Працягнулі руку дапамогі


На мінулым тыдні разам са старшынёй раённай арганізацыі таварыства Чырвонага Крыжа Вольгай Анатольеўнай Грузд, дырэктарам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзіянай Іванаўнай Пякарскай мы адправіліся ў няпоўныя мнагадзетныя сем’і, якія маюць на ўтрыманні траіх і больш непаўналетніх дзяцей, да інвалідаў I і II груп, адзінокіх састарэлых. Мікрааўтобус ТЦСАН, застаўлены каробкамі з наборамі прадуктаў харчавання, накіроўваецца па патрэбных адрасах. Спіскі тых, каму належыць дадатковая дапамога, складваліся па ўзгадненні са старшынямі сельскіх Саветаў і ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама. На тэрыторыі нашага раёна да ліку такіх аднесены 84 чалавекі.

— Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа — гэта грамадская арганізацыя, — гаварыла В. А. Грузд. — Яна існуе за кошт узносаў і ахвяраванняў грамадзян з частковай падтрымкай дзяржавы, а таксама некаторых міжнародных арганізацый, у прыватнасці Міжнароднай Федэрацыі таварыства Чырвонага Крыжа. Нам аказваюць гуманітарную і прадуктовую дапамогу. На гэты раз ажыццяўляем сумесны праект са швейцарскім Чырвоным Крыжам. На ахвяраванні, якія сабралі грамадзяне Швейцарыі, абласным таварыствам Чырвонага Крыжа закуплены прадукты харчавання. Рэалізацыя праекта садзейнічае таксама зніжэнню нагрузкі на дзярж­арганізацыі па прадастаўленні адраснай сацыяльнай дапамогі. Дзякуй кіраўніцтву малочнага завода, транспартам якога наборы прывезлі з Віцебска ў Паставы. Цяпер на “бусіку” ТЦСАН калясім па раёне.

У Навасёлках-1 завіталі да мнагадзетнай сям’і Кураж (ніжні здымак). На парозе сустрэла бабуля, якая жыве побач і прыйшла прыгле­дзець за дзецьмі, пакуль маці паехала ў райцэнтр. Дома былі толькі малодшыя. Старэйшыя — у школе. Дзецям не цярпелася паглядзець, што ў каробках. Яны радасна выкладвалі на стол макарону, муку, грэчку, рыс, цукар, алей, мясныя і рыбныя кансервы.

— Для вялікай сям’і гэтыя прадукты не будуць лішнімі, — гаварыла бабуля. — Дзякуй усім, хто пра нас паклапаціўся.

Дзякавала за падарункі і мнагадзетная маці Тэрэза Баляславаўна Сініца са Старога Двара. Старэйшая яе дачка — навучэнка каледжа. Ёсць яшчэ двое школьнікаў і чатырохгадовы Алёша, за якім прыглядвае бабуля. Асноўны даход у сямейны бюджэт — зарплата маці і дапамога дзяржавы на выхаванне дзяцей. Таму любая падтрымка збоку заўсёды дарэчы.

Анатоля Свілёнка з Варапаева на момант нашага прыезду дома не было — пайшоў у магазін. Сустрэла яго маці Марыя Ананьеўна (верхні здымак). Прадуктам харчавання абрадавалася.

— Пенсіі ў сына, інваліда другой групы, і ў мяне невялікія, — гаварыла. — А як шмат грошай прыходзіцца аддаваць на лекі, без якіх не можам абысціся ні дня. Дзякуй Чырвонаму Крыжу за такую ўвагу.

У той дзень Вольга Анатольеўна Грузд разам з вадзіцелем ТЦСАН Юрыем Каравацкім даставілі прадукты ў Ясюкі, Васілеўшчыну, Сяргеевічы, Дунілавічы, Лучай. На наступны дзень адправіліся на Лынтупшчыну.

— У кожным доме, у якія завіталі, нас сустракалі з радасцю, — апавядала В. А. Грузд. — Усе расказвалі пра сябе, дзякавалі  за дапамогу і ўвагу. Прыемна, што хоць крыху падтрымалі лю­дзей, якія трапілі ў складаную жыццёвую сітуацыю. Дзякуй за разуменне і падтрымку Дзіяне Іванаўне Пякарскай. А наша раённая арганізацыя таварыства Чырвонага Крыжа і ў далейшым будзе імкнуцца прадухіляць і аблягчаць пакуты людзей, ахоў­ваць іх здароўе і жыццё, працягваць руку дапамогі ў самыя цяжкія хвіліны.

Тэкст і фота

Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.