Шахматны калейдаскоп

Спорт

Масавасцю вызначаўся чацвёрты этап міжраённых спаборніцтваў па хуткіх шахматах сярод школьнікаў, які традыцыйна праводзіцца ў Глыбокім. На гэты раз, акрамя гаспадароў, поўны склад заявілі каманды Пастаўскага і Браслаўскага раёнаў. Цікавая барацьба на згаданым этапе спаборніцтваў разгарнулася сярод дзяўчынак. Вучаніца 9 “Б” класа СШ №1 Жэня Ліпская набрала 5,5 ачка з сямі магчымых і заняла толькі 3-яе месца. Пастаўчанка саступіла пераможцы турніру Д. Мурзіч з Глыбокага і згуляла ўнічыю з чэмпіёнкай вобласці 2015 года К. Чычэравай. Яшчэ адна наша зорачка, вучаніца 1 класа СШ №2 Ева Іванова, набрала 4 ачкі, і гэтага крыху не хапіла, каб быць у прызёрах. Але дзяўчынка паказала найлепшы вынік у такіх спаборніцтвах. Аляксандра Крыванос з СШ №5 прымала ўдзел у гульнях у другі раз і не разгубілася, а ў выніковай табліцы размясцілася ў яе сярэдзіне.

Па выніках усіх этапаў лідзіруе Я. Ліпская, у якой 134 ачкі, а на другім месцы — К. Чычэрава, у якой 132 заліковыя ачкі. Гэтыя дзяўчынкі на заключным этапе і пазмагаюцца за Кубак вобласці, бо астатнія ўдзельніцы значна адсталі.

Сярод хлопчыкаў даволі паспяхова выступіў Матфей Іваноў (СШ №2), які ва ўпартай барацьбе набраў 5,5 ачка і заняў 3-яе месца. Радуе, што Матфей прыбаўляе ў гульні. Многа працуе ён і над тэарэтычнай часткай. Як адзначыў трэнер А. Салацінскі, усе хлопчыкі падчас гэтага турніру істотна прыбавілі ў гульні. Гонар нашага раёна абаранялі А. Павініч (СШ №2), А. Леўшын (СШ №1), З. Іваноў (СШ №4), Ц. Іваноў (СШ №2), С. Іваноў (СШ №4), А. Лысёнак (СШ №5).

* * *

Абнародаваны канчатковыя вынікі абласной алімпіяды сярод работнікаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, якая праходзіла ў Наваполацку. Традыцыйна моцна выступілі пастаўскія шахматысты. Сярод мужчын наш ветэран Сцяпан Дзяшук заняў 4-ае месца. Вынік мог быць яшчэ лепшым, калі б не крыўдная нічыя ў апошнім туры з будучым пераможцам. Сярод жанчын моцна і роўна выступіла Алена Мацкевіч. Яна заняла 3-яе месца.

* * *

Трэці адборачны турнір па хуткіх шахматах хоць і не вызначаўся масавасцю, але меў даволі моцны склад удзельнікаў. Па гэтай прычыне на экватары спаборніцтваў лідзіравалі адразу чатыры шахматысты. У выніку ўпэўнена перамог прадпрымальнік Дзмітрый Стахоўскі. Другое месца заняў інжынер філіяла “Пастаўскі раён газазабеспячэння” Аляксандр Таразевіч. Дзмітрый Крупа­дзёраў з ААТ “Паставымэбля” на 3-ім месцы.

* * *

21 лютага ў Паставах прайшоў турнір, прысвечаны Дню абаронцаў Айчыны. У госці да гаспадароў прыехалі шахматысты з Глыбокага і Докшыц. Гульні праходзілі ў сем тураў па швейцарскай сістэме. Пераможцам стаў С. Валодзькін з Докшыц, які набраў 6 ачкоў. На паўачка адстаў наш Д. Стахоўскі. Даволі нечакана 3-яе месца заняў А. Хрол з Глыбокага. Лепшы вынік сярод ветэранаў паказаў пастаўчанін В. Шастакоў.

Для нашых шахматыстаў вынікі спаборніцтваў ішлі ў залік чацвёртага адборачнага турніру па хуткіх шахматах. Цяпер тройка мацнейшых выглядае так: Д. Стахоўскі, У. Пляшак і аўтар гэтых радкоў.

Ю. КАТОВІЧ. 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.