Масленіца гуляла — вясну сустракала

Культура

Многія пастаўчане пенсіённага ўзросту, а таксама наведвальнікі аддзяленняў сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі, дзённага і кругласутачнага знаходжання тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў канцы мінулага тыдня прыйшлі ў аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту, каб з зімой развітацца ды вясну сустрэць. Бабка Шуціха і скамарох Гаўрыла расказвалі пра гісторыю свята, запрашалі ўсіх спяваць, танцаваць, масленічныя стравы пакаштаваць. У Масленіцу можна дазволіць сабе ўсё, акрамя маркоты і суму. І прысутныя весяліліся па-заліхвацку.

Раней гаварылі: пайшла зіма плачучы, а вясна ідзе скачучы. Так было і на свяце ў аддзяленні. Супраціўлялася Зіма, хацела яшчэ ўладарыць. А яе гналі папрокамі за тое, што тры месяцы не працавала: шкадавала марозу і снегу, мала намятала гурбаў. А потым прапанавалі прыгажуні некалькі конкурсаў на выпрабаванне: з Масленіцай перацягвала канат, з завязанымі вачыма абмінала бутэлькі з вадой. Група падтрымкі была больш актыўнай у Масленіцы, і прыйшлося Зіме саступіць. Горача ёй стала ад жартаў, песень, танцаў, карагодаў.

Бабка Шуціха, Гаўрыла, Масленіца, Вясна ладзілі гульні, забаўлялі гасцей трапным словам, частавалі смачнымі блінамі, якія сімвалізуюць сонца і з’яўляюцца галоўнай стравай на Масленіцы. Бліноў напяклі работнікі аддзялення дзённага знаходжання пажылых грамадзян, сацыяльныя работнікі, ды і самі госці прыходзілі з прысмакамі.

Ніхто з прысутных не пашкадаваў пра тое, што прыйшоў на свята. Адны, па іх словах, жадалі дакрануцца да невычэрпнай крыніцы беларускага народа — яго традыцый і абрадаў, іншыя прыйшлі, каб проста прыемна адпачыць, сустрэцца са знаёмымі, а ўвогуле — усе жадалі цікава і змястоўна правесці свой вольны час.  Работнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту распрацавалі цікавы сцэнарый, прыдумалі шмат конкурсаў і забаў, зрабілі ўсё для таго, каб свята запомнілася і пакінула шмат уражанняў.

З выкананнем роляў удала справіліся загадчыца аддзялення Ларыса Фень, кіраўнікі гурткоў Аксана Дробышава, Таццяна Сабецкая, Ганна Купрэвіч, медыцынская сястра Наталля Літвін. У абрады провадаў зімы і гукання вясны яны ўцягвалі і гледачоў. Нікога не пакінулі абыякавымі спецыяльна падабраныя да свята тэатралізаваныя мініяцюры і песні.

Надвор’е ў той дзень было неспрыяльным, таму праграму прыйшлося ладзіць у памяшканні. Але напрыканцы яе, не звяртаючы ўвагі на густы дождж, усе выйшлі на вуліцу, каб спаліць чучала Зімы. Нашы продкі лічылі: калі яно гарыць добра, то і ўраджай будзе багаты. Згарэла дашчэнту. Значыць, можна спадзявацца на плён добрых спраў работнікаў аддзялення, якія шчодра дзеляцца сваім талентам, спагадай з тымі, хто наведваецца да іх.

no images were found

Тэкст і фота Анны АНШКЕВІЧ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.