“Атлант” (Паставы) — ЦАР (Жлобін) — 1:3, 0:3
1 дзень. 1:3 (10:25; 25:20; 21:25; 18:25).
2 дзень. 0:3 (22:25; 23:25; 19:25).
У адрозненне ад пастаўчан вынікі гэтых матчаў для гасцей, фактычна зборнай Гомельскай вобласці, мелі выключнае значэнне. У выпадку дзвюх перамог на выездзе жлобінцы датэрмінова станавіліся пераможцамі нацыянальнага першынства ў дывізіёне “Б”, уладальнікамі памятнага Кубка, дыпломаў і малых залатых медалёў. Гасцям у выніку ўдалося дабіцца пастаўленай мэты, але і гульня пастаўчан пакінула прыемнае ўражанне, бо яны на роўных згулялі з вельмі моцным сапернікам.
У гэтым сезоне вельмі ўзмацніў склад жлобінцаў найвопытнейшы 38-гадовы распасоўшчык у мінулым зборнай Беларусі, майстар спорту Сяргей Фурман. Гэты валейбаліст па-ранейшаму ў добрай фізічнай форме, гуляў бліскуча, забяспечваючы партнёраў ідэальнымі перадачамі, з якіх было цяжка прамахнуцца. Госці мелі перавагу і ў росце. Стартавую партыю яны правялі на адным дыханні і ўпэўнена яе выйгралі дзякуючы бездакорнай гульні на блоку і на задняй лініі. Да гонару пастаўчан, яны не змірыліся з асечкай на старце, значна прыбавілі ў гульні пасля выхаду на пляцоўку другога распасоўшчыка — Васіля Коўтуна.
Цяпер ужо камандзе цэнтра алімпійскага рэзерву цяжка было стрымаць атакі нашых дыяганальных Віталя Варанца, Сяргея Шатэрніка і першым тэмпам Данілы Шышко. Гаспадары не толькі зраўнялі лік, але і былі наперадзе з перавагай у 2-3 мячы да сярэдзіны трэцяй партыі. На жаль, серыя памылак пры завяршэнні камбінацый дазволіла гасцям перахапіць гульнявую ініцыятыву і давесці першы матч да перамогі.
Паўторная сустрэча праходзіла яшчэ больш упарта і відовішчна, але канцоўкі ўсіх трох партый крыху мацней правялі жлобінцы і зноў святкавалі перамогу.
Для пастаўскага “Атланта” сезон на гэтым не закончыцца. Наша каманда згуляе яшчэ па кругавой сістэме ў падгрупе “С” без уліку набраных ачкоў на папярэднім этапе 5 рашаючых матчаў у шасцёрцы слабейшых. Аднак пастаўчанам прыйдзецца змагацца на фінішы сезона ў двух турах на выездзе ў Оршы альбо ў Віцебску і ў Гродне — Мінску.
Уладзімір ШЫК.