Песня душу лечыць

Личности

Выступленне на сцэне раённага Дома культуры медыцынскай сястры Дунілавіцкай участковай бальніцы Ларысы Ула­дзіміраўны Рабай упершыню ўбачыла ў мінулым годзе на ўрачыстасці, прымеркаванай да Дня медыцынскага работніка. У чарговы раз сустрэлася на раённым этапе рэспубліканскага прафсаюзнага конкурсу “Новыя імёны Беларусі”.

— Ад каго перадалася любоў да песні? — цікаўлюся.

— Напэўна, ад дзеда, — адказала Ларыса Уладзіміраўна. — Я яго, праўда, не памятаю, але мама расказвала, што спяваў ён прыгожа. Песня ў бацькоўскім доме гучала пастаянна.  Я спяваць і танцаваць пачала ў гадоў пяць. Памятаю, старэйшы брат Пётр іграў на гармоніку, а я не магла ўседзець на месцы. Песня заўсёды ідзе са мной поруч. Люблю спяваць на сямейных святах, у кампаніі сяброў. На сцэну ж выйшла нядаўна. Удзельнічаць у мастацкай самадзейнасці запрасілі ў Дунілавіцкі сельскі Дом культуры. Разам з Інай Русецкай, Людмілай Здраеўскай, Любай Касарэўскай ходзім на рэпетыцыі, выступаем з канцэртамі на месцы, выязджаем у вёскі, удзельнічаем у раённых мерапрыемствах.  З задавальненнем прыняла прапанову выступіць і на сваім прафесійным свяце. Аддаю перавагу лірыцы — песням пра каханне, дружбу, Радзі­му, вечныя каштоўнасці. Выконваю кампазіцыі як савецкіх, так і сучасных аўтараў. Але найбольш падабаюцца песні маладосці.

Ларыса родам з Чашніцкага раёна. У Дунілавічы прыехала, атрымаўшы дыплом медсястры. Тут выйшла замуж і засталася назаўсёды. Раней часу на канцэрты ў жанчыны не хапала: будавалі з мужам дом, трымалі вялікую гаспадарку, выхоўвалі дачку. Оля таксама выбрала прафесію медыка. Закончыла Віцебскі медінстытут, працуе ў санстанцыі ў Наваполацку, мае сваю сям’ю. У Ларысы Уладзіміраўны яшчэ ёсць мама, якая таксама перабралася ў Дунілавічы. На святы ў іх доме звычайна збіраецца шмат гасцей і гучыць песня.

— Бывае, душа ад шчасця спявае, а бывае, песня яе лечыць, — гаварыла Ларыса Уладзіміраўна. — Песня як маланкаадвод. Работа мая няпростая. У нашай бальніцы не толькі хворыя, але і шмат тых, хто знаходзіцца на сацыяльным ложку, дажывае тут свой век. Гэта людзі адзінокія або тыя, чые дзеці жывуць далёка і не маюць магчымасці забраць роднага чалавека да сябе. За змену стамляешся не столькі фізічна, колькі маральна. Балюча глядзець на старых, якіх хвароба зрабіла бездапаможнымі, прыкавала да ложка. Яны нікому не патрэбныя, акрамя медработнікаў. Звычайнай увагі чакаюць больш, чым лекаў. Прыхо­джу дадому — і нярэдка ні з кім размаўляць не хочацца. А ўсплыве мелодыя ў галаве, сама сабе пачну напяваць — і палягчэе на сэрцы.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.