Любім вас!


Першае вясновае свята прысвечана прыгожай палове чалавецтва. Карэспандэнт “Пастаўскага краю” Анна Анішкевіч пацікавілася ў мужчын, за што яны  любяць і цэняць жанчын.

Славамір Генрыхавіч ШАПЕЛЬ,

намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Навасёлкі-Лучай”:

— За тое, што жанчына — жонка, маці, дачка, стваральніца ўтульнасці і камфорту ў доме. За прывабнасць, клапатлівасць, ураўнаважанасць, уменне зразумець і падтрымаць. І што б мужчыны ні казалі, у душы кожны ведае, што светам кіруе жанчына. Ад яе ідзе ўсё самае светлае, прыгожае, цудоўнае.

У нашай гаспадарцы ў розных сферах дзейнасці працуюць больш за 150 жанчын. Жыццё ў вёсцы адрозніваецца ад гарадскога: тут намнога больш клопатаў. Акрамя асноўнай работы, хапае спраў на падвор’і. Але нашы жанчыны і працаваць умеюць шчыра, і весяліцца. Многія ўдзельнічаюць у мастацкай самадзейнасці пры музычнай школе, цэнтры культуры, арга­нізоўваюць вясёлыя мерапрыемствы.

Напярэдадні свята як старшыня прафсаюзнага камітэта з падарункамі завітаю на працоўныя месцы, скажу добрыя словы віншаванняў, падзякую за старанне, руплівасць. Рыхтую падарункі і сваім самым дарагім жанчынам — жонцы Лене, дачцэ Яўгеніі і ўнучцы Сашачцы.

Валерый Антонавіч ЛУШЧЫК,

старшыня раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ:

— Ідэалам жанчыны для мяне з’яўляецца жонка Аксана. Разам мы 26 гадоў. Выхавалі дачку і сына. А пажаніліся, калі я быў афіцэрам. Жонкі ваенных — гэта асобная катэгорыя, на іх долю выпадае нямала цяжкасцей гарнізоннага жыцця. Не адзін раз мяняла месца жыхарства і  наша сям’я, Аксане  зноў і зноў прыходзілася наладжваць быт. Мужчына — гэта здабытчык. А жанчына — захавальніца сямейнага ачага, ад яе ў многім залежыць атмасфера ў сям’і.

Цаню гаспадарлівасць, жыццярадаснасць, уменне выслухаць і пачуць, здольнасць ацэньваць сітуацыю з розных бакоў, прыйсці да паразумення. Аксана — прыгожая, адкрытая, камунікабельная, творчая, вясёлая. З ёй лёгка па жыцці.

Напярэдадні свята шчыра віншую таксама калег, жанчын, якія вучацца або былі навучэнкамі нашай школы і атрымалі ва­дзіцельскія правы. Усім жадаю моцнага здароўя, роўных дарог, асабістага шчасця.

Дзмітрый Раманавіч КУЗЬМІЧ,

прадпрымальнік:

— Хай не крыўдзяцца мужчыны, але на плячах жанчыны трымаюцца тры вуглы дома, і толькі адзін — на нашых. Ідэальная жанчына — гэта верная жонка, любячая маці, клапатлівая гаспадыня. Спалучаць у сабе ўсе гэтыя якасці няпроста. Але жанчына — натура вынослівая, цярплівая. Яна — твар мужчыны. Таму хочацца, каб жонка заўсёды была прывабнай, прыгожа апранутай.

Мая Алеся з ліку тых, хто не выйдзе на вуліцу, не падфарбаваўшы вусны і вочы, не ўклаўшы валасы. Яна ўмее шыць і вязаць. Таму ўсе рэчы і ў яе, і ў 14-гадовай дачкі — эксклюзіў. Хутка ўпраўляецца з любой хатняй справай, не нервуецца па дробязях. Яна дапамагае мне ў бізнесе, падтрымлівае, раіць.

 

Уладзіслаў Ігаравіч ЖЫГАЛА,

начальнік аддзялення пагранічнага кантролю “Мольдзевічы”

Смаргонскай пагранічнай групы:

— Самая “жаночая” прафесія на гра­ніцы — кантралёр пункта пропуску. У нашым аддзяленні нароўні з мужчынамі служаць каля 20 жанчын. Яны розныя па ўзросце і характары, але аднолькава адказна выконваюць свае абавязкі, нармалізуюць клімат у калектыве, упрыгожваюць наша жыццё.

Служба няпростая. Патрабуюцца пільнасць, інтуіцыя. Праз спрошчаныя пункты пропуску ў Мольдзевічах і Лынтупах праязджае нямала людзей. Сустракаць  іх трэба ветліва, да кожнага праяўляць уважлівасць. Прывілей у жанчын-ваеннаслужачых няма. Ім трэба быць вынослівымі, мужнымі, нароўні з мужчынамі здаваць фізпадрыхтоўку, страляць з пісталета Макарава.

Цаню за добрасумленнае выкананне абавязкаў, адказнасць. Увогуле, жанчына — гэта заўсёды загадка, непрадказальнасць, харызматычнасць. А яшчэ дабрыня, мудрасць, надзейны тыл для мужчын.

Аляксандр ЛІТВІНОВІЧ,

студэнт 5 курса Беларускага

дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта:

— Я пакуль не жанаты. Магчыма таму, што прад’яўляю высокія патрабаванні да дзяўчат. Не люблю тых, хто курыць, празмерна карыстаецца касметыкай, развязна сябе паводзіць. Сябрую з інтэлектуалкамі, з якімі можна пагаварыць на розныя тэмы, падыскутаваць. Хачу, каб мая жонка была для мяне сапраўды другой палавінкай, стварала ў доме ўтульнасць. Цаню кулінарныя здольнасці (напэўна, таму, што смачна гатуе мама). Жонка павінна быць вернай, на­дзейнай, разумнай, акуратнай, мець пачуццё стылю і гумару. А яшчэ — псіхолагам з вялікай літары: умець правільна пабудаваць адносіны з мужам, дзецьмі, свекрывёй.

Напярэдадні свята самыя шчырыя віншаванні дасылаю маме Алене Віктараўне, якая ўсю сябе аддае мне, дзвюм маім сястрычкам, тату, дзвюм бабулям. Апека над іншымі закладзена ў маміных генах, на ўсіх хапае цяпла яе сэрца.

Віктар Іванавіч ПУПКЕВІЧ,  пенсіянер:

— Мой погляд заўсёды прыцягваюць прыгожыя, вытанчаныя жанчыны з ідэальнымі рысамі твару, кідкім макіяжам, з густам апранутыя. Але я найперш цаню ўраўнаважанасць,  пяшчоту, чуласць. Мы, мужчыны, павінны не засмучаць жанчын, а ствараць ім добры настрой. У сям’і вельмі важны ўзаемадавер. Калі ён знікае, трэшчынка паміж дзвюма пала­вінкамі перарастае ў бездань, якая паступова аддаляе нас адно ад другога. І тады ўжо не тое што дацягнуцца, але нават пачуць сваю палавінку немагчыма.

Першае, што некалі сказаў Адам Еве: “Якая ты прыгожая!”. Трэба гэтыя словы і  нам часцей паўтараць сваім жонкам. Хоць маёй Марыі Антонаўне ўжо пад семдзесят, яна любіць, калі кажу ёй кампліменты. Праўда, і сачыць за сабой стараецца. Цаню яе аптымістычны характар, гумар, уменне саступіць. Жыццё без жанчыны — маркота.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.