Палявыя работы пачалі з падсеву траў

Сельское хозяйство

Для жыхароў Кураполля і навакольных вёсак стала прывычным назіраць за тым, як зімой у полі працуе трактар з сеялкай.

— Нічога дзіўнага ў гэтым няма, — адзначыў галоўны аграном ААТ “Кураполле-агра” С. У. Астапчук. — Вось і сёлета, пакуль на глебе трымаўся мароз, механізатар Юрый Сівы на 140 гектарах падсеяў шматгадовыя травы. Але потым пацяплела, і тэхніка не пайшла. У работу ўключыў “Дзвіну” з раскідвальнікам угнаенняў Мікалай Ворсін. Такім чынам ён у канцы лютага — пачатку сакавіка падсеяў травы яшчэ на 310 гектарах сенакосаў і пашы. А каб мець насенне бабовых і злакавых сумесяў, яны будуць падсеяны вясной па ячмені. А гэта яшчэ 300 гектараў.

Сельгаспрадпрыемства “Кураполле-агра” спецыялізуецца на вытворчасці насення шматгадовых траў і ўваходзіць у адкрытае акцыянернае таварыства “Віцебскія травы”, амаль штогод мае добры прыбытак ад такога дзелавога супрацоўніцтва. Летась за плённую працу кіраўніцтва абласнога аб’яднання адзначыла Сяргея Ула­дзіміравіча Астапчука каштоўным падарункам, які ва ўрачыстай абстаноўцы быў уручаны на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2015”.

Парадавалі і вынікі на збожжавай ніве, кармавым полі. Валавы намалот зерня склаў амаль 6680 тон пры сярэдняй ураджайнасці 43,1 цэнтнера з гектара. Шэсць камбайнераў і ўсе пяць механізатараў і вадзіцеляў намалацілі і перавезлі па тысячы і больш тон зерня. На ўмоўную галаву жывёлы было нарыхтавана па 22,9 цэнтнера кармавых адзінак травяністых кармоў. Гэта самы высокі паказчык у раёне.

Паўтарыць мінулагодні поспех у раслінаводстве няпроста. Але ў сельгас­прадпрыемстве  імкнуцца да гэтага і робяць усё магчымае. Восенню на 1215 гектарах пасеялі азімыя на зерне і зялёны корм, на 100 гектарах  — азімы рапс. Гаспадарка адна з нямногіх у раёне на ўсёй планавай плошчы — а гэта 1255 гектараў — правяла зяблевае ворыва. У выніку вясной бу­дзе больш часу для падкормкі пасеваў, апрацоўкі глебы, правядзення сяўбы ў лепшыя агратэхнічныя тэрміны.

Ёсць неабходная колькасць насення яравых зерневых. Яно даўно ачышчана і адпавядае пасяўным стандартам. 15 тон элітнага насення ячменю завязуць з ААТ “Хацілы-агра”. За ўласныя грошы набудуць  пратручвальнікі і сродкі аховы раслін. Гэта пытанне вырашаецца з дапамогай адкрытага акцыянернага таварыства “Віцебскі абл­аграсэрвіс”. Некалькі складаней з мінеральнымі ўдабрэннямі. Пакуль ёсць толькі азотныя, забяспечанасць імі складае 52 працэнты.

На працягу зімы ў майстэрнях сельгаспрадпрыемства вялася падрыхтоўка тэхнікі, якая будзе задзейнічана на веснавых палявых работах. Як адзначыў С. У. Астапчук,  практычна ўсе энерганасычаныя трактары, сеяльныя агрэгаты, чызелі і іншыя прычапныя агрэгаты адрамантаваны. Яны ў асноўным замацаваны за пастаяннымі механізатарамі, якія маюць багаты вопыт работы на сяўбе.

* * *

На 16 сакавіка, як паведамілі ў агранамічнай службе ўпраўлення сельскай гаспадаркі  і харчавання райвыканкама, пры заданні 2600 гектараў шматгадовыя травы падсеяны ў гаспадарках раёна на 2578, што на 1850 гектараў больш, чым было летась. У той жа час не завяршылі гэту работу ў ААТ “Сцяг Перамогі-агра”, “Камайскі-агра”, “Блакітныя азёры-агра”, а ў адкрытым акцыянерным таварыстве “Вярэнькі-агра” да падсеву шматгадовых траў наогул не прыступалі.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.