“Клянёмся старацца, да ведаў імкнуцца” (+фота)

Образование

27 лютага ў Пастаўскай гімназіі прайшло ўрачыстае пасвячэнне ў гімназісты. У іх рады прынялі два дзясяткі пяцікласнікаў і сем навучэнцаў 7—10 класаў.

Галоўнымі віноўнікамі ўрачыстасці адчувалі сябе пяцікласнікі. Іх першых разам з класным кіраўніком Вольгай Аляксандраўнай Бразоўскай пад апладысменты іншых навучэнцаў, настаў­нікаў і бацькоў, якія сабраліся ў зале, запрасілі на сцэну. Вядучыя свята — адзінаццаці­класнік Дзмітрый Рацько і дзевяцікласніца Крысціна Клянтак — расказалі, якім павінен быць сапраўдны гімназіст. А малышы прадставілі сябе прысутным, выразіўшы гатоўнасць быць стараннымі ў вучобе. Разам з наказам любіць гімназію, прыкладна вучыцца і паважаць старэйшых на памяць пра гэты ўрачысты дзень ім уручылі сімвалічную дзясятку.

Ад імя ўсіх бацькоў новаспечаных гімназістаў павіншавалі Ірына Дзмітрыеўна Войніч і Яўгеній Генадзьевіч Чарнякоў. Яны таксама пажадалі ім поспехаў у вучобе, дасягнення пастаўленых мэт, упэўненасці ў заўтрашнім дні, цікавых урокаў, не вельмі складаных заданняў і вясёлых перапынкаў — адным словам, яркага і насычанага школьнага жыцця. Разам з настаўніцай дзеці запалілі свяшчэнны агонь мудрасці, які, думаецца, будзе доўга гарэць у іх сэрцах, асвятляючы дарогу да ведаў.

І вось наступіў самы ўрачысты момант свята — прынясенне клятвы гімназістамі. Перад сябрамі, бацькамі і настаўнікамі яны паабяцалі заўсёды імкнуцца да ведаў, вучыцца, раскрываючы свае творчыя магчымасці, быць сумленнымі ва ўчынках, не засмучацца пры няўдачах, радавацца поспехам таварышаў, паважаць працу настаўнікаў, шчыра любіць Радзіму і даражыць званнем гімназіста. У пацвяр­джэнне гэтага ўсе тройчы паўтарылі: “Клянёмся!”, а затым атрымалі персанальныя бейджыкі.

— Сярод мерапрыемстваў, якія мы праводзім, пасвячэнне ў гімназісты — самае галоўнае і знакавае, — адзначыў дырэктар гімназіі С. Ч. Каранеўскі. — Бягучы навучальны год для ўстановы юбілейны, і вы дзясятыя, каго мы прынялі ў свае сцены. А гэта да многага вас абавязвае. Хачу па­дзякаваць бацькам пяцікласнікаў за тое, што выбралі гімназію. Думаю, вы не расчараваліся. Мы — дакладна не. Вялікае дзякуй таксама настаўнікам пачатковых класаў гарадскіх і сельскіх школ, якія падрыхтавалі такіх цудоўных навучэнцаў.

Славамір Часлававіч выказаў спадзяванне, што гімназісты запомняць гэты дзень, словы клятвы і будуць ім верныя, і пажадаў дзецям і настаўнікам поспехаў у сур’ёзнай сумеснай рабоце.

no images were found

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.