Традыцыя — быць лепшымі


З аператарам машыннага даення фермы “Хацілы” Вольгай Васільеўнай Курто знаёмы даўно. Але апошнім часам не бачыліся. Таму, сустрэўшы жанчыну на раённым злёце перадавікоў, найперш павіншаваў з перамогай у спаборніцтве  “Лепшы па прафесіі”, пацікавіўся справамі.

— Другі год на пенсіі, але прадаўжаю працаваць, — расказвала Вольга  Васільеўна. — Больш чым за два дзясяткі гадоў настолькі прывыкла да калектыву, што нават цяжка ўявіць жыццё без фермы. Па надоях малака ад каровы мы заўсёды былі на добрым рахунку ў гаспадарцы і раёне. І цяпер уступаем толькі  робатызаванаму комплексу ў Волахах. Але там і ўмовы, і тэхналогія  іншыя.

Сапраўды, сучасная фабрыка малака дае вялікую колькасць прадукцыі сортам “экстра”. Пры гэтым у сельгаспрадпрыемстве не ліквідавалі ні адной з чатырох дзеючых малочнатаварных ферм.  Наадварот, правялі вялікую работу па іх  далейшай  механізацыі, паляпшэнні ўмоў працы жывёлаводаў і ўтрымання дойнага статка. У свой час і ў Хацілах устанавілі малакаправод, механізавалі раздачу кармоў, абсталявалі прафілакторый для цялят, пляцоўку для выгулу кароў.

Доўгі час нязменным заставаўся калектыў даярак. На працягу многіх гадоў прозвішчы Галіны Малец, Вольгі Курто,  Наталлі  Барышавай  і Людмілы Кірплюк пастаянна называлі ў ліку лепшых жывёлаводаў Пастаўшчыны. Надоі малака ад каровы на ферме перавышалі пяць тысяч кілаграмаў. Цяпер з ранейшага складу засталіся  толькі Вольга Курто і Людміла Кірплюк. Летась дзве групы кароў  прынялі маладзейшыя аператары Валянціна Калінская і Іліта Абуховіч, падменнай даяркай прыйшла працаваць Алена Нікалаева. Абноўлены калектыў застаўся на ранейшых пазіцыях. І, як лічыць упраўляючы фермы Аляксей Васільевіч Мініч, ёсць усе падставы для росту прадукцыйнасці жывёлы, асабліва ў пашавы перыяд. Арыенцірам у гэтым служыць і сярэдні надой малака ў групе В. В. Курто, які летась склаў больш за 5400 кілаграмаў.

— Для вясковых жанчын работа на ферме была і застаецца асноўнай, — адзначыла яна. — Мы маем добрую заработную плату, якая залежыць ад колькасці і якасці атрыманага малака, выхадныя дні, водпускі. Галоўнае, каб праца была ў радасць, тады і вынікі — адпаведныя.

Вольга Васільеўна з ліку тых вясковых жанчын, якія рупяцца не толькі на асноўнай рабоце. Сям’я Курто мае вялікую гаспадарку.  Вось і на стале, за якім традыцыйна збяруцца ў святочны сакавіцкі дзень бацькі, дзеці і ўнукі,  будзе шмат страў, прыгатаваных з прадукцыі ўласнага падвор’я.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.