Спартыўны калейдаскоп

Спорт

Юны пастаўчанін Ілья Васілевіч выдатна праявіў сябе ў складзе юнацкай зборнай Беларусі па футболе (U-17). У фінальным раўндзе міжнароднага турніру “Кубак развіцця” ён забіў з пенальці рашаючы пераможны мяч у гульні са зборнай Ізраіля, які беларусы выйгралі з лікам 3:2. На жаль, у заключным матчы беларуская зборная прайграла 1:3 аднагодкам з Украіны. Акрамя Ільі, сярэбраны медаль заваяваў на гэтых спаборнітцвах яшчэ адзін выхаванец ПМЦ Глеб Шаўчэнка. Старэйшы за іх па ўзросце выхаванец пастаўскага футбола Кірыл Сідарэнка ў складзе маладзёжнай зборнай Беларусі ва ўзросце да 21 года на міжнародным турніры ў Санкт-Пецярбургу “Кубак Садружнасці” заняў 5-е месца (ён там выходзіў на замену ў двух матчах беларускай зборнай).

 

Футбалісты каманды “Паставы-ПМЦ” без свайго траўміраванага капітана Уладзіміра Карагі выступілі на абласным турніры па міні-футболе ў Міёрах на прызы ўпраўлення спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама. У сваёй падгрупе пастаўчане згулялі ўнічыю (6:6) з камандай гаспадароў, затым з лікам 4:5 прайгралі наваполацкаму “Паліміру”, а ў паўфінале турніру толькі ў дадатковы час з лікам 6:8 саступілі будучаму пераможцу спаборніцтваў — зборнай Віцебска. У матчы за 3-е месца пастаўскія футбалісты зноў гулялі з новапалачанамі і не змаглі стрымаць шквал атак “Паліміра”. Вынік матчу — 6:14. У фінале віцябчане перамаглі з лікам 4:2 верхнядзвінскую “Дзвіну-Барс”.

 

Упершыню ў гісторыі ў Паставы на два вучэбна-трэніровачныя зборы прыехала каманда вышэйшай лігі — ФК “Віцебск” — і прывезла з сабой цэлую групу выхаванцаў пастаўскай акадэміі. Асноўны склад віцябчан папоўніў і 21-гадовы паўабаронца Аляксандр Кучараў, куды ён перайшоў гуляць з “Дынама” (Мінск). На трэніроўках мы ўбачылі не толькі варатара Андрэя Чашуна, але і яшчэ чацвярых яго таварышаў па акадэміі ПМЦ, якія загуляны ў складзе віцябчан ва ўсіх лініях.

 

Юная пастаўская зорачка па плаванні вучаніца СШ № 2 Ліза Кліпа (трэнер — Аляксандр Бучнеў) стала чэмпіёнкай адкрытага чэмпіянату Наваполацка ў сваёй узроставай групе ў плаванні на дыстанцыі 50 метраў вольным стылем. Яна прадоўжыць трэніравацца ў нашым гора­дзе і будзе выступаць за Наваполацк на нацыянальных і міжнародных турнірах.

 

На працягу трох дзён у Мінску праходзілі вучэбна-атэстацыйныя зборы Беларускай федэрацыі Кіокушынкай каратэ-до з удзелам трох прадстаўнікоў Пастаў, якія трэніруюцца на базе ваенна-спартыўнага клуба “Азімут”. Па выніках 5-гадзінных экзаменаў Марату Гімбіцкаму прысудзілі новыя званні каратыста 2 дан, Дзмітрыю Жураву — 1 кю, а Павел Кучынскі стаў майстрам адзінаборстваў 5 кю.

 

У перыяд міжсезоння дарослая футбольная каманда “ПМЦ-Паставы” згуляла ў трэцім па ліку турніры па міні-футболе, які прайшоў у спарткомплексе санаторыя “Баравое” Докшыцкага раёна і сабраў там 6 каманд. У сваёй падгрупе пастаўчане двойчы з лікам 3:4 саступілі футбалістам Глыбокага і камандзе беларускай сталіцы. У матчы за 5-е выніковае месца каманда ПМЦ з лікам 5:1 перамагла каманду Міёр. А вось юныя пастаўчане ва ўзросце да 14 гадоў, выхаванцы трэнера Васіля Грантоўскага, на гульні ў Смаргоні  перамаглі выхаванцаў мясцовай ДЮСШ з лікам 7:5.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.