Размова была строгай


У канцы лютага ў РАУС прайшлі пасяджэнні грамадскага пункта аховы правапарадку і выязнога суда. На апошнім быў вынесены прыгавор аб накіраванні ў лячэбна-працоўны прафілакторый аднаго з грамадзян, які пакутуе ад алкагольнай залежнасці.

На савет прафілактыкі, які вёў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Кісялёў, з’явіліся 16 жыхароў Пастаў і раёна. Пераважная іх большасць злоўжываюць спіртным і не жадаюць працаваць, з-за чаго маюць праблемы з законам. Многія раней ужо разглядаліся на такіх пася­джэннях і добра вядомыя членам камісіі. Тым не менш сітуацыя кожнага была вывучана зноў, каб устанавіць прычыны, што перашкаджаюць нармальна жыць, і прыняць адпаведныя меры.

Характарыстыкі запрошаных асоб, як і іх твары, падобныя, нібы блізняты. “Знаходзіцца на прафілактычным уліку ў РАУС, п’е, нідзе не працуе, не раз прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці”, — зноў і зноў агучвалі супрацоўнікі міліцыі, удакладняючы агульную карціну тымі ці іншымі падрабязнасцямі жыцця герояў. Частка іх пражывае з састарэлымі маці і на глебе п’янства канфліктуе з імі. Адна з мацярок па віне сына нават страціла зрок і трапіла на бальнічны ложак. Некаторыя грамадзяне маюць непагашаныя судзімасці, праходзілі медыка-сацыяльную рэадаптацыю ва ўмовах лячэбна-працоўнага прафілакторыя, з’яўляюцца абавязанымі асобамі.

“І што тут можна змяніць? — спытае чытач. — Няньчацца з такімі людзьмі, трацяць на іх час і дзяржаўныя грошы, а вынік той жа!” Не зусім, адкажу. Асобныя ўсё ж становяцца на шлях выпраўлення. І прыклады таму былі на пасяджэнні. Двое з запрошаных пад націскам суб’ектаў прафілактыкі ўзяліся за розум: кінулі піць, навялі парадак дома, наладзілі ўзаемаадносіны з блізкімі, знайшлі работу. Цяпер разглядаецца пытанне аб зняцці іх з уліку.

Што датычыць працаўладкавання, хоць сітуацыя на Пастаўшчыне і няпростая, Ю. М. Кісялёў ад імя раённай улады абяцаў па магчымасці дапамагчы кожнаму, хто жадае быць карысным грамадству і прыносіць грошы ў сям’ю. У цэлым жа размова з п’яніцамі і дармаедамі была строгай: лячыцца ад алкагольнай залежнасці (для гэтага ў Паставах ёсць цэнтр псіхічнага здароўя) і самім шукаць работу. Інакш адправяцца ў лячэбна-працоўны прафілакторый, як жыхар райцэнтра С.

Суд над ім адбыўся адразу пасля пасяджэння грамадскага пункта аховы правапарадку і быў паказальным: у зале прысутнічалі ўсё тыя ж запрошаныя грамадзяне. Па матэрыялах справы, 34-гадовы С. з 2011 года знаходзіцца на ўліку ва ўрача-нарколага ЦРБ з дыягназам “сіндром залежнасці ад алкаголю, сярэдняя стадыя”. Перыядычна праходзіў курсы лячэння. У 2013 і 2014 гадах лячыўся амбулаторна на сістэмнай аснове, аднак дабіцца стойкай рэмісіі не атрымалася. У выніку перастаў наведваць нарколага, і сітуацыя яшчэ больш пагоршылася.

Летась С. тройчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за з’яўленне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, быў асведчаны спецыяльнай медыцынскай наркалагічнай камісіяй, якая вынесла заключэнне аб неабходнасці прымусова лячыць яго ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Затым начальнік РАУС афіцыйна папярэдзіў мужчыну аб магчымасці ізаляцыі ў ЛПП, калі па-ранейшаму бу­дзе парушаць грамадскі парадак і правы іншых асоб. Але той не зрабіў патрэбных высноў і ў лютым бягучага года зноў быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Блізкія і ўчастковы інспектар не раз спрабавалі вырваць С. з абдымкаў зялёнага змея: гутарылі, кадзіравалі, уладкоўвалі на работу. Не дапамагло. Цяпер па прыгаворы суда мужчына 12 месяцаў правядзе ў ізаляцыі ад грамадства. Ці перавыхавае яго прафілакторый, сказаць цяжка. Але тое, што гэты год жыцця будзе цвярозым, вядома дакладна.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.