
Характарызуючы работу прадпрыемстваў грамадскага харчавання, намеснік дырэктара філіяла “Каапгандаль №1 Пастаўскага райспажыўтаварыства” Крысціна Мечыславаўна Красоўская адзначыла, што размешчаныя ў горадзе рэстаран, бары і кафэ адрозніваюцца не толькі назвай, але і інтэр’ерам, кухняй, абслугоўваннем. Моладзь і госці райцэнтра, напрыклад, аддаюць перавагу “Лагуне”, дзе вечарам у перадвыхадныя і выхадныя дні працуе адзіны ў Паставах дыскабар, праводзяцца шоу-праграмы і розныя выступленні з удзелам выканаўцаў са сталіцы. З улікам запытаў маладых фарміруецца меню, ёсць разнастайны выбар напіткаў. Звычайна больш наведвальнікаў бывае ў выхадныя і святочныя дні, летам. І гэта абавязкова ўлічвае адміністрацыя ўстановы.
“Лагуна” стала месцам правядзення вяселляў, юбілеяў, дзён нараджэння, сустрэч аднакласнікаў, карпаратыўных вечарын. Бар ахвотна наведваюць работнікі арганізацый і ўстаноў, якія размешчаны непадалёку, а таксама госці, тыя, каго камандзіравалі ў горад на працяглы час. І гэта невыпадкова. У звычайныя дні ўсяго за 30-35 тысяч рублёў тут можна хутка і смачна паесці, заказаўшы комплексны абед.

Той, хто хоць аднойчы карыстаўся паслугамі “Лагуны”, абавязкова захоча прыйсці сюды зноў. Повары і абслуговы персанал бара працуюць прафесійна, заўсёды з добрым настроем.
Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.