Пагоды з мора не чакаюць


Дзе лепш жыць: ля мора ці ў Лынтупах? Гэта пытанне ў многіх выкліча ўсмешку — выбар першага варыянта відавочны. Аднак Юлія і Фёдар Шпак з Украіны лічаць інакш. Маладая сям’я з горада Мелітопаль Запарожскай вобласці з маленькім сынам пераехала ў пасёлак больш за год таму. Да гэтага падштурхнулі не баявыя дзеянні (у Запарожжы абстаноўка спакойная), а няпростая эканамічная сітуацыя, якая склалася ў краіне.

Сям’я Шпак пасялілася на самым ускрайку пасёлка. Іх дом стаіць амаль у лесе — ад густых елак аддзяляюць літаральна некалькі крокаў. Побач — прасека і вузкакалейка. Бліжэйшы суседскі дом знаходзіцца воддаль. Аднак гэта акалічнасць ніяк не бянтэжыць. Наадварот, ціша і прырода даспадобы. Праўда, гаспадыня яшчэ ніяк не прывыкне да “суровага” беларускага клімату.

—            Размаў­ляла з маці па скайпе, у Мелітопалі плюс 18, днямі наогул даходзіла да плюс 23, — пачынае размову 20-гадовая Юля. — А тут зіма куды больш адчувальная: і снегу ўдосталь, і вятры такія халодныя. Ды і летам не сагрэешся. Прывыкла, што ў нас пад 40 градусаў цяпла. Ад Мелітопаля да Азоўскага мора 50 кіламетраў — хоць кожны дзень катайся. Адносна недалёка Севастопаль, Крым. Геаграфічнае становішча прывабнае. Але яно мала значыць, калі няма магчымасці знайсці хоць якую работу. А цэны імкліва растуць.

Таму яе муж Фёдар і паехаў у пошуках заробку ў Беларусь. Уладкаваўся арматуршчыкам на будоўлі Астравецкай АЭС. Спачатку працаваў вахтавым метадам — паўтара месяца на рабоце, два тыдні — ва Украіне. Зручным гэта не назавеш: да дому ні многа ні мала 2 тысячы кіламетраў. Вырашылі пераязджаць у Беларусь усёй сям’ёй. Спачатку здымалі жыллё ў Астраўцы, потым — у Лынтупах. Неўзабаве купілі палову дома, зрабілі там невялікі рамонт. Маюць нямала планаў па яго добраўпарадкаванні.

Юля пэўны час жыла ў сяле, таму хатняй работы не баіцца. Менавіта па яе ініцыятыве ў гаспадарцы з’явіліся куры, качкі, а з нядаўняга часу яшчэ і пара авечак. І гэта не мяжа. Плануе вясной ушчыльную заняцца агародам, тым больш што зямлі на ўчастку дастаткова.

Пакуль муж на рабоце, а дзіця ў садку, маладая гаспадыня не сумуе: трэба і печ працепліць, і ежу прыгатаваць, і дом у парадку трымаць… У вольны час праз інтэрнэт выходзіць на сувязь з роднымі, сябрамі. Яе бацька таксама пераехаў на Пастаўшчыну — працуе ў ААТ “Хацілы-агра”. Не супраць перабрацца сюды і маці.

—            На Радзіме не была ўжо больш за год, — гаварыла Юля. — Сітуацыя там няпростая. Памер дзіцячых дапамог знізіўся ў разы — не хапае нават на самыя элементарныя рэчы. Не скажу, што ў Беларусі цэны нізкія. Асабліва непрывычна дорага каштуе садавіна: персікі, абрыкосы, кавуны, дыні, якія ў нас прадаюцца за капейкі. Вінаградам наогул качак кармілі, а тут паспрабуй купі. Але галоўнае, што побач мірныя, гасцінныя людзі, заўсёды гатовыя дапамагчы.

Вяртацца ва Украіну сям’я не плануе. Фёдар у бліжэйшыя гады работай будзе забяспечаны. Юлі працаўладкавацца складаней. Пасля заканчэння 9-ці класаў яна атрымала ў вучылішчы спецыяльнасць цырульніка. Аднак у пасёлку ў сферы паслуг рэалізаваць сябе няпроста. Таму сёння галоўны клопат — выхаванне трохгадовага сыночка Ромы.

—            Бывае, і засумую, — прызналася дзяўчына. — Магчыма, летам з’ездзім дадому. Але ненадоўга. Тут ужо абжыліся, прывыклі. У сельскай мясцовасці адчуваю сябе спакойна. Буду займацца гаспадаркай, працаваць на ўчастку. Чым пастаянна здымаць жыллё, невядома на што спадзявацца, лепш мець няхай сабе і сціплае, але сваё.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.