“Не памыліўся, выбраўшы міліцыю”

Общество

Падпалкоўнік міліцыі Аляксандр Генадзьевіч Мя­дзелка ў органах унутраных спраў служыць са жніўня 1998 года. Ён адзін з лепшых супрацоўнікаў Пастаўскага РАУС. Заўсёды падцягнуты, спартыўны, з’яўляецца ўзорам для калег як у плане знешняга выгляду, так і выканання сваіх службовых абавязкаў, дзе праяўляе адказнасць і высокі прафесіяналізм, нязменна дабіваючыся добрых вынікаў. Сёлета ў ліку 15 нашых землякоў яму было прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Пастаўшчыны”.

— Аляксандр Генадзьевіч, як успрынялі вестку пра тое, што сталі чалавекам года ў раёне?

— Аднёсся да гэтага даволі спакойна. Хоць, у прынцыпе, заўсёды прыемна, калі твае заслугі нейкім чынам ацэньваюцца, — з’яўляецца стымул працаваць яшчэ лепш. Не ведаю, наколькі варты такога звання, бо ў ім ёсць доля працы ўсяго калектыву аддзела. Але калі прымаў віншаванні ад калег, чуў, што атрымаў яго ўпаўне заслужана.

— Ведаю, што вы нара­дзіліся ў сям’і, далёкай ад міліцэйскай службы. Чаму выбралі яе?

— Так склаўся лёс. Мая маці большую частку жыцця адпрацавала ў райспажыўтаварыстве. Бацька быў урачом. Стаць медыкам хацеў і я. Пасля школы два гады запар паступаў у медінстытут у Віцебску. Конкурс у той час быў вельмі вялікі, і я не прайшоў. Пасля першай няўдалай спробы адвучыўся 10 месяцаў у Пастаўскім СПТВ, атрымаў спецыяльнасці слесара, электрыка і вадзіцеля. А на другі год, праваліўшыся ў медінстытуце, падаў дакументы ў Магілёўскую школу міліцыі і без асаблівых цяжкасцей стаў яе курсантам.

— Як блізкія аднесліся да вашага выбару?

— Раней Магілёўскую школу закончыў мой стрыечны брат, які раіў і мне пайсці туды вучыцца. Таму калі з бацькамі выбіраў навучальную ўстанову, у якасці аднаго з варыянтаў разглядаў гэты. Канешне, тата з мамай былі рады, што я паступіў, хоць і не ў медінстытут, як планаваў спачатку. Праўда, на першым часе, пакуль праходзіў курс маладога байца, перажывалі, бо ні нас нікуды не адпускалі, ні да нас не пускалі нікога. Да таго ж Магілёў далёка ад Пастаў. Але ў далейшым, калі пачалі даваць звальненні і я мог раз у месяц прыязджаць на выхадныя дамоў, супакоіліся.

— Дзе і кім пачыналі службу?

— Пасля заканчэння школы міліцыі па размеркаванні трапіў у Аршанскі гарадскі аддзел унутраных спраў. Адпрацаваў там два гады оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку. За гэты час ажаніўся з пастаўчанкай. Неў­забаве нарадзілася дзіця, і я перавёўся на радзіму.

— На якіх пасадах давялося папрацаваць у Пастаўскім РАУС?

— Як і ў Оршы, некалькі месяцаў служыў у крымінальным вышуку. Затым перавялі ў службу міліцыі грамадскай бяспекі. Спачатку быў участковым, потым старшым участковым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх. У 2004 годзе перайшоў участковым у аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі, абслугоўваў адміністрацыйны ўчастак 5 гарадка. Адначасова вучыўся завочна ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь, якую закончыў у 2005 годзе па спецыяльнасці “Правазнаўства”. У прынцыпе, у службе аховы грамадскага парадку я папрацаваў на ўсіх пасадах, якія ёсць. Быў старшым інспектарам па прафілактыцы, старшым інспектарам па дазвольнай рабоце. А са жніўня 2012 года ўзначаліў названы вышэй аддзел.

— Якіх вынікаў у рабоце ўдалося дасягнуць за гэты час?

— Кожны год яны крыху адрозніваюцца, але ў цэлым заўсёды станоўчыя. Дзякуючы калектыву, кіраўніцтву раёна і аддзела, а таксама ўпраўленню ўнутраных спраў аблвыканкама, якое нас накіроўвае і не дае расслабляцца, мы на добрым рахунку ў вобласці. Увогуле, у апошні час работу міліцыі прынята ацэньваць па грамадскай думцы насельніцтва, якое пражывае на падведамнай тэрыторыі. Дык вось, з года ў год працэнт даверу да нас пастаўчан расце. Сёлета мы ўвайшлі ў самую высокую, зялёную, зону, у чым немалая заслуга і аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі.

Калі гаварыць пра яго дзейнасць, то яна вельмі шырокая, датычыць практычна ўсіх сфер і напрамкаў дзейнасці РАУС. Ніводная іншая служба не абыходзіцца без службы ўчастковых інспектараў міліцыі. Яны займаюцца прафілактыкай усіх відаў правапарушэнняў: апякуюцца над пажылымі і непаўналетнімі, ажыццяўляюць кантроль за судзімымі, асобамі, якія злоўжываюць спіртным, здзяйсняюць правапарушэнні ў сямейна-бытавой сферы і да т.п.; забяспечваюць усю грамадскую бяспеку, у тым ліку на ўсіх масавых мерапрыемствах, удзельнічаюць у рэйдавых мерапрыемствах, патруляванні вуліц горада і г.д. Наш калектыў самы вялікі ў аддзеле — налічвае 23 чалавекі, сярод іх 19 участковых інспектараў і 2 інспектары па дазвольнай рабоце і прафілактыцы. У большасці сваёй людзі вопытныя, належным чынам выконваюць ускладзеныя на іх абавязкі.

— Ці згодныя вы з радком з вядомай песні “Наша служба и опасна, и трудна, и на первый взгляд как будто не видна”?

— Гэта на самай справе так, бо нашу работу можна заўважыць толькі па нейкіх выніках. Спакойна ў горадзе, можна хадзіць па вуліцах у вячэрні і начны час, прагульвацца па скверах, не баючыся, што ў адносінах да вас могуць здзейсніць правапарушэнне або злачынства, — значыць, міліцыя працуе добра, кантралюе кожны куток. Узяць, напрыклад, любое масавае мерапрыемства. Яму заўсёды папярэднічае вялікая падрыхтоўчая работа ў аддзеле, пачынаючы са складання нарматыўнай дакументацыі, рэкагнасцыроўкі на мясцовасці, вызначэння плана правядзення мерапрыемства, узгаднення ўсіх нюансаў і пытанняў — ад устаноўкі турнікетаў да сметніц — і заканчваючы расстаноўкай асабовага складу. У выніку ўсе заўважаюць, што ў нашым гора­дзе менш сталі распіваць спіртное ў грамадскіх месцах, на свята можна прыйсці з маленькімі дзеткамі, не апасаючыся за сваю і іх бяспеку.

Што датычыць “и опасна, и трудна”, то галоўная цяжкасць якраз і заключаецца ў вялікім аб’ёме работы, які старонняму чалавеку не відаць. А адносна небяспекі магу сказаць, што з ёй сутыкаецца кожны супрацоўнік міліцыі ў сваёй паўсядзённай дзейнасці, паколькі мае справу з пэўнай катэгорыяй грамадзян. І тут заўсёды трэба быць гатовым да любых непрадбачаных сітуацый.

— Некалькі гадоў назад вас прызналі лепшым настаўнікам у РАУС. Па-ранейшаму бераце пад крыло маладых калег?

— Моладзь мы бяром пад крыло заўсёды, як, напэўна, у кожным калектыве, для таго, каб чалавек стаў сапраўдным прафесіяналам сваёй справы. У любым выпадку маладых трэба вучыць, бо тэарэтычныя веды, якія даюць у акадэміі і школе міліцыі, істотна разыхо­дзяцца з практыкай. Нават тыя маладыя супрацоўнікі, што замацаваны за больш вопытнымі калегамі, знахо­дзяцца пад апекай кіраў­нікоў службаў, у тым ліку і пад маёй. Мы ім дапамагаем, падказваем, накіроўваем і ў той жа час кантралюем.

— Ці лёгка сумяшчаць службу і сям’ю?

— Вельмі няпроста, бо шмат часу праводжу на рабоце. Канешне, хацелася б удзяляць блізкім больш увагі. Ды гэта, як правіла, не атрымліваецца. Пашанцавала, што маю надзейны тыл у асобе жонкі Іны, дзякуючы якой і трымаецца наша сям’я. Калі б дома не чакалі і не разумелі, сям’і, напэўна, не было б. Таму любую вольную хвіліну стараюся праводзіць з жонкай і дзецьмі, знаходзіць час на выкананне дамашняй мужчынскай работы, якую ніхто не адмяняў.

— Вы строгі бацька? Як выхоўваеце сваіх дзяцей?

— Іх выхаванне з-за маёй занятасці лягло ў асноўным на плечы жонкі, але па меры магчымасці прымаю ў гэтым удзел і я. Строгім не магу сябе назваць, наадварот, стараюся песціць сына і дачку. Хоць, бывае, даво­дзіцца і павысіць голас на дзяцей, паставіць іх на месца. Праўда, сын ужо дарослы і дастаткова самастойны — яму 16 гадоў. А вось дачка, якой усяго 4 годзікі, цяпер наша галоўная пястушка, ёй удзяляем найбольш увагі.

— Што думае сын пра вашу прафесію? Ці збіраецца таксама стаць міліцыянерам?

— Ёсць такая жартоўная прымаўка: ученье — свет, а неученье — чуть свет — и на работу. Дык вось, сын часам пытаецца: “Тата, ты чаму так дрэнна вучыўся ў школе, што ідзеш на працу, калі яшчэ цёмна, і прыцемкамі вяртаешся з яе?” А калі сур’ёзна, то да маёй прафесіі ён ставіцца нармальна, раней нават выказваў жаданне служыць у міліцыі. Цяпер, стаўшы дарослым і бачачы, колькі часу я аддаю рабоце, пачынае задумвацца над сваім выбарам. Але, мяркую, усё ж пойдзе па маіх слядах — будзе паступаць калі не ў Акадэмію МУС, дык у Ваенную акадэмію. Мы з жонкай не супраць, бо будзем спакойныя за тое, што на працягу вучобы ён пад наглядам.

Ведаю, у вашай сям’і ёсць агульнае хобі — рыбалка. Раскажыце, калі ласка, пра яго.

— Рыбалка — той занятак, які дапамагае расслабіцца, забыць на некаторы час пра ўсе праблемы. Раней ёй захапляўся толькі я, жонка не праяўляла да гэтага ніякага інтарэсу. Але, калі ажаніліся, пачала ездзіць са мной і паступова так уцягнулася, што цяпер сама просіць мяне ўзяць выхадны і адправіцца з начлегам на рыбалку. Напрыклад, сёлета 1 і 2 студзеня мы правялі не дома за навагоднім сталом і праглядам перадач па тэлевізары, а на возеры з вудачкамі. Лавіць рыбу ў нашай сям’і падабаецца ўсім. Сын пачаў гэта рабіць, калі яму не было яшчэ і двух гадоў. Праўда, у апошні час рэдка ездзіць з намі: аддае перавагу камп’­ютару і вучобе. Жыва цікавіцца працэсам рыбнай лоўлі і дачка.

— Ці ёсць у вас яшчэ якія-небудзь сумесныя захапленні?

— Другое наша сямейнае хобі звязана з рыбалкай — гэта выезды на прыроду. Любім адправіцца з дзецьмі летам кудысьці бліжэй да вады на шашлычок. Раней нават выяз­джалі ў суседнюю вобласць, нярэдка — на некалькі дзён з палаткай. Цяпер, пакуль дачка маленькая, адпачываем у асноўным у сваім раёне.

— Якое месца ў вашым жыцці займае спорт?

— Спортам я займаўся заўсёды, пачынаючы са школы. Удзельнічаў ва ўнутрышкольных і раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы, вельмі любіў турызм і ўсё, што з ім звязана. Працуючы ў міліцыі, з задавальненнем ездзіў на турыстычныя злёты, абараняў гонар аддзела ў абласным чэмпіянаце ўпраўлення ўнутраных спраў. Выступаў у розных відах, у асноўным у спартыўным арыентаванні, мнагаборстве і лёгкай атлетыцы. Цяпер на спаборніцтвы адпраўляем у асноўным маладзейшых калег. Але калі прапануюць паў­дзельнічаць мне, ніколі не адмаўляюся.

Увогуле, сама работа ў міліцыі падразумявае заняткі спортам, хаця б перыядычныя. У нас існуе такое паняцце, як класнасць спецыяліста, якую трэба пацвярджаць: разам з тэорыяй здаваць і спартыўныя нарматывы. Таму, каб пастаянна быць у форме, у аддзеле праходзяць штотыднёвыя заняткі па фізічнай падрыхтоўцы, на якіх у тым ліку адпрацоўваем на практыцы баявыя прыёмы самаабароны.

— Калі б была магчымасць пачаць усё спачатку, пайшлі б служыць у міліцыю?

— Сёння ў нейкай іншай сферы дзейнасці я сябе не бачу і не ўяўляю, як усё магло б быць. Думаю, у любым выпадку прайшоў бы гэты шлях зноў, бо пры ўсіх цяжкасцях службы ў ёй было шмат станоўчага, і ёсць што ўспомніць. Да таго ж калі мяне цэняць, прызнаюць мае заслугі ў аддзеле і раёне — значыць, я не памы­ліўся ў выбары прафесіі.

Гутарыла Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.