Сяўба не за гарамі

Сельское хозяйство

На пагрузцы мінеральных угнаенняў, што паступаюць у адрас гаспадарак раёна на чыгуначную станцыю Паставы, самым запатрабаваным з’яўляецца машыніст пагрузчыка райаграсэрвіса Часлаў Фярковіч. У раёне яго ведаюць як акуратнага, ураўнаважанага чалавека, прафесіянала сваёй справы.

19 сакавіка ў Віцебску адбылася абласная нарада-вучоба, у якой удзельнічалі старшыні райвыканкамаў, начальнікі райсельгасхарчаў і іх намеснікі, кіраўнікі і галоўныя аграномы сельгасарганізацый, іншыя спецыялісты. Перад імі выступіў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь Л. К. Заяц. Ён спыніўся на задачах сённяшняга дня і на перспектыву. Важнейшымі сярод іх застаюцца павелічэнне вытворчасці прадукцыі, зніжэнне яе сабекошту, павышэнне  адказнасці кіраўнікоў і спецыялістаў усіх узроўняў, захаванне тэхналогіі. Дасягненне намечанага будзе залежаць і ад таго, як папрацуюць хлебаробы ў веснавым полі. Пра гэта карэспандэнт “Пастаўскага краю” Пётр Курыловіч гутарыць з першым намеснікам старшыні  райвыканкама, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Сяргеем Васільевічам ЧЭПІКАМ.

— Веснавая сяўба з’яўляецца найважнейшым этапам у стварэнні трывалай асновы будучага ўраджаю, — адзначыў С. В. Чэпік. — Ад таго, на якім узроўні мы яе правядзём, залежаць ураджайнасць і валавыя зборы зерневых і зернебабовых, тэхнічных і кармавых культур. З улікам патрэб жывёлагадоўлі ў раслінаводчай прадукцыі і забеспячэнні сыраві­най перапрацоўчых прадпрыемстваў сёлета ў сельгаспрадпрыемствах раёна плануецца атрымаць 78630 тон збожжа, 7500 тон масланасення рапсу, 1600 — бульбы, 2320 — ільновалакна. Пра тое, якім чынам гаспадаркі будуць выконваць прагнозныя паказчыкі ў раслінаводстве, размова ішла на нядаўнім пася­джэнні раённага выканаўчага камітэта, вышэйзгаданай абласной нарадзе, падчас вучобы кіраўнікоў і галоўных спецыялістаў у зімовы перыяд, пры правядзенні іншых мерапрыемстваў.

— Сяргей Васільевіч, старшынёй абласнога выканаўчага камітэта пастаўлена задача — змяніць структуру пасяўных плошчаў з тым разлікам, каб сёлета і ў будучым атрымліваць максімальную колькасць кармавога бялку. Што зроблена ў гэтым кірунку?

— Пасяўныя плошчы сельгаспрадпрыемстваў складаюць 50,7 тысячы гектараў і сфарміраваны з такім разлікам, каб у запланаваных аб’ёмах забяспечыць вытворчасць раслінаводчай прадукцыі. Пад зерневыя і зернебабовыя адведзена 45% ворыва, або 22,8 тысячы гектараў. З іх на 11,1 тысячы пасеяны азімыя. Для вырашэння ў грамадскай жывёлагадоўлі бялковай праблемы пло­шчы пад зернебабовымі культурамі будуць павялічаны да 15% ад зерневай групы і складуць 3400 гектараў, што амаль на 2,7 тысячы гектараў больш мінулагодняга. Пасеяць зернебабовыя трэба толькі ў чыстым выглядзе.

Крыніцай бялку з’яўляецца рапсавы шрот. Таму плошчы пад крыжакветнымі павінны ўзрасці да 6,5 тысячы гектараў, што больш леташняга амаль на 2,3 тысячы. Плошчы пад ільном у нашым раёне ўзрастуць на 300 і складуць 2400 гектараў. 5 тысяч гектараў зойме кукуруза. З улікам патрабаванняў сучаснай кормавытворчасці будуць праведзены адпаведныя работы па паляпшэнні кармавых угоддзяў, сенакосаў і пашы.

— Важнейшай умовай атрымання ўраджайнасці зерневых і зернебабовых, кармавых і іншых культур з’яўляецца якаснае насенне. Якая забяспечанасць ім сельгаспрадпрыемстваў раёна?

— Неабходная колькасць насення яравых зерневых засыпана ва ўсіх гаспадарках. Для іх сортаабнаўлення ёсць 230 тон элітнага насення зерневых у ААТ “Хацілы-агра”. Яно размеркавана сярод сельгасарганізацый і па­вінна быць выкуплена да 10 красавіка. У гэтым месяцы пад поў­ную патрэбнасць будзе завезена насенне кукурузы. Дагаворы на яго пастаўку заключыла ААТ “Пастаўскі малочны завод”. Сельгасарганізацыі будуць забяспечаны таксама насеннем рапсу і сродкамі аховы раслін. Вырашэннем гэтага пытання займаецца Віцебскі маслаэкстракцыйны завод. Ёсць складанасці з набыццём зернебабовых культур. Уласнага насеннага матэрыялу ў раёне недастаткова. Яго часткова могуць рэалізаваць толькі АБП “Рассвет Пастаўскі” і ААТ “Навасёлкі-Лучай”. Тым не менш выйсце будзе знойдзена.

— Сяргей Васільевіч, калі меркаваць па паведамленнях у рэспубліканскіх сродках масавай інфармацыі, то найбольш вузкім месцам у падрыхтоўцы многіх гаспадарак краіны да палявых работ з’яўляецца нізкая забяспечанасць мінеральнымі ўдабрэннямі. Якая сітуацыя ў нашым раёне?

— Пад яравую сяўбу трэба мець 13 тысяч 610 тон дзеючага рэчыва мінеральных удабрэнняў. Да тэхналагічнай патрэбнасці іх назапашана толькі 12,7%, у тым ліку азотных — 21%. Лепшую забяспечанасць маюць ААТ “Кураполле-агра”, “Хацілы-агра”, “Навасёлкі-Лучай”, філіял “Нафтазаводмантаж-агра”. Для набыцця мінеральных удабрэнняў адкрыта крэдытнае фінансаванне, выкарыстоўваюцца ўласныя сродкі, атрыманыя ад продажу збожжа. Становішча будзе выпраўляцца, аднак дэфіцыт мінеральных удабрэнняў не ўдасца ліквідаваць. Таму азотныя будуць выкарыстаны ў першую чаргу для таго, каб на плошчы 15,5 тысячы гектараў падкарміць стартавай дозай азімыя культуры ў пачатку аднаўлення вясенняй вегетацыі. Частка удабрэнняў пойдзе на падкормку пашы.

Пры дэфіцыце азоту важным рэзервам забеспячэння глебы пажыўнымі элементамі з’яўляецца арганіка. Пры плане 398 тысяч тон пад яравую сяўбу вывезена 60% арганічных угнаенняў.

— Каб выканаць у тэрмін і якасна названы вышэй комплекс палявых работ, трэба мець высокую гатоўнасць тэхнікі. Як вы ацэньваеце яе падрыхтоўку?

— У сельгаспрадпрыемствах раёна, нягледзячы на дэфіцыт грашовых сродкаў, выкананы немалы аб’ём работ. Адрамантаваны 363 трактары, 31 камбінаваны пасяўны агрэгат, 57 культыватараў, 35 раскідвальнікаў угнаенняў і шэраг іншай тэхнікі, якая будзе задзейнічана на веснавых палявых работах. Цяпер, напрыклад, на спецыялізаваных прадпрыемствах знаходзяцца чатыры рухавікі энерганасычаных трактароў. Рамонт кожнага абыдзецца ў сярэднім у 120-130 мільёнаў рублёў. Найбольш складанае становішча з гатоўнасцю трактароў і сельгасмашын у ААТ “Блакітныя азёры-агра”, “Парыж-агра”, “Янавіца-агра”, “Пастаўскі льнозавод”, СП “Дунілавічы-агра” і некаторых іншых.

З улікам арганізацыі двухзменнай работы энерганасычаных трактароў на перыяд сяўбы патрабуецца 416 механізатараў. У сельгаспрадпрыемствах ёсць 384. Астатнія будуць накіраваны з прадпрыемстваў і арганізацый раёна. І гэта трэба зрабіць неадкладна.

— Не сакрэт, што самай актуальнай праблемай на сённяшні дзень для большасці гаспадарак з’яўляецца дэфіцыт паліва. Па ўсім бачна, што без дапамогі дзяржавы не абысціся.

— Гэта сапраўды так. Днямі стала вядома, што для правя­дзення ўсяго комплексу веснавых палявых работ раёну выдзяляецца таварны крэдыт пад забеспячэнне гаспадарак дызельным палівам. Калі з яго выдачай не будзе затрымкі, то многія пытанні вырашацца аператыўней і якасней. У тым ліку ў больш сціслыя тэрміны ўдасца ўзараць 10,4 тысячы гектараў глебы, бо менавіта на такой плошчы не змаглі правесці зяблевае ворыва мінулагодняй восенню.

Сяўба не за гарамі. Завяршаючы падрыхтоўку матэрыяльна-тэхнічнай базы, у кожнай гаспадарцы трэба ў самыя бліжэйшыя дні распрацаваць і зацвердзіць рабочыя планы, вырашыць усе арганізацыйныя пытанні. З 28 сакавіка па 1 красавіка ў райсельгасхарчы будзе праведзена абарона мерапрыемстваў па гатоўнасці да веснавых палявых работ, прааналізаваны ход выканання рашэння раённага выканаўчага камітэта па гэтым пытанні. Яшчэ ёсць пэўны час, каб ухіліць недахопы, прывесці ўсё ў гатоўнасць. Важна тое, што ў нас шмат вопытных людзей, якія пры адпаведным матэрыяльным і тэхнічным забеспячэнні здольны правесці ўвесь комплекс веснавых палявых работ на належным тэхналагічным узроўні. А гэта галоўнае.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.