Шчаслівы дома і на працы

Личности

У Пастаўскім раённым вузле электрасувязі Сяргей Іосіфавіч Сініца працуе 15 гадоў. Спачатку быў электраманцёрам станцыйнага абсталявання, затым — электрамеханікам, а апошнія чатыры гады займае пасаду інжынера.

На выбар прафесіі паўплывалі бацькі, якія ў свой час працавалі ў РВЭС: тата — вадзіцелем, мама — аператарам па рабоце з насельніцтвам у сэрвісным цэнтры. Яны і параілі сыну выбраць электрасувязь.

— Шчыра кажучы, тое, што гэта маё, зразумеў, толькі калі пасля заканчэння Віцебскага тэхнікума сувязі быў размеркаваны ў Пастаўскі вузел электрасувязі і ад тэорыі перайшоў да практыкі. Цяпер сябе ў іншай прафесіі нават не ўяўляю, — дзяліўся Сяргей Сініца. — Адразу спадабаўся калектыў, дзе кожны — на сваім месцы, і тое, як на прадпрыемстве граматна арганізаваны працоўны працэс. Думаю, шмат у чым гэта заслуга былога і цяперашняга кіраўніцтва.

На прадпрыемстве ён знайшоў не толькі прызванне, але і сустрэў будучую жонку, якая працуе тут электрамеханікам на кросе. Разам завочна скончылі БДУІР па спецыяльнасці «Інжынер па тэлекамунікацыях». Цяпер Святлана знаходзіцца ў дэкрэтным водпуску па доглядзе гадавалай дачушкі. Першынцу чатыры гадкі. Да іх Сяргей кожны дзень і спяшаецца з работы. З задавальненнем дапамагае жонцы па гаспадарцы, а калі выдаецца вольны час — займаецца рамонтам тэхнікі і мабільных тэлефонаў.

За Сяргеем Сініцам замацавана больш за дзясятак тэлефонных станцый, на якіх ён ліквідуе пашкоджанні і праводзіць штомесячныя прафілактычныя работы: правярае сувязь, настройвае і чысціць абсталяванне. Таксама ў яго абавязкі ўваходзіць сачыць за спраўнасцю ўсіх прыбораў на прадпрыемстве. А апошнія паўтара года ён яшчэ і курыруе работу падрадчыка («Белсувязьбуд»), які ў нашым гора­дзе займаецца пераключэннем абанентаў на оптавалаконныя лініі. У яго кампетэнцыі і вырашэнне спрэчных пытанняў. Скажам, чалавек не задаволены размяшчэннем новага абсталявання ў кватэры ці якасцю выкананых работ, тады Сяргей Іосіфавіч выязджае на месца і разбіраецца ў сітуацыі.

— Я адчуваю сябе шчаслівым чалавекам і дома, і на працы, — канстатуе Сяргей. — Упэўнены, што любая справа спорыцца, калі выконваеш яе з задавальненнем.

Начальнік раённага вузла электрасувязі Іосіф Вікенцьевіч Тамашэвіч пацвярджае, што ў яго падначаленага ўсё выдатна атрымліваецца. Кажа, гэта надзвычай адказны, скрупулёзны і ўніклівы спецыяліст, якому лёгка разабрацца з любым даручэннем, знайсці агульную мову з кожным абанентам.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.