“Бяссонныя ночы забываюцца, а адчуванне шчасця застаецца”


Вялікая сям’я. Вялікі дом. Вялікая гаспадарка. Вялікі аб’ём няпростай работы. Усё гэта складальнікі жыцця ўчастковай медсястры Лынтупскай амбулаторыі Ганны Францаўны Бяседскай. Аднак падчас размовы яна ні на што не скардзіцца, на пытанні адказвае толькі з усмешкай. Сілы і натхненне на ўсё ёй дораць пяцёра дзетак, якіх лічыць самым вялікім шчасцем.

Ганна Францаўна нарадзілася ў вёсцы Трашчанішкі, што на Лынтупшчыне. Пасля заканчэння вась­мі класаў Лынтупскай школы паступіла ў медыцынскае вучылішча ў латвійскі Даўгаўпілс.

— Здаваць экзамены паехала выключна за кампанію з сяброўкамі, — успамінала жанчына. — У выніку з нас траіх паступіла толькі я. Вучыцца вельмі старалася, да таго ж была старастай групы. Вучылішча закончыла з чырвоным дыпломам. Атрымала спецыяльнасць “Медыцынская сястра”. Па размеркаванні працавала ў Рызе. Столькі пабачыла — хадзілі ў тэатр, кіно, на канцэрты. Але ўсё роўна вельмі цягнула дадому, на Радзіму.

З гэтай прычыны ў горадзе застацца не захацела. У 1989 го­дзе вярнулася ў Лынтупы. Пазнаёмілася з будучым мужам Іосі­фам. Менш чым праз год пасля вяселля нарадзіўся першынец Сяргей. Ганне быў 21 год. Ужо тады зразумела, што хоча дзетак яшчэ. Колькі? А гэта як жыццё распарадзіцца.

Праз тры гады на свет з’явіўся сын Саша. У 2001-ым сям’ю Бяседскіх чакаў сюрпрыз — нара­дзіліся двайняткі Яна і Віка. А тры гады назад зацяжарыла зноў. Ганне Францаўне на той момант было 42. Успамінае: многія знаёмыя ўспрынялі гэту навіну з непаразуменнем. Псіхалагічна было няпроста. Аднак усё ж паступіла так, як загадвала сэрца. Сынок Арцём нарадзіўся абсалютна здаровенькім. Сёння ў сям’і ён галоўная радасць і ўцеха.

У выхаванні дзяцей у многім дапамагае прафесія. Пад кантролем участковай медсястры —  300 лынтупскіх дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў і больш за 1000 дарослых. Планавыя абходы, агляды ў школах — абавязкаў шмат, адказнасць вялікая. А колькі папяровай работы! Упраўляцца з ёй часам даводзіцца і ў нерабочы час. Дадому ж дабірацца трэба праз увесь пасёлак. Там штодня чакае безліч хатніх спраў. Дык ці бывае калі вольны час для сябе і сваіх захапленняў?

— Вечар доўгі, — усміхалася Ганна Францаўна. — І на ўласныя патрэбы час атрымліваецца выкраіць. Вельмі люблю шыць. У любую вольную хвілінку саджуся за швейную машынку. Раней шмат вязала, асабліва дзіцячага адзення. Яшчэ адна аддушына — кветкі. Летам раніцай зойдзеш у кветнік — і натхненне на ўвесь дзень забяспечана.

У Бяседскіх вялікі дом. Яго пятнаццаць гадоў назад перавезлі з роднай вёскі Трашчанішкі, ад якой сёння засталася толькі назва. Некалі ў гэтых сценах жылі бацькі, дзяды Ганны Францаўны. Сёння гаспадарыць новае пакаленне. Сям’я збіраецца разам толькі ў вялікія святы. Старэйшы сын Сяргей жыве з жонкай у Смаргоні, працуе на будоўлі атамнай электрастанцыі, завочна вучыцца ў ВНУ. Аляксандр — памочнік ляснічага ў Груздаўскім лясніцтве. Дзяўчаты-двайняты вучацца ў дзявятым класе мясцовай школы і ўжо таксама хутка выпырхнуць з дому. Кім стануць — яшчэ не вырашылі. Для маці галоўнае, каб былі прыстойнымі, адукаванымі людзьмі.

— Гадаваць дзяцей у празмернай строгасці не трэба, з імі трэба размаўляць, — пераканана Ганна Францаўна. — Прычым вельмі многа, па кожнай дробязі. Гэта патрабуе часу, але шкадаваць яго не трэба. І да работы прывучаць неабходна з дзяцінства. Хочуць дочкі на кухні дапамагаць? Калі ласка! Няхай з першага разу ў іх штосьці не атрымаецца. Аднак цярплівасць бу­дзе ўзнагароджана. Цяпер у мяне вунь якія памочніцы і ва ўборцы, і ў гатаванні. Ды ў любой справе ў нас узаемападтрымка. Старэйшыя дзеці дапамагаюць гадаваць малодшых. Адпачываць таксама стараемся разам. Нават сумесны прагляд фільма — гэта ж такія эмоцыі! Зусім не матэрыяльныя каштоўнасці робяць сям’ю шчаслівай.

Ва ўсім вельмі падтрымлівае муж Іосіф, які працуе ў жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Ён майстар на ўсе рукі: і ля дома ўсё зробіць, і прыгатуе не горш за жонку. Шмат сіл патрабуе догляд гаспадаркі.  Бяседскія па-ранейшаму трымаюць яе вялікую. Хіба ўсё купіш у магазіне? Лепш мець сваё: і танней, і якасней.

— Столькі клопатаў у вас, гэта ж так складана з усім спра­віцца, — кажу сваёй суразмоўцы.

— Самае складанае ў жыцці —страта блізкіх людзей, усё астатняе — дробязі, — абвяргае Г. Ф. Бяседская. — Маладымі пайшлі на той свет два браты майго мужа (ён — пятае дзіця ў сям’і). Няма ўжо і маёй мамы. Цяпер даглядаю хворую свякроў. Наогул, і мае, і мужавы бацькі вельмі дапамаглі, падтрымалі нас у жыцці, за што ім  вялікая ўдзячнасць. А дзеці… Яны святло, радасць кожнага дня. Безумоўна, іх выхаванне патрабуе шмат сіл. Але бяссонныя ночы хутка забываюцца, а адчуванне вя­лікага шчасця застаецца.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота прадаставіла

Ганна БЯСЕДСКАЯ.



1 комментарий по теме ““Бяссонныя ночы забываюцца, а адчуванне шчасця застаецца”

  1. очень хорошая и душевная статья:)

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.