Паказалі, як ладзіць урачыстасць


26 лютага на базе аддзела ЗАГС райвыканкама праведзена вучоба для кіраўнікоў спраў сельвыканкамаў раёна. На семінары была прадстаўлена паказальная ўрачыстая цырымонія рэгістрацыі нованароджанага, падведзены вынікі работы за мінулы год, пастаўлены задачы на бягучы.

ЗАГС ажыццяўляе сваю дзейнасць па розных адмі­ністрацыйных працэдурах. Самыя радасныя — гэта рэгістрацыя шлюбу і нара­джэння дзіцяці. І калі стварэнне сямейнага саюза звычайна праходзіць ва ўрачыстай абстаноўцы, то рэгістрацыя  новага чалавечка — у асноўным, даволі сціпла. А варта праводзіць так, як прадэманстравалі на семінары работнікі Юнькаўскага сельскага выканаўчага камітэта. Для рэалістычнасці дзеі яны запрасілі прыняць у ёй удзел не толькі дарослых, але і дзяцей. У ролі галоўных герояў прадстаўлення згадзілася выступіць сям’я Аляксандра Рыгоравіча і Аляксандры Яўгенаўны Фалевіч, якая на самай справе мае адну дачушку Лізавету.

…Пад хвалюючыя гукі музыкі ў залу ўрачыстых абрадаў увайшла шчаслівая сямейная пара з чатырма дачушкамі і нованароджаным сынам (дзіцяткам па зразумелых прычынах выступала лялька), а таксама радасныя сваякі, сябры і калегі сям’і. У паветры лунаў дух свята. І ў першую чаргу свята мужа і жонкі, якія ў чарговы раз перажылі ні з чым не параўнальныя бацькоўскія пачуцці.

Гасцей сустрэлі старшыня Юнькаўскага сельвыканкама Валянціна Міхайлаўна Філімонава і кіраўнік спраў Наталля Уладзіміраўна Сталяронак. Яны расказалі пра значэнне абранага для немаўляці імя, пажадалі яму шчаслівага лёсу, павіншавалі бацькоў і ўручылі ім пасведчанне аб нараджэнні сына.

На працягу ўсяго тэатралізаванага дзейства ў гонар новага грамадзяніна краіны і яго бацькоў гучалі ўдала падабранае музычнае суправаджэнне, цёплыя словы, якія чаргаваліся з танцавальнымі нумарамі. На свята завітаў нават Бусел. Ён таксама павіншаваў бацькоў і ўручыў падарунак нованароджанаму. Затым паліліся віншаванні ад дачушак, бацькоў мужа і жонкі, ганаровых бацькоў, сяброў, калег, а таксама радасныя абдымкі, пацалункі…

Падзея, якая будзе адзначана такім чынам, запомніцца назаўжды. На гэтай думцы сышліся ўсе, хто назіраў за цырымоніяй. Убачанае доўга абмяркоўвалі, прапаноўвалі свае варыянты. Затым начальнік аддзела ЗАГС Ірына Анатольеўна Рагіня азнаёміла калег з вынікамі работы за 2015 год і задачамі, пастаўленымі на калегіі галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама. Яна акцэнтавала ўвагу на практычных аспектах рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану. У семінары таксама прыняў удзел начальнік аддзела па грамадзянстве і міграцыі Пастаўскага РАУС Павел Фёдаравіч Шылей. Ён азнаёміў прысутных са змяненнямі ва Указе №200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян».

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.