І ў лютым становішча не выпраўлена

Сельское хозяйство

Нягледзячы на змяншэнне колькасці пагалоўя кароў, многія вяскоўцы па-ранейшаму забяспечваюць малаком сябе і прадаюць яго дзяржаве. Так, жыхар вёскі Каліты Дунілавіцкага сельсавета Славамір Мар’янавіч Каліцкі трымае 6 кароў. За год ён адправіў на завод амаль 40 тон прадукцыі. Багатае падвор’е і ў Аляксандра Веніямінавіча Кундры з вёскі Гвоздавічы Камайскага сельсавета. Ён прадаў ад трох кароў 17,3 тоны малака. Высокія надоі атрымлівае ад сваёй каровы Таццяна Іванаўна Ракала з Валкоў. Летась яна рэалізавала 6,8 тоны малака і ўвайшла ў лік лепшых здатчыкаў раёна. На здымку: С. М. Каліцкі, А. В. Кундра і Т. І. Ракала.

Атрымаць 44 тысячы тон малака і 6,7 тысячы тон прадукцыі вырошчвання жывёлы — такая задача пастаўлена перад сельгаспрадпрыемствамі раёна ў 2016 годзе. Дасягнуць яе плануецца за кошт павышэння прадукцыйнасці і росту пагалоўя  жывёлы. У прыватнасці, сярэдні надой малака ад каровы прадугледжваецца давесці да 3820 кілаграмаў, а прыбаўленні ў вазе буйной рагатай жывёлы і свіней — адпаведна да 500 і 515 грамаў.

За ходам вытворчасці і рэалізацыі жывёлагадоўчай прадукцыі ўстаноўлены паўсядзённы кантроль з боку спецыялістаў райсельгасхарчу і адпаведных раённых службаў. Вынікі работы ў галіне аналізуюцца на пасяджэннях райвыканкама. Вось і ў мінулую суботу  была дадзена адпаведная ацэнка работы кіраўнікоў і спецыялістаў шэрага гаспадарак. На жаль, становішча ў грамадскай жывёлагадоўлі  незайздроснае. У лютым у цэлым па раёне валавая вытворчасць малака склала да адпаведнага перыяду мінулага года 97,4%. Толькі  чатыры сельгасарганізацыі — ААТ “Навасёлкі-Лучай”, “Хацілы-агра”, філіял  “Нафтазаводмантаж-агра” і АБП “Рассвет Пастаўскі” —  на 5-17%  атрымалі малочнай прадукцыі больш, чым летась.

У сельгаспрадпрыемстве “Дунілавічы-агра” і СВК “Андроны” вытворчасць малака зменшылася ў сярэднім на 25%, у ААТ “Парыж-агра” і “Сцяг Перамогі-агра” — адпаведна на 20 і 30%. Прадаўжаецца спад валавой вытворчасці малочнай прадукцыі ў ААТ “Камайскі-агра”, “Янавіца-агра” і іншых гаспадарках. Асноўны яе недабор тлумачыцца зніжэннем прадукцыйнасці дойнага статка. Калі ў цэлым па раёне ў лютым сярэдні надой малака ад каровы некалькі ўзрос, то ў СП “Дунілавічы-агра” і ААТ “Сцяг Перамогі-агра” зменшыўся адпаведна на 50 і 57 кілаграмаў.

У шэрагу сельгаспрадпрыемстваў назіраецца вялікі расход малака на ўнутрыгаспадарчыя патрэбы. У СВК “Андроны” таварнасць за месяц склала толькі 70%. Нізкая яна і ў  СП “Дунілавічы-агра”, ААТ “Сцяг Перамогі-агра” і некаторых іншых.

У лютым восем сельгас­арганізацый павялічылі вырошчванне буйной рагатай жывёлы. Аднак і ў гэтым кірунку назіраецца вялікая стракатасць у паказчыках. Пра якое нарошчванне вытворчасці мяса могуць весці размову ў СП “Дунілавічы-агра”, СВК “Андроны”, ААТ “Вярэнькі-агра” і “Янавіца-агра”, калі сярэднясутачнае прыбаўленне жывёлы ў вазе тут самае нізкае ў раёне і  склала адпаведна толькі 172, 224, 240 і 320 грамаў.

На вялікі жаль, працягваецца тэндэнцыя выбыцця па розных прычынах буйной рагатай жывёлы. Толькі ў лютым на фермах раёна яе колькасць зменшылася больш чым на 970 галоў. Асабліва шмат  жывёлы не далічыліся ў па­раў­нанні з такім жа перыядам мінулага года ў ААТ “Сцяг Перамогі-агра”, “Вярэнькі-агра”, СВК “Андроны”, СП “Дунілавічы-агра”.

За зніжэнне вырошчвання буйной рагатай жывёлы, вытворчасці і надояў малака, нізкую таварнасць ферм і іншыя ўпушчэнні ў развіцці грамадскай жывёлагадоўлі райвыканкам прызнаў нездавальняючай работу кіраўнікоў СП “Дунілавічы-агра”, СВК “Андроны”,  ААТ “Парыж-агра”, “Камайскі-агра”, “Янавіца-агра” і “Сцяг Перамогі-агра”.

— Адставанне, якое назіраецца ў шэрагу гаспадарак цяпер, выклікана не толькі недахопам кармоў і іх невысокай якасцю, — адзначыў першы намеснік начальніка райсельгасхарчу па жывёлагадоўлі А. А. Філімонаў. —  Адмоўна ўплываюць на рост вытворчасці малака і мяса  непрадукцыйнае выбыццё кароў, незахаванне  тэхналогіі вырошчвання рамонтнага маладняку і цялушак, кармленння і ўтрымання жывёлы. Павелічэнне аб’ёмаў вырошчвання буйной рагатай жывёлы і вытворчасці малака залежыць не толькі ад арганізаванага завяршэння яе стойлавага ўтрымання. Максімум увагі трэба звярнуць на асемяненне кароў і цялушак, падрыхтоўку даільнай гаспадаркі да пашавага перыяду.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.