнымі з канцэртам, пакуль журы раілася і вызначала пераможцаў.

І вось наступіў самы хвалюючы момант конкурсу — аб’яўленне лаўрэатаў. Для гэтага на авансцэну выйшаў старшыня журы, выкладчык Наваполацкага музычнага каледжа М. І. Івашкін, які павіншаваў усіх з удалым правядзеннем музычнага спаборніцтва і акцэнтаваў увагу на важнасці такіх конкурсаў і ў цэлым заняцця дзяцей музыкай у час пагалоўнага захаплення камп’ютарам. А затым уручыў дыпломы ўсім удзельнікам і пераможцам.

У малодшай узроставай групе дыпломаў ІІІ ступені ўдастоены выхаванцы Пастаўскай дзіцячай школы мастацтваў, баяністы Аляксей Гамолка і Яна Татарчук, акардэаніст Ула­дзіслаў Рудніцкі, а таксама навучэнка Варапаеўскай ДШМ па класе баяна Ульяна Лісовіч. Дыпломамі лаўрэатаў ІІ ступені ўзнагароджаны пастаўчанка Дар’я Мішута (акардэон) і прадстаўнікі Варапаеўскай ДШМ Вікторыя Гірсёнак (акардэон), Рэната Казлова і Ганна Насевіч (баян). Званне лаўрэата І ступені прысуджана Аляксандру Іжмайловічу (баян) з Пастаўскай ДШМ.

У сярэдняй узроставай групе прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам. Трэцяе раздзялілі паміж сабой пастаўчанка Паліна Балаш і глыбачане Аляксей і Віталій Гімбіцкія. Другое — Дзмітрый Пракаповіч з Докшыц і Сцяпан Александровіч з Браслава. На першым месцы яшчэ адзін прадстаўнік Браслава — Дзяніс Ясіновіч. Усе дзеці займаюцца па класе баяна.

Сярод навучэнцаў, што выступалі ў старэйшай узроставай групе, трэцяе месца занялі Паліна Барсук (акардэон) з Лужкоўскай ДШМ, Ульяна Ландышка (баян) з Навасёлкаўскага філіяла Варапаеўскай ДШМ і Павел Рацьковіч (акардэон) з Глыбоцкай ДШМ. Другое месца тут не прысуджалася. Першае — у акардэаністкі Аляксандры Баршчэўскай з Варапаева.

І, нарэшце, гран-пры конкурсу па аднадушным меркаванні журы прысу­джана навучэнцы 7 класа Варапаеўскай дзіцячай школы мастацтваў, баяністцы Кацярыне Ясінскай, якая атрымала імянны дыплом ад спонсара, былога вучня Пастаўскай ДШМ, а цяпер прыватнага прадпрымальніка М. М. Трыказенкі. Яна і іншыя лаўрэаты ўзнагаро­джаны таксама сувенірнымі кубкамі з выявай школы, якія вырабіў спонсар. Па словах дырэктара ўстановы А. А. Собаля, ёсць ідэя даць усім лаўрэатам магчымасць прыняць летам удзел у конкурсе “Хто каго?” на Міжнародным фестывалі народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.