“Стукайце — і вам адчыняць”


Якая ні была б эканамічная сітуацыя ў краіне, у Лынтуп­скім аддзяленні круг­ласутачнага знаходжання Пастаўскага ТЦСАН заўсёды ёсць спонсары,  у яго пастаяльцаў — добры настрой, у работнікаў — жаданне прыходзіць на працу. Тут з зайздросным пастаянствам укараняюцца новыя метады работы, пераняць наватарскі вопыт лынтупчан прыязджаюць госці не толькі з вобласці, але і з розных рэгіёнаў рэспублікі. Загадчыцы аддзялення На­дзеі Тадэвушаўне Гатоўскай сёлета прысвоена ганаровае званне “Чалавек года Пастаўшчыны”. З ёй — наша інтэрв’ю.

Надзея Тадэвушаўна, ведаю, што вы нарадзіліся не ў Беларусі.

— Мае бацькі родам з Лынтупшчыны, але ў маладосці пераехалі жыць у суседні з пасёлкам літоўскі горад Швянчоніс. Там я і нарадзілася, скончыла школу. Вучылася на выдатна. У старэйшых класах была сакратаром пярвічнай камсамольскай арганізацыі школы. Таксама з задавальненнем спявала, танцавала, выступала, ездзіла ў працоўныя лагеры і на работы ў калгас. Летам мяне дома было не застаць! Сёлета спаўняецца 30 гадоў, як скончыла школу. Летам плануем сабрацца з аднакласнікамі ў Швянчонісе. З мінулай сустрэчы, якая была 10 гадоў назад, вярнулася вельмі ўсхваляваная: столькі ўспамінаў з тых гадоў! Усё ж гэта сапраўднае шчасце мець верных школьных сяброў.

Куды вырашылі паступаць?

— Заўсёды вабілі гуманітарныя прадметы. Літоўскую мову вывучыла дасканала і выдатна памятаю яе цяпер. Аднак паступаць вырашыла на спецыяльнасць “Руская мова і літаратура” ў педагагічны інстытут у Вільнюсе.

Аднойчы прыехала да бабулі ў вёску непадалёк Лынтуп і пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Пасля вяселля засталіся жыць у пасёлку. Гэта быў 1992 год. Нарадзілася дачушка Крысціна.

Дзе працавалі?

— З 1993 па 2007 год — у Лынтупскім пасялковым Савеце. Вельмі многаму, у тым ліку і трымаць дакументацыю ў ідэальным парадку, мяне навучыла ранейшая старшыня пассавета Валянціна Уладзіміраўна Кузьміч, з якой доўга працавалі разам і якой вельмі ўдзячна. Некалькі гадоў была выхавальнікам у групе падоўжанага дня ў Лынтупскай школе. Потым перайшла сацыяльным работнікам у аддзяленне кругласутачнага знаходжання. Працую тут з першага дня яго існавання — з верасня 2009 года. Напярэдадні адкрыцця з калегамі многае зрабілі па добраўпарадкаванні. Будынак доўга пуставаў. Шмат сіл прыклалі, каб ачысціць тэрыторыю, разбіць клумбы… Не верылася, што на тэрыторыі бу­дзе парадак. Аднак разам удалося стварыць гэты ўтульны дом для пажылых людзей. Многія бабулі і дзядулі жывуць тут з першых дзён, як аддзяленне адкрылася. Зараз у нас 31 пастаялец. Сярэдні ўзрост — 81 год. Вялікую дапамогу нам аказваюць урачы Лынтупскай амбулаторыі, аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі, якія знаходзяцца ў адным будынку з намі.

Усе супрацоўнікі — аптымісты, выдатныя псіхолагі. Галоўны “козыр” у нашай  рабоце — ласка ў адносінах да пажылых. Асабліва важна іх выслухаць, прыхінуць, сказаць: “Золатца, не хвалюйся, усё будзе добра”. Спрацоўвае! Праходзіць час — пастаяльцы разумеюць, што нам можна давяраць, што тут ніхто пакрыўджаны не будзе.

Наша газета раней пісала, што ў аддзяленні распрацаваны індывідуальныя карткі рэабілітацыйных мерапрыемстваў для кожнага пастаяльца.

— Гэта сапраўды так. Сярод мерапрыемстваў — гімнастыка, фіта-, арома-, музыка-, магніта-, фізіятэрапія, скандынаўская хадзьба і іншыя. У рабоце важны і творчы падыход. Ідэі чэрпаем з інтэрнэту, у калег. Многа карыснага даюць семінары, курсы, арганізаваныя камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама.

Раскажыце пра калектыў, у якім працуеце.

— Лепшага і не зной­дзеш! У свой час нас вельмі з’яднала былая загадчыца аддзялення, а цяпер дырэктар ТЦСАН Дзіяна Іванаўна Пякарская. Яна ж наладзіла ў рабоце дакладную сістэму. Таму пры пераходзе на новую пасаду мне было адносна няцяжка. Калектыў аднёсся да майго назначэння з поўным разуменнем. Хачу падкрэсліць, што дасягненні, поспехі аддзялення — заслуга ўсяго калектыву з 15 чалавек. Мы ўмеем і працаваць, і творча адпачываць. Ва ўсім адчуваем падтрымку начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама П. Л. Курто, а таксама Д. І. Пякарскай.

Ля вашага дома заўсёды ідэальны парадак, з вясны па восень там стракаціць мноства кветак. Гэта ж можна сказаць і пра аддзяленне. Адкуль такое імкненне ствараць вакол сябе прыгажосць?

— Хоць доўга жыла ў гарадской кватэры, заўсёды марыла пра ўласны дом, уяўляла, якія будуць ля яго кветнікі. Пачынаць вясной з нуля і паступова бачыць вынік сваёй працы — гэта такое вялікае задавальненне! Работа на зямлі для мяне як бальзам на душу. Прыгажосць часта не патрабуе вялікіх сродкаў, аднак вялікіх намаганняў — заўсёды. Галоўнае — не ленавацца.

Насенне для добраўпарадкавання тэрыторыі аддзялення звычайна збіраем і высяваем самі. Налета плануем садзіць свой агарод, садавіна лішняй не будзе. У нас ужо растуць лекавыя расліны. На штосьці зарабляем і самастойна. У мінулым годзе сабралі і здалі яблыкаў на 2 мільёны рублёў. За іх купілі арэлі, якія ўстанавілі на тэрыторыі аддзялення. Здаём макулатуру, металалом. І для ўдзелу ў сама­дзейнасці касцюмы самі шыем, прычым прымушаць нікога не трэба: кожны “хварэе” за агульную справу.

Адкуль пры такім насычаным графіку чэрпаеце сілы і натхненне?

— Мая двухгадовая ўнучка Сонечка для мяне — усё! Чакаю кожнага яе прыезду і кожны раз атрымліваю безліч станоўчых эмоцый. Дзеці — гэта найвялікшае шчасце. У мяне вельмі шчырыя, даверлівыя адносіны з дачкой, а таксама з мамай. Яны — дзве мае найлепшыя сяброўкі. Калі штосьці набалела на сэрцы, калі трэба параіцца, звяртаюся да іх. У мяне часта бываюць бацькі — мая апора і падтрымка ва ўсім. Ёсць і верныя сябры па жыцці. Захапленні? Яшчэ школьніцай вельмі любіла страляць, ездзіла на спаборніцтвы. А нядаўна ў ціры ў Мінску ўзяла ў рукі аўтамат Калашнікава і паказала добры вынік. Сама здзівілася, як усё памятае рука! (Смяецца — аўт.)

Не шкадуеце, што пераехалі са Швянчоніса ў Лынтупы?

— Не пашкадавала ніколі. Я ўсё ж не гарадскі жыхар. І хатнюю гаспадарку трымалі, і на зямлі заўсёды шмат працы, але гэта ніколі не напружвала. Лынтупы сталі ўжо больш роднымі, чым Літва. Радая, што маю добрую работу і хаджу на яе з задавальненнем. Тут сустрэла нямала харошых людзей. Па жыцці заўсёды веру ў дабрыню чалавечага сэрца. І не памыляюся. Часам дапамога прыходзіць  адтуль, адкуль зусім не чакаеш. Напрыклад, нядаўна аддзяленне пачало супрацоўніцтва з Іосіфам Федаровічам. Ён ураджэнец вёскі Каптаруны, што непадалёк Лынтуп. Цяпер жыве ў Англіі, аднак многа робіць для сваёй малой радзімы. Пасля наведвання нашага аддзялення на наступны ж дзень падарыў газонакасілку, якая была нам вельмі неабходная. Мы ў сваю чаргу запрашаем яго на свае святы.

Падтрымліваюць і мясцовыя прадпрымальнікі, і з раёна. Усіх не пералічыць.  Адным словам, ёсць шмат нераўнадушных людзей. Нездарма кажуць: стукайце — і вам адчыняць. Трэба дзейнічаць — і поспех будзе ў любой справе.

Гутарыла Іна СНЯЖКОВА.  Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.