Радыёперыпетыі


У “Пастаўскім краі” за 24 лютага ў заметцы “Зноў загучыць у эфіры” мы паведамлялі пра тое, што з 26 лютага жыхары раёна зноў змогуць слухаць перадачы раённага радыё, якія па аб’ектыўных прычынах працяглы час не былі ўключаны ў расклад вяшчання радыётрансляцыйнымі вузламі. Прынамсі, рэдакцыяй Пастаўскага мясцовага радыё быў заключаны дагавор з Першым нацыянальным каналам Беларускага радыё на трансляцыю на платнай аснове перадач мясцовага радыё па пятніцах з 11.40 да 12.00 на частаце 68.7 УКВ.

Але мясцовае радыё так і не загучала ў эфіры. Тлумачэнне таму знаходзім у афіцыйным пісьме дырэктара Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” А. І. Бохана, адрасаваным рэдактару Пастаўскага радыё У. Р. Шыку:

“Віцебскі філіял РУП “Белтэлекам” паведамляе, што на дадзены момант арганізаваць урэзку мясцовага радыёвяшчання Пастаўскага раёна ў праграму “Першы нацыянальны канал Беларускага радыё” праз РТПС “Мядзел” няма тэхнічнай магчымасці, бо Мінскі філіял РУП “Белтэлекам” сваё абсталяванне, якое раней ажыццяўляла вышэйуказаную ўрэзку, выкарыстоўвае для трансляцыі праграм на частотах канала “Мінская хваля”.

У цяперашні час зроблены запыт на тэхнічныя ўмовы ў філіяла “Міжгародняя сувязь” РУП “Белтэлекам” на размяшчэнне абсталявання Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам” на РТПС “Мядзел”, пасля чаго будзе выраблена праектна-тэхнічная дакументацыя на арганізацыю трансляцыі.

У сваю чаргу нашым філіялам накіравана пісьмо ў РУП “Белтэлекам” з просьбай устанавіць абсталяванне і арганізаваць урэзку па часовай схеме да вырабу ПСД”.

Такім чынам, радыёперыпетыі працягваюцца. І чым яны скончацца, пакуль невядома.

Фаіна КАСАТКІНА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.