Месяц, які не забыць


26 красавіка спаўняецца 30 гадоў з дня аварыі на Чарнобыльскай атамнай электра­станцыі — самай буйной тэхнагеннай катастрофы на планеце. Старэюць яе сведкі і ліквідатары. Але не старэе іх памяць, якая назаўсёды захавае ў сваіх лабірынтах звязаныя з Чарнобылем падзеі.

Добра памятае той час і пастаўчанін Віктар Эдуардавіч Куталёў, якому цэлы месяц давялося правесці ў зоне радые­актыўнага забруджвання. Трапіў туды ў студзені 1987 года разам з іншымі супрацоўнікамі ўпраўлення ўнутраных спраў Віцебшчыны. Вестку пра небяспечную камандзіроўку ўспрыняў як данасць, бо кіраўніцтва райаддзела міліцыі, дзе служыў у аддзяленні ДАІ, патлумачыла: па чарзе ў зоне пабывае амаль кожны.

— Спачатку нас сабралі ў Віцебску, і мы прайшлі медкамісію, — успамінае ветэран. — Там сфарміравалі атрад і экі­пажамі па чатыры чалавекі на машыну адправілі ў Нароўлю, дзе павінны былі дзяжурыць на КПП — ажыццяўляць прапускны рэжым. Правяралі тэхніку, якая ўязджала ў горад і выязджала з яго, замяралі на ёй радыяцыю. Калі перавышала ўстаноўленую норму, пакідалі транспарт на кантрольна-прапускным пункце. На першым часе гэтым займаліся цывільныя асобы, прызваныя ад ваенкамата. Але многія не вытрымлівалі і ўцякалі, калі дазіметр пачынаў зашкальваць ад радыяцыі. Таму іх работу выконвалі мы. Разам з дзяжурствамі на КПП патрулявалі горад, сачылі за правапарадкам у ім.

Паколькі надвор’е стаяла марознае, акрамя бушлатаў, на месцы камандзіраваным выдалі кажухі. Як аказалася, яны былі з вельмі высокім узроўнем небяспечных радыеактыўных элементаў. Таму большасць не апраналі іх, каб не атрымаць яшчэ большую дозу апраменьвання. Харчавацца стараліся кансервамі з сухіх пайкоў, якія прывозілі, піць — толькі мінеральную ваду. Як яшчэ змагацца з радыяцыяй, не ведаў ніхто, у тым ліку і ўрачы.

— Некаторыя раілі піць чырвонае віно “Кабернэ”, быццам бы яно добра выганяе з арганізма стронцый, — працягваў В. Э. Куталёў. — Але, прыехаўшы на месца, мы не знайшлі яго ў магазінах. Памятаю, давалі нейкія таблеткі для прафілактыкі. Якія гэта былі прэпараты, не ведаю. На працягу ўсёй камандзіроўкі пяршыла ў горле, было цяжка дыхаць. Што значыць чыстае, незабруджанае паветра, адчуў, калі вяртаўся дамоў. Яно падалося салодкім, адразу закруцілася галава. Спыніўшыся па дарозе на прывал, мы не маглі надыхацца.

Многіх, хто разам з Віктарам Эдуардавічам пабываў у чарнобыльскай зоне, сёння няма на гэтым свеце. Хутка пайшлі з жыцця саслужыўцы з Дзяржаўтаінспекцыі Валерый Руткоўскі і Алег Лысёнак. У першага засталіся двое маленькіх дзяцей. Памерлі калегі і з іншых падраздзяленняў РАУС. Самога В. Э. Куталёва, якому на той час было ўсяго 28 гадоў, неўзабаве пасля прыезду дамоў пачаў непакоіць высокі ціск. Зараз мужчына знаходзіцца на ўліку ў цэнтральнай райбальніцы з гіпертаніяй. Паступова з’явіліся іншыя хваробы. Нядаўна перанёс аперацыю на страўніку. Тым не менш па-ранейшаму застаецца ў страі. Выйшаўшы на пенсію ў 1999 годзе, працаваў ва УП ЖКГ, тры гады таму ўладкаваўся вартаўніком у раённае аддзяленне Дэпартамента аховы.

Успамінаць падзеі 30-гадовай даўнасці, пра якія нагадвае нагрудны знак “Удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС”, ветэран не любіць. Таму кожны раз адмаўляецца ад запрашэнняў адміністрацыі гімназіі, дзе вучыцца ўнучка, прыйсці напярэдадні памятнай даты ва ўстанову і расказаць дзецям пра сваю работу ліквідатара. А магчыма, сціпла лічыць, што яна не заслугоў­вае такой вялікай увагі.

— Мы ехалі ў зону па сваёй волі, пад прымусам нікога не адпраўлялі — не мелі на гэта права, — зазначыў у размове мужчына і дадаў: — Трэба ж было камусьці аказваць там дапамогу.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.