Фантазія — лепшы памочнік

Личности

Дзякуючы ёй педагог-арганізатар Пастаўскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі Крысціна Рубель заваявала перамогу на абласным конкурсе прафесійнага майстэрства арганізатараў вольнага часу навучэнцаў, які завяршыўся 25 лютага ў Віцебску. У намінацыі “Лепшая работа вядучага” яна ўзнагароджана дыпломам І ступені і Кубкам.

У цэнтры дзяцей і моладзі К. А. Рубель працуе са жніўня 2014 года. Прыйшла сюды, маючы спецыяльнасці музычнага кіраўніка ў дзіцячым садку і выкладчыка, спецыяліста ў сацыякультурнай сферы, якія атрымала ў Полацкім педагагічным каледжы і Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. За плячыма быў таксама 10-гадовы вопыт работы выхавальнікам і культарганізатарам у іншых установах.

На першым часе ў РЦДМ абавязкі арганізатара паспяхова сумяшчала з работай педагога па вакале: яе вучаніца Паліна Квяткоўская летась нават заняла першае месца ў раённым конкурсе “Пастаўская зорачка”. Зараз вядзе студыю творчага развіцця, у якой ладзіць для школьнікаў розныя трэнінгі, развіваючыя гульні, тэатральныя пастаноўкі, адточвае з імі майстэрства вядучага. Ну і, канешне ж, аргані­зуе розныя святы і акцыі, у якіх удзельнічаюць амаль усе гурткоўцы цэнтра — а гэта каля 500 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце ад 9 да 15 гадоў. Асобную работу праводзіць з дзецьмі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця — арганізуе для іх забаўляльныя праграмы.

Любую ўзятую ў інтэрнэце ідэю мерапрыемства Крысціна Аляксандраўна творча перапрацоўвае, прыўносячы ў яе шмат свайго. Часам, дзякуючы палёту фантазіі, з’яўляюцца новыя формы мерапрыемстваў. Так было, і калі рыхтавалася да абласнога конкурсу прафмайстэрства, які праходзіў у два этапы з лістапада 2015 года па люты 2016-га і ў якім удзельнічалі педагогі-арганізатары, культарганізатары, метадысты і педагогі дадатковай адукацыі з усёй Віцебшчыны. На першым этапе канкурсантам трэба было прыдумаць і адправіць у Віцебск 4 аўтарскія сцэнарыі і 3 рэкламныя прадукты, якія прадставілі б іх установы. На другім — 10 фіналістам, у лік якіх трапіла і К. А. Рубель, прадэманстраваць са сцэны Віцебскага абласнога Палаца дзяцей і моладзі сваё майстэрства вядучага — правесці з прысутнымі ў зале школьнікамі 15-хвілінную гульнёвую праграму. Пастаўчанка зрабіла гэта ў прыдуманай ёй жа форме кастынг-шоу, чым пакарыла журы.

— Таго, што стану пераможцай, я не чакала, бо сапернікі былі вельмі моцныя: з Полацка, Наваполацка, Оршы, Віцебска, — прызналася Крысціна. — Але з самага пачатку ўдзелу ў конкурсе дала сабе ўстаноўку: сваю работу павінна зрабіць вельмі якасна і граматна. Рада, што гэта атрымалася. Тое, чым цяпер займаюся, — на сто працэнтаў маё. Я люблю дзяцей, працаваць з імі, укладваць у іх штосьці добрае.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.